Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ведаюць у Віцебску, хто працягвае ўдзел у прэзыдэнцкай кампаніі?


Радыё Свабода Дастатковую для рэгістрацыі колькасьць подпісаў перадалі ў ЦВК чацьвёра прэтэндэнтаў. Ці ведаюць у Віцебску, хто гэтыя асобы? На гэтае пытаньне адказвалі віцебскія мінакі.

(Спадар: ) “Наколькі я ведаю, здалі патрэбную колькасьць подпісаў у Цэнтравыбаркам Лукашэнка, Гайдукевіч, Казулін і Мілінкевіч. Безумоўна, дзейны прэзыдэнт ня мог не набраць патрэбнай колькасьці подпісаў! Асабліва з улікам таго, якімі мэтадамі іх зьбіралі. Але ўсё адно, мне б вельмі хацелася б прачнуцца заўтра ўраньні — пасьля таго, як здарыўся нейкі цуд, і Цэнтравыбаркам прыняў рашэньне аб немагчымасьці ўдзелу дзейнага прэзыдэнта ў наступных прэзыдэнцкіх выбарах!”

(Спадарыня: ) “Не, ня ведаю. Я нават ня ведаю, хто гэта — прэтэндэнты на прэзыдэнцкую пасаду. Мы ведаем толькі, што Аляксандар Рыгоравіч у нас цяпер прэзыдэнтам. А пра іншых усё хаваюць, не паказваюць. Вось чаму б не паказаць: гэты і гэты, і каб падрабязна! Чаму ў нас усё схавана? Можа быць, не прапускаюць іх да нас? Ня ведаю!”

(Дзяўчына: ) “Ведаю дакладна, што гэта Лукашэнка і Мілінкевіч. А пра астатніх — не, дакладна ня ведаю”.

(Хлопец: ) “Засталіся Гайдукевіч, Казулін, Мілінкевіч і Лукашэнка. Але я мяркую, што ў нашай сытуацыі гэта ніякага значэньня ня мае. Бо перамога даўно ўжо прыпісаная аднаму-адзінаму кандыдату. Да таго ж гэты кандыдат выступаў тут учора ці заўчора па тэлевізары, сабраўшы кіраўнікоў нашых мэдыяў, і выразна выказаўся пра тое, што ён дапусьціць, а чаго не дапусьціць!”

(Спадарыня: ) “Я толькі чула, што гэта Казулін, Гайдукевіч, Лукашэнка і Мілінкевіч. Больш ні пра каго ня чула, і паводле колькасьці сабраных подпісаў, я думаю, толькі яны і будуць. Фралоў жа подпісаў не набраў”.

(Дзяўчына: ) “Ня маю ўяўленьня, калі шчыра. Проста гэтым не займаюся”.

(Другая дзяўчына: ) “Ня ведаю. Я вырашыла, што буду галасаваць толькі за таго прэзыдэнта, які ў нас цяпер — за Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку”.

(Спадарыня: ) “Мілінкевіч, Казулін, Гайдукевіч і Лукашэнка. Мы хочам, каб быў Мілінкевіч. Бо мы чакаем пераменаў, рэформаў, а таксама праўды!”

(Спадар: ) “Сяргей Гайдукевіч, лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі. Аляксандар Казулін — гэта “Грамада”. Аляксандар Мілінкевіч, адзіны кандыдат ад апазыцыі. І, канечне, дзейны прэзыдэнт. Але я мяркую, што іх зарэгіструюць ня ўсіх. Ёсьць вялікая верагоднасьць таго, што Мілінкевіч і Казулін ня будуць зарэгістраваныя. Зь любых прычынаў”.
XS
SM
MD
LG