Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Навошта Свабода дае слова прыхільнікам Лукашэнкі?”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Сярод слухачоў “Свабоды” — людзі розных палітычных поглядаў і перакананьняў. Нямала і такіх, хто зь недаверам ставіцца да дэмакратычных ідэяў і палітыкі заходніх дзяржаў, і цалкам падзяляе цяперашні афіцыйны курс беларускага кіраўніцтва. Многія зь іх часта пішуць і тэлефануюць, дыскутуюць, задаюць пытаньні. Тое, што галасы і лісты такіх слухачоў гучаць на нашых хвалях, часам выклікае супярэчлівую рэакцыю з боку іх апанэнтаў.

Сёньняшні агляд пошты пачну з двух менавіта такіх лістоў. Вось што піша Аляксандар Салагуб з Маладэчна:

“Для мяне вялікая радасьць уключаць прыймач і слухаць слова “Свабоды”. Шчыры дзякуй за сумленную працу, за цікавыя перадачы. Але ёсьць адна невялікая парада. Можа, менш чытайце лісты прымітыўных недалёкіх слухачоў — апантаных абаронцаў рэжыму. У іх дастаткова трыбунаў у Беларусі. Ну, напрыклад, устаўляеце вы ў праграму пытаньне пра тое, чаму Мілінкевіч езьдзіў у Францыю, альбо чытаеце допісы адыёзных бабулек-прыхільніц дзейнага прэзыдэнта. Калі вы гэта робіце, дык становіцеся падобнымі на нашы дзяржаўныя мэдыі — там увогуле, апроч прыхільнікаў Лукашэнкі, нікому слова не даюць”.

Не пагаджуся з вамі, спадар Салагуб. Вось калі б мы пачалі адфільтроўваць лісты і тэлефанаваньні, выкарыстоўваць у праграме толькі тыя зь іх, якія на карысьць нейкім палітычным партыям і асобам — тады б і сталі падобнымі да дзяржаўных мэдыяў. Відавочна, сам вы прыхільнік дэмакратычных каштоўнасьцяў, і ў вас выклікаюць пратэст сьцьвярджэньні і меркаваньні нядобразычліўцаў дэмакратычнага ладу. Але ж гэтыя людзі складаюць немалую частку грамадзтва. Многія зь іх гэтак сама, як і вы, слухаюць “Свабоду”, пішуць лісты, задаюць пытаньні і чакаюць на іх сумленных адказаў. Наш прынцып — быць праўдзівымі і аб’ектыўнымі, падаваць поўную і ўсебаковую інфармацыю. А слухачы, ведаючы ўсю разнастайнасьць зьвестак і меркаваньняў, самі здольныя сфармаваць уласны пункт гледжаньня на тую ці іншую праблему.

Гэтыя словы я адрасую ня толькі Аляксандру Салагубу з Маладэчна, але і Тодару Курылу зь вёскі Супраўшчына Лідзкага раёну. Спадар Курыла напісаў, пачуўшы 11 студзеня ліст нашай актыўнай слухачкі і апанэнткі Яўгеніі Кучынскай з пасёлку Радунь Воранаўскага раёну. Спадарыня Кучынская — адна з тых, хто мяркуе, што годнай альтэрнатывы дзейнаму прэзыдэнту на сёньня няма, і што эканамічнае становішча Беларусі значна лепшае, чым у іншых краінах Усходняй Эўропы (у прыватнасьці, у Польшчы і Літве). Тодар Курыла з нагоды пачутага піша:

“Не апраўдвайцеся, спадар Жданко, перад нейкай там Кучынскай і падобных да яе. Той, хто слухае вас, сам правільна ацэніць іх. А ўвогуле, я вашы меркаваньні цаню, хаця і не заўсёды згодзен з вамі. Важна, што ў вас ёсьць пазыцыя”.

У сваім лісьце Тодар Курыла таксама выказвае ўласны пункт гледжаньня пра вартасьці і заганы палітыкаў, якія прэтэндуюць на ўдзел у хуткіх выбарах у якасьці кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта. Яшчэ адзін фрагмэнт зь ліста:

“Пра Сяргея Гайдукевіча. Цяпер ён сьцьвярджае, што не хацеў сваім шматмільённым пазовам зьнішчыць яе, а імкнуўся толькі да справядлівасьці. Калі вы такі справядлівы, спадар Гайдукевіч, дык чаму не падалі пазову на рубель ці два? Галоўнае ж — прынцып, а ня грошы. А стомільённы штраф мог канчаткова зьнішчыць “Народную Волю”. Што да іншых прэтэндэнтаў, то акадэмік, былы рэктар і генэрал, лічу, кіруюцца пераважна ўласнымі амбіцыямі. Наконт Зянона Пазьняка. Мяркую, яму трэба прыцішыць рэзкія, жорсткія антыкамуністычныя ды антырасейскія выказваньні. Гэта адштурхоўвае ад яго многіх людзей. Але ў цэлым і ён, і Аляксандар Мілінкевіч — дастойныя кандыдаты”.

Празь некалькі дзён, спадар Курыла, стане вядома, хто з гэтых палітыкаў будзе працягваць барацьбу за прэзыдэнцтва — чыё прозьвішча трапіць у выбарчыя бюлетэні. Што да імёнаў Сяргея Гайдукевіча і Зянона Пазьняка, то беларускім выбаршчыкам яны добра вядомыя, гэтыя палітыкі за апошнія пятнаццаць год удзельнічалі ў шматлікіх выбарчых кампаніях. Уяўленьне пра іх у грамадзкай сьвядомасьці даўно склалася і замацавалася, многія нават лічаць — яно стала стэрэатыпным. І наўрад ці гэтае ўяўленьне ў апошні момант можна нейкім кардынальным чынам зьмяніць, нават перагледзеўшы ранейшыя лёзунгі і стаўшы больш памяркоўным і асьцярожным у выказваньнях. А зрэшты, Зянон Пазьняк, як стала вядома ў мінулы чацьвер, ужо адмовіўся ад далейшага ўдзелу ў выбарчай кампаніі.

