Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На беларускай мяжы ў украінскіх журналістаў канфіскавалі відэа пра выбары


Радыё Свабода 27 студзеня на памежным пераходзе “Новая Гута” гомельскія мытнікі сканфіскавалі відэаматэрыялы ва ўкраінскай здымачнай групы тэлеканалу “Інтэр”. Мытнікі вырашылі, што ў відэаматэрыялах могуць быць сьведчаньні “антыдзяржаўнага характару”. Відэакасэты дагэтуль не вярнулі ўкраінскім тэлежурналістам.

Кіраўніцтва Гомельскай мытні зь невядомых прычынаў адмаўляе факт затрыманьня ўкраінскіх тэлежурналістаў.

У прыватнасьці, намесьнік начальніка мытні ў пытаньнях ідэалёгіі Яўген Мятлікаў сказаў:

(Мятлікаў: ) “У мяне такой інфармацыі пра тое, што затрымала мытня, няма”.

Гэта ж цьвердзіць і прэсавая служба. Тым часам журналіст тэлеканалу “Інтэр” Аляксей Іваноў, які з калегамі прыяжджаў у Гомель, распавёў:

(Іваноў: ) “У нас абшукалі машыну і забралі ўсе відэаматэрыялы — тры касэты на паўгадзіны кожная. Усяго было зьнята каля 1 гадзіны 15 хвілінаў, дакладней не скажу. Як нам патлумачылі, забралі відэакасэты, каб паглядзець і высьветліць, ці ёсьць там матэрыялы антыдзяржаўнага характару”.

Паводле сьведчаньня ўкраінскага тэлежурналіста, перад канфіскацыяй мытнікі каля дзьвюх гадзінаў глядзелі відэакасэты. Урэшце заявілі, што патрэбная адмысловая экспэртыза.

Аляксей Іваноў паведаміў, што ў Гомелі ягоная група рыхтавала сюжэт да ўчорашняй, нядзельнай праграмы “Падрабязнасьці тыдня”:

(Іваноў: ) “Тэма сюжэту была такая: атмасфэра, у якой Беларусь рыхтуецца да прэзыдэнцкіх выбараў. Мы здымалі Гомель, гутарылі зь людзьмі наконт таго, як яны ацэньваюць хаду выбарчай кампаніі. Здымалі некалькі вёсак блізу Гомелю, тамтэйшую сельскую гаспадарку. Усё, што ў нас было на касэтах, можа бачыць любы чалавек, які прыедзе ў Гомель і ягоныя ваколіцы. Сынхронна ў нас былі толькі запісы мясцовых жыхароў — грамадзянаў Беларусі”.

Украінскі журналіст кажа, што ён асабіста не адчуў, што ў Беларусі ідзе выбарчая кампанія.

Аляксей Іваноў сьцьвярджае, што здымаў у многіх суседніх краінах, але падобнага інцыдэнту на мяжы ў яго не было:

(Іваноў: ) “Мне даводзілася бываць ва ўсіх суседніх краінах і нават краінах радыкальнага ісламу, але падобнага не было нідзе”.

Як паведаміла кампанія БелаПАН са спасылкай на ўкраінскую інфармацыйную агенцыю УНІАН, прадстаўнік беларускай амбасады ў Кіеве быў выкліканы ў Міністэрства замежных справаў Украіны ў сувязі з інцыдэнтам на памежным пераходзе “Новая Гута”. Прадстаўніку беларускай дыпляматычнай місіі выказалі занепакоенасьць гэтым фактам і ўручылі ноту з просьбай патлумачыць сытуацыю і вярнуць украінскім журналістам відэаматэрыялы.
XS
SM
MD
LG