Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што дамовіліся штабы Казуліна і Мілінкевіча?


Радыё Свабода Сёньня ўвечары прайшлі перамовы дэлегацый перадвыбарчых штабоў кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча і лідэра БСДП “Грамада” Аляксандра Казуліна ў сувязі са зваротам апошняга ад 27 сьнежня. Тады Казулін прапанаваў Мілінкевічу правесьці перамовы наконт ўзаемнай падтрымкі, калі не зарэгіструюць кандыдатам аднаго зь іх.

Сёньня ў першым раундзе перамоваў штаб Казуліна прадстаўлялі Мечыслаў Грыб, Уладзімер Нісьцюк і Аляксей Кароль, штаб Мілінкевіча – Віктар Карніенка, Віктар Івашкевіч і Валеры Ухналёў.

Уладзімер Нісьцюк задаволены вынікам перамоваў, хоць, прызнае, што па галоўным пытаньні бакі да згоды не дайшлі.

(Нісьцюк: ) “Па-першае, тое, што мы не пасварыліся, – гэта ўжо добры вынік, бо як будаваліся стасункі паміж дзьвюма камандамі за апошні год, то асаблівай надзеі на канструктыўныя кансультацыі не было. Мы абмеркавалі пытаньні, якія ставілі ў сваім лісьце да Аляксандра Мілінкевіча. Зараз вельмі актуальна, як будзе паводзіць сябе кожны з дэмакратычных кандыдатаў, калі некага зь іх не зарэгіструе ЦВК”.

Спадар Нісьцюк паведаміў, што ад імя Казуліна было заяўлена пра гатоўнасьць разам з усёй камандай у выпадку ягонай нерэгістрацыі працаваць на Мілінкевіча, калі таго зарэгіструюць.

Прадстаўнікі штабу Мілінкевіча ў адказ заявілі, што такая дамова дасьць магчымасьць уладам выбраць сабе больш зручнага кандыдата і прапанавалі яшчэ да працэдуры рэгістрацыі дамовіцца пра тое, каб застаўся адзін дэмакратычны кандыдат і вызначыць крытэры такога выбару,– паведаміў іншы ўдзельнік кансультацыяў Віктар Івашкевіч.

Перамоўшчыкі пагадзіліся абмеркаваць гэтыя пазыцыі са сваім кіраўніцтвам, і ў прыватнасьці гэтае пытаньне мусіць быць абмеркаванае на паседжаньні Палітычнай рады апазыцыйнай кааліцыі 4 лютага.

Да пазытыўных вынікаў перамоваў Віктар Івашкевіч аднёс дамоўленасьць пра далейшыя сустрэчы з мэтай выпрацоўкі мэханізмаў супрацьдзеяньня магчымым фальсыфікацыям. Кантакты паміж цэнтральнымі і рэгіянальнымі штабамі Мілінкевіча і Казуліна будуць адбывацца на сталай аснове. Бакі таксама дамовіліся ўстрымлівацца ад узаемнай неабгрунтаванай крытыкі.
XS
SM
MD
LG