Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Краіна, можа, і ў ізаляцыі. Я ж сябе ў ізаляцыі не адчуваю”.


Радыё Свабода Зараз у Брусэлі знаходзіцца група лідэраў беларускіх дэмакратычных сілаў. Афіцыйная прапаганда цьвердзіць, што падобныя візыты вядуць краіну да палітычнай, эканамічнай ізаляцыі. Дэмакраты ў сваю чаргу лічаць, што апошняя – вынік дзеяньняў сёньняшняга кіраўніцтва Беларусі. А што думаюць мінакі на сталічных вуліцах?

“Я не адчуваю сябе ў ізаляцыі, я вельмі задаволеная ўсім”.

“Ня думаю, што мае бацькі адчуваюць сябе ізаляванымі...”

“Краіна, можа, і ў ізаляцыі. Я ж сябе ў ізаляцыі не адчуваю”.

“Канечне, адчуваю…”

“Я лічу, што наша краіна не дастаткова ізаляваная. Трэба зрабіць Вялікую Беларускую Сьцяну, каб не было экспарту рэвалюцыі. І тады мы будзем жыць шчасліва, бо будзем у сапраўднай ізаляцыі...”

“Наколькі я ведаю, зараз існуюць абмяжоўваньні для студэнтаў – у мяне таксама могуць узнікнуць такія праблемы”.

“Якая ізаляцыя, пакажыце вашае пасьведчаньне!”

“Ізаляцыя? У мінулым годзе мне не далі італьянскую візу. Штампанулі ў пашпарт адмову і не патлумачылі нават, за што…”

“Можна казаць пра ізаляцыю культурную. Абмінаючы тэму палітычнай ізаляцыі, хацелася б сказаць, што ніякай ізаляцыі не існуе на ўзроўні цывілізацыйным. Людзі засвойваюць тыя самыя тэхналёгіі, канцэпцыі свайго побыту, якія характэрныя для іхных аднагодкаў на Захадзе. А што да, уласна кажучы, разьвіцьця культуры, то гэта ня столькі ізаляцыя, навязаная звонку, колькі самаізаляцыя. Спроба жыць паводле нейкіх старых канонаў, якія запачаткаваныя ў часы сацрэалізму. Боязь кардынальных зьменаў”.

“Ізаляванасьць? Я адчуваю яе, калі трапляю ў краіны Эўрапейскага Зьвязу. Пытаньні – а як жа ў вас улады, а як там у вас усё адбываецца… Вось гэткае стаўленьне адчуваеш менавіта ў заходніх краінах. Беларусы гэтага не адчуваюць. Яны прызвычаіліся так жыць, так раўняцца на Расею, езьдзіць на Ўкраіну адпачываць, у Крым. А адчуваць сябе эўрапейцамі… Яны не зусім яшчэ могуць гэта ацаніць…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG