Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто плаціць за беларускую дэмакратыю?


Радыё Свабода “Ці трэба пасьля перамогі дэмакратычных сілаў аддаваць грошы, выдаткаваныя на дэмакратыю ў Беларусі?” Сёньня на пытаньні слухачоў Радыё Свабода адказваюць Аляксандар Дабравольскі, Алег Гулак, Алесь Бяляцкі, Уладзімер Нісьцюк.

Слухач, які не назваўся, даслаў SMS-пытаньне: “Ці трэба будзе пасьля перамогі дэмакратычных сілаў аддаваць грошы, выдаткаваныя на ўсталяваньне дэмакратыі ў Беларусі?”

На пытаньне адказвае намесьнік кіраўніка штабу Аляксандра Мілінкевіча, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі:

(Дабравольскі: ) “Лічу такое пытаньне вынікам прапаганды і таго, што неаднаразова казаў Лукашэнка. Ніякіх грошай ніякім спонсарам ня трэба вяртаць. Таму што людзі, якія знаходзяцца, каб падтрымаць кампанію Мілінкевіча, робяць гэта сумленна і не патрабуюць ніякіх вяртаньняў. Наш абавязак перад тым, хто дапамагае, толькі адзін — зрабіць усё шчыра і добра. Што мы і зьбіраемся рабіць”.

***

Пытаньне неназванага слухача: “Я па “Свабодзе” пачуў, што два грамадзяніны нашай краіны падалі ў Канстытуцыйны суд запыт наконт законнасьці апошняга рэфэрэндуму. А куды падзеліся Хэльсынскі камітэт, “Вясна”, “Хартыя-97”, партыі, Лябедзька, Калякін, Вячорка? Чаму яны запыту не паслалі?”

Слухачу адказвае Алег Гулак, выканаўчы дырэктар Беларускага Хэльсынскага камітэту:

(Гулак: ) “Гэтае пытаньне рыхтуецца цяпер. Але мы пазбаўленыя мэханізмаў. Паглядзім, што зробіць Канстытуцыйны суд. Але я і цяпер магу сказаць, што Канстытуцыйны суд заявіць: зьвяртайцеся да тых суб’ектаў, якія маюць права так званай канстытуцыйнай скаргі. У адпаведнасьці з Канстытуцыяй, Канстытуцыйны суд абавязаны разгледзець зварот, які зроблены кожнай з палатаў парлямэнту, Вярхоўным Судом, Вышэйшым гаспадарчым судом, Саветам Міністраў і самім прэзыдэнтам. Грамадзяне і грамадзкія арганізацыі, палітычныя партыі такім правам не надзелены, такімі суб’ектамі не зьяўляюцца”.

Алесь Бяляцкі, кіраўнік зьліквідаванай грамадзкай арганізацыі “Вясна”:

(Бяляцкі: ) “Ня маем права — як зьліквідаваная арганізацыя. У Канстытуцыйны суд могуць зьвяртацца толькі пэўныя структуры. Грамадзяне і грамадзкія арганізацыі ня маюць права зьвяртацца ў Канстытуцыйны суд з запытам”.

***

Пытаньне слухача: “Наконт Казуліна: ці задаваў хто яму пытаньне пра арганізацыю “Воля народу”? Што зь ёй сталася, ці згадвае яе хто-небудзь, апрача мяне?”

На пытаньне слухача адказвае Ўладзімер Нісьцюк, намесьнік Сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”, адзін з кіраўнікоў штабу Аляксандра Казуліна:

(Нісьцюк:) “Арганізацыі “Воля народу” ніколі не было. Быў створаны аргкамітэт, які ўзначаліў Казулін. Мне бачыцца, што пасьля выбарчых дзеяньняў, якія мы цяпер ажыцьцяўляем, гэты рух будзе разгортвацца і працаваць. І будзе спроба яго рэгістраваць. Таму што адзін з нашых прынцыпаў — максымальна працаваць у межах дзейнага заканадаўства”.
XS
SM
MD
LG