Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч: Сатэлітны тэлеканал для Беларусі запрацуе яшчэ да выбараў


Радыё Свабода Патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта Беларусі Аляксандар Мілінкевіч, які цяпер знаходзіцца ў Брусэлі, 1 лютага правядзе перамовы з кіраўніком Эўракамісіі (выканаўчай улады Эўразьвязу) Мануэлем Барозам. Да апошняга часу рашэньне аб гэтай сустрэчы было нявырашаным. Аднак сёньня ўвечары, паводле Аляксандрам Мілінкевіча, усе дэталі маючай адбыцца размовы былі ўдакладненыя.

Наш званок у Брусэль застаў Аляксандра Мілінкевіча за некалькі хвілінаў да пачатку размовы з Уільямам Хэйгам – лідэрам кансэрватыўнай партыі Вялікай Брытаніі. Кіраўнік партыі, якая апошнім часам значна павялічыла свой рэйтынг сярод брытанцаў, пажадаў сустрэцца з кандыдатам на прэзыдэнты Беларусі, якога абралі на Кангрэсе дэмакратычных сілаў.

Сустрэча са спадаром Хэйгам – апошняя ў сёньняшняй праграме знаходжаньня дэлегацыі беларускіх дэмакратаў у Бэльгіі, і таму я мог запытаць спадара Мілінкевіча аб яго ўражаньнях ад першага дня. Мой суразмоўца аказаўся вельмі задаволены:

(Мілінкевіч: ) "Выдатныя ўражаньні. Мала таго, што сустрэчы на надзвычай высокім узроўні, якіх раней не было для нашых дэмакратычных сілаў. Яшчэ адзначу, што размовы былі надзвычай канкрэтнымі. Ня проста маральная падтрымка. І гэта вельмі важна".

Сёньня раніцай, і пра гэта мы ўжо апавядалі раней, Аляксандар Мілінкевіч меў размову сам-насам з эўракамісарам у зьнешніх сувязях і палітыцы эўрапейскага суседзтва Бэнітай Фэрэра-Вальднэр. Размова доўжылася 50 хвілінаў. Я спытаў спадара Мілінкевіча, што ён можа распавесьці пра гэтую размову?

(Мілінкевіч: ) "Гаворка ішла пра канкрэтную працу Эўракамісіі на Беларусі. Як вядома, у нас праграма TACIS ужо даўно не працуе як мае быць. Справа ў тым, што любы праект тут мусіць узгадняцца зь беларускімі афіцыйнымі ўладамі. Але ж нашая ўлада не ўзгадняе праекты для грамадзянскай супольнасьці, і яны проста выпадаюць з плянаў.

Эўропа ня мае звычкі зьмяняць агульныя правілы дзеля адной краіны. Але, падобна, яны разумеюць, што супрацоўніцтва з уладай у іх ня будзе. Яшчэ ёсьць іншыя праграмы, прынамсі, падтрымкі мэдыяў. І яны ўпэўненыя, што да выбараў запрацуе яшчэ і сатэлітнае тэлэбачаньне для Беларусі".

Аляксандар Мілінкевіч таксама паведаміў, што ён выказаў пажаданьне на адрас Бэніты Фэрэра-Вальднэр, каб спросьціць візавы рэжым для грамадзянаў Беларусі. Гэта, на думку патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнты, будзе добрым адказам на палітыку самаізаляцыі беларускага кіраўніцтва.

Гл. таксама • Эўропа ня хоча спрашчаць візавы рэжым для беларусаў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG