Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч: "Швэдзкія сацыял-дэмакраты будуць дыстанцыявацца ад Казуліна"


Радыё Свабода Міколу Статкевіча наведаў старшыня сацыял-дэмакратычнай партыі Швэцыі Ўрбан Алін. Апазыцыйны палітык адбывае пакараньне на “хіміі” ў Баранавічах за арганізацыю вулічных дэманстрацый на знак пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму ў кастрычніку 2004 году.

Мікола Статкевіч паведаміў Радыё Свабода, што яго партыя шэсьць гадоў супрацоўнічае са швэдзкімі сацыял-дэмакратамі. Візыт старшыні міжнароднай камісіі Рыгздагу Швэцыі, на думку, Міколы Статкевіча ёсьць сьведчаньнем падтрымкі ягонай партыі.

(Статкевіч: ) “Гэты візыт сьведчыць пра падтрымку беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” з боку кіраўніцтва сацыял-дэмакратычнай партыі Швэцыі. Спадар Алін зьяўляецца сябрам кіраўніцтва партыі. Ён доўгі час працуе зь Беларусьсю. Ён казаў, што будзе імкнуцца актывізаваць супрацоўніцтва паміж нашымі партыямі. Таксама ён закрануў пытаньне клона, створанага ўладай. Ён сказаў, што швэдзкія сацыял-дэмакраты будуць дыстанцяавацца ад спадара Казуліна”.

Урбан Алін цікавіўся, ці будзе Мікола Статкевіч зноў рэгістраваць партыю.

(Статкевіч: ) “Я патлумачыў, што пры гэтай уладзе гэта ня мае сэнсу, бо ў нас няма зарэгістраваных структур у рэгіёнах, як і ва ўсіх партыяў. Апроч таго, можна, як год таму нарвацца на сытуацыю, каб зноў стварылі клон, каб зноў з Міністэрства юстыцыі прызначалі новых кіраўнікоў партыі.

Мы шукаем формы легальныя для працы, бо цяпер пад нас прыняты цэлы закон: дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. А гэта да трох гадоў турэмнага зьняволеньня. А за межамі Беларусі сытуацыю мы мяняць ня будзем. Партыя захоўвае сяброўства ў сацыялістычным Інтэрнацыянале. Блытаць нашых замежных партнэраў мы ня будзем”.

Мікола Статкевіч паведаміў, што ён атрымаў лісты падтрымкі ад старшыні сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны, ад сацыял-дэмакратаў Чэхіі, а таксама ад сяброў Сацыялістычнай партыі Ўкраіны.

Сацыял-дэмакраты Галяндыі распачалі акцыю падтрымкі Міколы Статкевіча. Яны правялі пікет у падтрымку палітвязьня, сябры партыі ініцыявалі лісты ў Баранавічы ад грамадзянаў Галяндыі. Старшыня Сацінтэрну Луіс Аяла даслаў ліст Міколу Статкевічу аб тым, што мае намер наведаць апазыцыйнага палітыка цягам месяцу.
XS
SM
MD
LG