Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз – за санкцыі супраць афіцыйнага Менску


Радыё Свабода Кіраўнікі замежнапалітычных ведамстваў Эўрапейскага Зьвязу заявілі 30 студзеня ў Брусэлі пра сваю гатовасьць уважліва адсочваць сытуацыю ў Беларусі ды пашырыць дыпляматычныя санкцыі супраць афіцыйнага Менску ў выпадку ягонай адмовы адпавядаць міжнародным стандартам ў выбарчым працэсе. Пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі, якая была прынятая сёньня на паседжаньні Рады эўрапейскіх міністраў у Брусэлі.

Як вынікае з дакумэнту, Рада міністраў Эўразьвязу выказвае глыбокую заклапочанасьць у зьвязку з пагаршэньнем палітычнай сытуацыі, стану правоў чалавека і дэмакратычных свабодаў у Беларусі.

Рада чарговы раз зьвяртаецца да беларускіх уладаў з тым, каб тыя гарантавалі, што прэзыдэнцкія выбары 19 сакавіка пройдуць свабодна і празрыста ў адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі і патрабаваньнямі ААН і АБСЭ.

Рада вітае той факт, што беларускія ўлады запрасілі на выбары назіральнікаў АБСЭ і выказвае гатовасьць дзяржаваў-сябраў зрабіць своечасовы і адэкватны ўнёсак у гэтую місію.

Рада міністраў імкнецца пераканаць беларускія ўлады ў тым:

– каб гэтая місія назіраньня ад АБСЭ магла дзейнічаць у Беларусі бесперашкодна;

– каб усе прыдатныя кандыдаты мелі магчымасьць зарэгістравацца, свабодна праводзіць выбарчую кампанію, мець роўны доступ да дзяржаўных мэдыяў;

– каб ўсе айчынныя і замежныя мэдыі мелі магчымасьць свабодна інфармаваць пра выбарчы працэс;

– каб ў часе прэзыдэнцкіх выбараў былі выкананыя ўсе рэкамэндацыі АБСЭ ад 17 кастрычніка 2004.

Рада працягвае грунтоўна адсочваць сытуацыю ў Беларусі. Яна заяўляе пра сваю гатовасьць пашырыць санкцыі супраць адказных беларускіх чыноўнікаў у выпадку адмовы падтрымаць міжнародныя стандарты ў выбарчым працэсе.

Рада будзе надалей падтрымліваць працэс дэмакратызацыі і разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі і заахвочваць інтэнсыфікацыю кантактаў паміж грамадзянамі Эўразьвязу і Беларусі. Рада нагадвае, што Эўразьвяз імкнецца мець лепшыя дачыненьні зь Беларусьсю ў адпаведнасьці з эўрапейскай палітыкай добрасуседзтва пры ўмове, што беларускія ўлады “прадэманструюць сваю павагу да дэмакратычных каштоўнасьцяў, правоў чалавека і вяршэнства закону”.

Дакумэнт па Беларусі прыняты абсалютнай большасьцю галасоў. Паведамляецца, што ў часе дэбатаў па беларускім пытаньні на паседжаньні Рады міністраў прысутнічаў адзін зь лідэраў беларускай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч.

Гл. таксама • А.Мілінкевіч правёў сустрэчы з кіраўнікамі Эўразьвязу • Эўропа ня хоча спрашчаць візавы рэжым для беларусаў
XS
SM
MD
LG