Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Крол падарыў Менску помнік Касьцюшкі


Радыё Свабода Адзіны ў Менску помнік нацыянальнаму герою Беларусі, Польшчы і ЗША, ганароваму грамадзяніну Францыі, кіраўніку вызвольнага паўстаньня 1794 года Тадэвушу Касьцюшку усталяваны на тэрыторыі амбасады ЗША на вуліцы Старавіленскай у Менску паводле ініцыятывы і за грошы амбасадара Злучаных Штатаў у Беларусі Джорджа Крола. Амбасадар спадзяецца, што неўзабаве ў Беларусі з’явяцца і новыя помнікі, бо герой таго варты.

Сёлета ў лютым будуць адзначаць 260-я ўгодкі з дня нараджэньня Тадэвуша Касьцюшкі. На ягонай радзіме ў фальварку Мерачоўшчына ля Косава пройдуць урачыстасьці, у якіх зьбіраецца прыняць удзел і амбасадар ЗША Джордж Крол. Амбасада ЗША фінансава спрыяла аднаўленьню сядзібы Касьцюшкаў у Мерачоўшчыне. Гаворыць амбасадар Джордж Крол:

(Крол: ) “Але мы ня лічым, што гэта падарунак, гэта наш доўг, і ня толькі Касьцюшку, але доўг беларускаму народу, які падарыў нам, амэрыканцам, гэтага выдатнага чалавека”.

Амбсадар Крол сапраўды захоплены постацьцю Касьцюшкі, тым, як той змагаўся за свабоду розных народаў, як заклікаў Джорджа Вашыгтона да скасаваньня рабства ў Амэрыцы, як сам вызваліў сваіх прыгонных у Рэчы Паспалітай.

(Крол: ) “Ён навучаў амэрыканцаў, нават першага прэзыдэнта Амэрыкі, што гэта дрэнна, і гэта дрэнна не для вас, Вашынгтона як чалавека, а для амэрыканскай нацыі. І ён меў рацыю, бо празь некалькі гадоў была крывавая грамадзянская вайна”.

Джордж Крол ініцыцяваў і фінансаваў усталяваньне ў Менску на тэрыторыі амбасады бюста Тадэвуша Касьцюшкі. Постаць Касьцюшкі аб’ядноўвае беларускі і амэрыканскі народы, таксама як і палякаў, літоўцаў, французаў, якія лічаць яго сваім героем, – перакананы спадар Крол.

Аўтарам помніку Касьцюшку ля амэрыканскай амбасады ў Менску зьяўляецца скульптар Алесь Шатэрнік. Ён згадвае, што былі пляны ўсталяваньня помніка Тадэвушу Касьцюшку ў Менску яшчэ ў 1994 годзе, калі адзначалася 200-годзе вызвольнага паўстаньня, аднак задумы і праекты гэтыя так і не былі зрэалізаваныя.

(Шатэрнік: ) “Вы ж ведаеце стаўленьне нашых уладаў да нацыянальных герояў. І ўвогуле, у нас жа гісторыя пачынаецца з другой сусьветнай вайны, а да гэтага цікавасьці мала”.
XS
SM
MD
LG