У аглядзе пошты 25 сьнежня мінулага году я цытаваў ліст Уладзіслава Жыгалкі зь Менску. Слухач разважаў пра тое, што ў Беларусі людзям цяжка рэалізаваць свае магчымасьці і знайсьці працу, якая б, з аднаго боку, не была зьвязана зь дзяржаўнай службай, а з другога — годна аплачвалася б. Я зьвяртаў увагу слухача на тое, што такая праца ўсё ж ёсьць. Найперш гэта сфэра дробнага гандлю, прадпрымальніцтва. Людзі гандлююць на рынках, адкрываюць уласныя майстэрні і кавярні, працуюць у аўтасэрвісе і прыватных цырульнях, шыюць і рамантуюць адзеньне… Нягледзячы на ўсе перашкоды, прыватная прадпрымальнасьць на кожным кроку дэманструе перавагу над дзяржаўнай абыякавасьцю чыноўнікаў-распарадчыкаў… Вядома, гэта цяжкая праца і высокая адказнасьць, галаўны боль, рызыка, а часам і няўдачы. Але адначасова гэта і незалежнасьць, і пэрспэктыва. І дабрабыт, зароблены ўласнымі рукамі і розумам.

З маімі меркаваньнямі не пагадзіўся Васіль Ігнаценка з Бэльгіі, які да эміграцыі быў палітычным актывістам і жыў у Віцебску. У сваім электронным лісьце ён піша:

“Я думаю, проста вы, спадар Валянцін, зусім не ўяўляеце, што такое прыватны бізнэс, асабліва ў Беларусі... Пры сыстэме ліцэнзаваньня, дазволаў, падатковай палітыцы ды іншым... Дырэктар прыватнай фірмы АБАВЯЗАНЫ мець пасьведчаньне дырэктара, якое выдаецца (калі падрыхтуеш шмат папераў, за грошы) у выканкаме. Я бачыў, як у Віцебску ўвечары з крыкам “Ну, не магу я больш зарабіць!”, зь сёмага паверху з балькона выкінуўся мужчына... Сапраўды, як прыстойна зарабляць, каб і сам, і жонка, і дзеці былі задаволены жыцьцём?

Улада пайшла простым шляхам: вырашыла задушыць іншадумства фінансава. Калі няма грошай, асабліва не памітынгуеш: дзеці лямант падымуць, есьці папросяць. Жонка сварыцца будзе: “Паглядзі, людзі ў палітыку ня лезуць, і вунь жывуць лепей. І машынка замежная, і лецішча з агародзікам, і на рынак на экскурсію раз на месяц выходзяць”. Я якраз і быў прыватным прадпрымальнікам, жонка мела вытворчую фірму, шыла жаночае адзеньне. Дванаццаць чалавек заробак атрымлівалі (без затрымак, вышэй за сярэдні)”.

Далей у сваім лісьце Васіль Ігнаценка падрабязна апісвае гісторыю шматлікіх праверак і штрафаў, якія абрынуліся на іхны сямейны бізнэс пасьля таго, як ён вырашыў займацца палітычнай дзейнасьцю і, у прыватнасьці, кіраваў выбарчай кампаніяй гарадзкой партыйнай арганізацыі “Народнай Грамады”. А заканчвае слухач свой ліст на “Свабоду” наступнай заўвагай:

“Магчыма, у Менску альбо ў буйных гарадах можна некаторы час пратрымацца. А як у невялікіх мястэчках, дзе прадпрыемства — адно на навакольле? Які дробны бізнэс? Я думаю, каб мы зламаліся, адмовіліся ад палітыкі, мы б і цяпер нядрэнна жылі дома: мы мелі і машыну, і лецішча з лазьняй, і добры сад, і адпачывалі на Чорным моры (іншы год і два разы)”.

Ваш аповед, спадар Ігнаценка, зусім не супярэчыць маёй завочнай дыскусіі з Уладзіславам Жыгалкам, што прагучала ў сьнежні. Гаворачы пра магчымасьць людзей у Беларусі займацца прыватным бізнэсам, я зусім ня меў на ўвазе, што такі бізнэс у беларускіх умовах магчыма спалучаць з актыўнай палітычнай дзейнасьцю. Вядома шмат прыкладаў, калі такое спалучэньне заканчвалася ня тое што вымушанай палітэміграцыяй, але нават і турмой. Размова пра тое, што цэлая кляса дробных прыватных прадпрымальнікаў у Беларусі, нягледзячы на ўсе перашкоды, усё ж існуе, дзейнічае. І гэтыя людзі, якія маюць уласную справу, пачуваюцца непараўнальна больш свабоднымі (у тым ліку і ў сваіх палітычных выказваньнях і схільнасьцях), чым зьвязаныя кантрактам і цалкам залежныя ад аміністрацыі супрацоўнікі дзяржаўных установаў і прадпрыемстваў.

Цягам апошніх дзён нам таксама напісалі Яўген Чарнавец зь вёскі Калодзежы Чэрвеньскага раёну, Генадзь Наскоў зь Івацэвічаў, Леанід Кулеш зь вёскі Сіняўка Клецкага раёну, Алег Сьмяшкоў з Магілёва, Алена Паўлянская зь Бешанковічаў і Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG