Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскі мастак Якавенка запрошаны ілюстраваць Дантэ


Радыё Свабода Гарадзенскі мастак Юры Якавенка супрацоўнічае з дабрачынным фондам з італьянскага гораду Сан-Бэнэдэта, якая зьбірае сродкі для беларускіх дзіцячых дамоў, наладжвае адпачынак дзяцей у Італіі.

Апрача іншага, фонд праводзіць выставы твораў беларускіх мастакоў і атрыманыя грошы выкарыстоўвае на дабрачынныя мэты. Юры Якавенка таксама наладзіў кантакты з італьянскім выдавецтвам “Калкас”, якое зацікавілася магчымасьцю выдаць паэзію Рыгора Барадуліна.

Юры Якавенка — аўтар мноства афортаў, вядомых у Эўропе. Ён гаворыць, што сам мастак няшмат атрымлівае за прададзеныя фондам з Сан-Бэнэдэта працы, але затое існуе магчымасьць наведаць Італію, арганізатары забясьпечваюць бясплатны пералёт і пражываньне.

Мастаку прапанавана цікавая праца выдавецтвам “Калкас”. Паводле яго, плянуецца прыцягнуць мастакоў з розных краінаў, каб яны праілюстравалі “Боскую камэдыю” Дантэ. Гэта будзе гэтак званая арт-кніга — вялікага фармату, на дарагой паперы, зробленая ўручную, верагодна накладам сто асобнікаў. Такія выданьні робяцца дзякуючы папярэдняй падпісцы: будучы ўладальнік аднаго асобніка плаціць уперад ад дзьвюх да трох тысяч эўра.

Італьянская выдавецтва ня супраць выдаць таксама невялікім накладам паэзію Рыгора Барадуліна. Адзіная праблема — якасны італьянскі пераклад, у Італіі знаўцаў беларускай мовы няма. Юры Якавенка гаворыць, што кніга можа нават быць невялікай: хаця б дзесяць-пятнаццаць вершаў перакласьці, але гэта будзе “штучны тавар”, мастацкі твор.

(Якавенка:) “Я расказваў, што Рыгор Барадулін і з Папам Рымскім сустракаўся, і кнігу сваю падараваў, іх гэта вельмі зацікавіла. Я казаў, што мы ў Беларусі плянуем яго на Нобэлеўскую прэмію вылучаць, і гэта іх таксама зацікавіла”.
XS
SM
MD
LG