Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч правёў сустрэчы з кіраўнікамі Эўразьвязу (фота)


Радыё Свабода Старшыня Нацыянальнага камітэту (ценявога ўраду) Анатоль Лябедзька паведаміў, што візыт Аляксандра Мілінкевіча ў Брусэль вельмі насычаны. Панядзелак 30 студзеня, пачаўся для Аляксандра Мілінкевіча з сустрэчы сам-насам з эўракамісарам у зьнешніх сувязях і палітыцы эўрапейскага суседзтва Бэнітай Фэрэра-Вальднэр. Размова доўжылася 50 хвілінаў. Пасьля гэтага беларуская дэлегацыя ў поўным складзе сустрэлася зь Вярхоўным прадстаўніком Эўразьвязу ў пытаньнях замежнай палітыкі і бясьпекі Хавіерам Салянам.

Сёньня ж у Брусэлі сабраліся на саміт міністры замежных справаў 25 краінаў, што ўваходзяць у склад Эўразьвязу. Многія зь іх таксама захацелі кантактаваць з прадстаўнікамі дэмакратычнай Беларусі. І хаця гэта было запрашэньне, так бы мовіць, у вольным рэжыме, яно выклікала вялікую зацікаўленасьць, цьвердзіць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Прысутнічалі прадстаўнікі 20 краінаў, зь іх 12 міністраў. Алесю Мілінкевічу задавалі пытаньні міністры замежных справаў Аўстрыі, Славеніі, Латвіі, Чэхіі ды іншых краінаў. І па гэтых пытаньнях было выразна відаць, што Эўропа цікавіцца Беларусьсю. І ў кулюарах нашы сябры з усходнеэўрапейскіх краінаў гавораць, што калі яны прыйшлі да ўлады і рабілі свае першыя паездкі, дык у іх не было такога высокага ўзроўню сустрэчаў. Гэта сьведчыць (і пра гэта ўсе гавораць), што Эўропа адкрывае па-новаму для сябе Беларусь”.

Другую палову дня беларуская дэлегацыя аддала кароткім двухбаковым размовам з шэрагам міністраў замежных справаў і іх намесьнікамі. Таксама ў праграме вялікая сустрэча з прадстаўнікамі няўрадавых арганізацыяў і перамовы са сталымі прадстаўнікамі некаторых краінаў у Эўразьвязе.

Праграма наступнага дня (каманда Аляксандра Мілінкевіча будзе знаходзіцца ў Брусэлі тры дні) пачнецца з выступу патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнта ў палітычным камітэце Эўрапарлямэнту. Дэпутат Эўрапарлямэнту ад Літвы Юстас Палецскіс, які зьбіраецца прысутнічаць на гэтым мерапрыемстве, так тлумачыць асаблівую ўвагу эўрапейскай супольнасьці да справаў у Беларусі:

(Палецскіс: ) “Гэта сапраўды ўвага да Беларусі, выбараў, кандыдата ад апазыцыі. Я б сказаў, што гэта такая дэманстратыўная, у пазытыўным сэнсе, увага. І вялікія спадзяваньні. Хаця ўсе разумеюць, што перамагчы будзе ня проста, і гэта не азначае, што ў Брусэлі цяпер прымаецца менавіта будучы пераможца”.

Фотарэпартаж

Пакуль адбываўся саміт міністраў замежных справаў Эўразьвязу, беларускія актывісты праводзілі пікет каля будынку. Да іх выйшаў Аляксандар Мілінкевіч.



XS
SM
MD
LG