Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці сапраўды ў Івацэвіцкай калёніі адбываецца масавая галадоўка пратэсту?


Радыё Свабода Паводле крыніцаў з Івацэвіцкай калёніі, там адбываецца масавая галадоўка пратэсту вязьняў, якіх зьмясьцілі ў карцар. У галадоўцы нібыта бярэ ўдзел і Валер Леванеўскі, вядомы апазыцыянэр, асуджаны за зьнявагу прэзыдэнта. Афіцыйныя асобы гэтых зьвестак не пацьвярджаюць.

У Івацэвіцкай калёніі, магчыма, адбываецца масавая галадоўка пратэсту. Пра гэта Ўладзімеру Леванеўскаму, сыну вязьня калёніі Валера Леванеўскага, паведаміў 30 студзеня былы вязень, які напярэдадні выйшаў на волю. Вось што распавёў Уладзімер Леванеўскі для Радыё Свабода:

(Леванеўскі: ) “Ён сказаў, што яго прасілі перадаць: каля трыццаці чалавек, якія знаходзяцца ў карцары, удзельнічаюць у галадоўцы. Бацька таксама галадуе. Яны пратэстуюць супраць парушэньня іх правоў. Там новы начальнік у калёніі — і, быццам, ён пачаў заводзіць свае парадкі, вось яны і абураюцца”.

Ці пацьвярджаюцца зьвесткі пра галадоўку афіцыйна? Намесьнік начальніка Івацэвіцкай калёніі Міхаіл Кармановіч адмовіўся размаўляць на тэму галадоўкі. А намесьнік начальніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Юры Баранкоў заявіў, што зьвесткі пра галадоўку — непраўдзівыя, і нават назваў іх аўтара:

(Баранкоў: ) “Сам Леванеўскі не галадуе, і, магчыма, ён і распаўсюджвае зьвесткі пра галадоўку. А ніякай галадоўкі ў нас няма”.

Між тым, агенцыі “Інтэрфакс” Юры Баранкоў паведаміў, што 28 студзеня ў карцар былі зьмешчаныя адразу дзесяць вязьняў Івацэвіцкай калёніі, якія спачатку адмовіліся ад ежы, але потым спынілі галадоўку. Паводле спадара Баранкова, вязьняў пакаралі карцарам за адмову праць сваю бялізну.

Ці рэальна, каб дзясяткі вязьняў адначасова абвясьцілі галадоўку? Паводле актывіста апазыцыі Аляксея Шыдлоўскага, які два гады адсядзеў у турме за палітычнае графіці, галадоўка ў калёніі лічыцца парушэньнем рэжыму, таму цалкам магчыма, што вязьняў, якія далучыліся да гэтай формы пратэсту, накіравалі ў карцар. Аляксей Шыдлоўскі мяркуе, што прычынай масавага пратэсту маглі стаць дзеяньні новага начальніка, які вырашыў перайначыць парадкі, што склаліся пры былым кіраўніку. Тое, што факт галадоўкі можа замоўчвацца ня толькі адміністрацыяй калёніі, але кіраўніцтвам зьверху, Аляксея Шыдлоўскага не зьдзіўляе:

(Шыдлоўскі: ) “Часта замоўчваецца ўсё, што адбываецца ў сьледчым ізалятары ці ў калёніі. Даведацца магчыма толькі пазьней, калі адвакат сустрэнецца з кімсьці з тых, хто там галадуе”.

Валер Леванеўскі, якога асудзілі на два гады зьняволеньня за паклёп на прэзыдэнта, знаходзіцца ў Івацэвіцкай калёніі ўжо больш за год. Пасьля Новага году ён абвясьціў галадоўку, пратэстуючы супраць парушэньня сваіх правоў, і на мінулым тыдні трапіў у карцар на 15 дзён спробу перадаць на волю ліст. Апошнімі днямі лістоў ад Леванеўскага сваякі не атрымлівалі.
XS
SM
MD
LG