Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычная неакрэсьленасьць у Ізраілі – меркаваньне "вяртанца"


Ігар Карней, Менск Палітычны лёс ізраільскага прэм’ер-міністра Арыэля Шарона практычна вырашаны: паводле лекараў, нават у выпадку стабілізацыі пасьля інсульту ягонае вяртаньне да дзяржаўных справаў выключанае. Аднак праблемы ў блізкаўсходнім рэгіёне ўзмацніліся ня толькі з хваробай Шарона, але і пасьля агалошаньня вынікаў выбараў у палестынскі парлямэнт, дзе бальшыню месцаў занялі прадстаўнікі групоўкі “Хамас”.

Кіраўніцтва “Хамас” не хавае, што ставіць за палітычную мэту “зьнішчэньне Ізраілю”, а ў якасьці галоўнай зброі актыўна выкарыстоўвае “сьмертнікаў”. Наш карэспандэнт пацікавіўся: якія настроі сярод выхадцаў зь Беларусі, якія колісь ад’ехалі ў Ізраіль, а таксама ў палестынцаў, якія жывуць у Беларусі?

Сям’я аршанца Ігара Шпалера ад’ехала ў Ізраіль пры канцы 1990-х. А днямі Шпалеры вярнуліся ў Воршу. Гаспадар сям’і кажа, што ўсё цяжэй жыць у краіне, якая існуе ва ўмовах “пэрманэнтнай вайны”. Да таго ж, хвароба Арыэля Шарона прычынілася да палітычнага вакуўму, што аб’ектыўна спрыяе апанэнтам ізраільскага кіраўніцтва.

(Шпалер: ) “Маё асабістае меркаваньне – “мяккая рука” у Ізраілі не прыжывецца. Вось была больш-меньш “мяккая рука” Барака. Ну, і што? Ён аддаваў арабам усё, што яны прасілі. А, як шмат хто лічыць у Ізраілі (а людзі стагодзьдзямі жывуць побач) – гэта народ, які разумее і паважае толькі моцнага. Слабога яны не паважаюць. І гэта не стэрэатып”.

Паводле майго суразмоўцы, Арыэль Шарон не такі радыкальны палітык, як можа скласьціся ўражаньне ад ягонай публічнай рашучасьці. Аднак перамога ў часе парлямэнцкіх выбараў у Палестынскай аўтаноміі актывістаў “Хамасу” можа запатрабаваць ад пераемнікаў Шарона якраз большай жорсткасьці.

(Шпалер: ) “Шарон займае цэнтрысцкую пазыцыю. Чаму ён урэшце і прыйшоў да стварэньня партыі “Кадзіма”, сышоўшы з “Лікуда”? (“Лікуд” – правая партыя “ястрабаў”). Шарон на такой пазыцыі: саступкі мусяць быць двухбаковыя. Калі мы сыходзім з Газы, вы спыняеце тэракты. І ў гэтым сэнсе Шарон – чалавек, які мог вывесьці Ізраіль у бліжэйшыя гадоў 10 да стабільнасьці на ўзаемных саступках.

Правыя (у “Лікудзе застаўся Нэтаньягу) ня хочуць саступаць ніколькі, левыя гатовыя аддаць усё. Плян урэгуляваньня блізкаўсходняга канфлікту “Дарожная карта” (пагадненьне паміж амэрыканцамі, ізраільцамі і палестынцамі) – якраз плян ўзаемных саступак, які мог ажыцьцявіць Шарон. Я ня бачу іншага лідэра. Можна казаць, што там увогуле вакуўм ва ўладзе – няма чалавека, які атрымаў бы ад арабаў у абмен на тэрыторыі ці на штосьці іншае нармалёвыя адносіны”.

***

Палестынец Ахмэд Закір пасьля вучобы ў Белдзяржуніверсытэце застаўся ў Менску. Ён – саўладальнік адной са сталічных рэстарацый. Штодня праглядае спадарожнікавы канал Палестынскай аўтаноміі, кожны раз спадзеючыся пачуць добрыя навіны з радзімы. Аднак пасьля прыходу ў парлямэнт групоўкі “Хамас” такіх спадзяваньняў усё меней, – канстатуе Ахмэд Закір.

(Закір: ) “Калі вас цікавіць маё меркаваньне, дык праблемы з Ізраілем трэба вырашаць толькі перамовамі. Узброенае супрацьстаяньне нічога не дае: гэта яскрава засьведчыў ранейшы шматгадовы канфлікт зь Лібанам, гэта паўтараецца цяпер з “Хамасам”. На жаль, палестынскія палітыкі ў масе сваёй вельмі радыкальныя, а цяпер, калі сышоў з арэны Шарон, кожны зь іх імкнецца пераўзыйсьці адзін аднаго ў антыізраільскай рыторыцы. І ў такой пазыцыі шмат староньнікаў. Але пры гэтым ніхто не задаецца пытаньнем: за столькі гадоў столькі загіблых – дзеля чаго?”

***

Перад пагрозай палітычнай нявызначанасьці ў Ізраілі кансалідуюцца нават ідэйныя апанэнты. Аднак заняць вакантнае месца на тле разважлівай палітыкі Шарона, на думку Ігара Шпалера, здолее ня кожны.

(Шпалер: ) “Справа ў тым, што Шарона паважалі як правыя, так і левыя. І нават у якойсьці ступені арабы – можа баяліся, а можа і паважалі. Бо, дзе трэба, ён праводзіў жорсткую палітыку, а дзесьці быў ляяльны. Яскравая палітыка "кнута і перніка": дзесьці мякчэй, дзесьці больш жорстка. Чалавек валодаў сытуацыяй. Дый ня дзіўна – баявы генэрал, выдатна ведае арабаў, іх мэнтальнасьць, ведае, дзе можна чымсьці паступіцца, а дзе варта праявіць жорсткасьць. Цяпер я ня ведаю палітыкаў, якія гэтак жа маглі б лавіраваць паміж левымі і правымі, паміж арабамі і ізраільцамі. Хоць, можа, гэта надалей праявіцца і якісьці палітык зьявіцца”.

Мой суразмоўца прагназуе, што неакрэсьленасьць ва ўладзе можа выклікаць адток з Ізраілю выхадцаў зь іншых краінаў, паколькі на першае месца выходзіць хваляваньне за ўласную бясьпеку.
XS
SM
MD
LG