Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра якія сьпісы назіральнікаў АБСЭ гаварыў сакратар ЦВК?


Радыё Свабода Сёньня на прэсавай канфэрэнцыі сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік зрабіў заяву адносна міжнародных назіральнікаў АБСЭ. Ён нагадаў што 27 студзеня ў ЦВК адбылася сустрэча з кіраўніком ацэначнай місіі АБСЭ спадаром Джэралдам Мітчэлам. Спадар Мітчэл паінфармаваў, што рашэньне пра накіраваньне місіі назіральнікаў АБСЭ яшчэ не прынята, і ў выпадку прыняцьця такога рашэньня доўгатэрміновыя назіральнікі будуць прыбываць у Беларусь прыкладна з 6 лютага.

Паводле спадара Лазавіка, ЦВК выказаў пажаданьне, каб місія АБСЭ выступала як незалежны юрыдычны экспэрт і не спрабавала браць на сябе функцыяў удзельніка палітычнага працэсу, і каб заключэньне АБСЭ было заснавана на ўласных назіраньнях сябраў місіі, а не на сыгналах добразычліўцаў, як гэта часам адбывалася на мінулых выбарах.

(Лазавік: ) “У сувязі з гэтым мы выказалі зьдзіўленьне: калі склад місіі яшчэ ня вызначаны, больш за тое — яшчэ і рашэньне аб накіраваньні місіі АБСЭ не прынята, то якім чынам сьпіс доўгатэрміновых назіральнікаў АБСЭ па рэгіёнах Беларусі стаў ужо вядомы перадвыбарчаму штабу спадара Мілінкевіча і надрукаваны ў выдадзенай гэтым штабам брашуры? У сьвятле гэтага факту нэўтральнасьць і аб’ектыўнасьць місіі АБСЭ для мяне застаецца пад вялікім сумневам”.

Паводле кіраўніка ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча Аляксандра Бухвостава, такая брашура сапраўды была надрукавана і частка яе затрымана міліцыяй. Але ў ёй надрукаваны сьпісы назіральнікаў АБСЭ, якія былі падчас парлямэнцкіх выбараў 2004 году. Спадар Бухвостаў камэнтуе выказваньні спадара Лазавіка:

(Бухвостаў: ) “Была падрыхтавана брашура для назіраньня. Як прыклад засталіся адрасы назіральнікаў Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ, якія назіралі за парлямэнцкімі выбарамі. І на падставе гэтай брашуры такую лухту распавядаюць”.
XS
SM
MD
LG