Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дзедаўшчына” застаецца адной з вострых праблемаў беларускага войска


Радыё Свабода Жорсткае зьбіцьцё салдата Чалябінскай танкавай вучэльні Андрэя Сычова, у выніку якога яму ампутавалі ногі й жыцьцёва важныя органы, спрычынілася да масавых звальненьняў у структурах Міністэрства абароны Расейскай Фэдэрацыі. У Беларускай вайсковай пракуратуры кажуць, што нестатутныя дачыненьні — адно з самых распаўсюджаных вайсковых злачынстваў і ў беларускай арміі.

Паводле Беларускай вайсковай пракуратуры, колькасьць нестатутных дачыненьняў у беларускім войску штогоду зьніжаецца. Аднак “дзедаўшчына” — дагэтуль самае распаўсюджанае вайсковае злачынства, а зьдзек з маладых салдатаў застаецца адной з прычынаў армейскага траўматызму. Так, летась у выніку нестатутных дачыненьняў тры вайскоўцы тэрміновай службы былі шпіталізаваныя зь цяжкімі цялеснымі пашкоджаньнямі, дзевяць атрымалі траўмы сярэдняй цяжкасьці, больш за трыццаць зьвярнуліся ў санчасткі са скаргамі на лёгкія пашкоджаньні.

Першы намесьнік беларускага вайсковага пракурора Ігар Лапека кажа, што паступова сытуацыя выпраўляецца, і гіпатэтычныя зламысьнікі ў войска трапляюць рэдка. Спрыяе, перадусім, тое, што колькасьць патэнцыйных навабранцаў нашмат большая, чым неабходна ў прызыўную кампанію Міністэрству абароны. А значыць, ёсьць магчымасьць выбіраць лепшых.

(Лапека: ) “У нас дзейнічае цэлая сыстэма. Ад кожнай вайсковай часткі ў ваенкаматы накіроўваюцца афіцэры, якія знаёмяцца з асабістымі справамі, гутараць з прызыўнікамі. Потым гэтыя афіцэры нясуць пэрсанальную адказнасьць за якасьць адбору. Прычым, гэта тычыцца ня толькі элітных частак, а ўвогуле ўсёй арміі. Прыехаў афіцэр, прыкладам, у Гомель, каб адабраць дваццаць салдатаў. Яму даюць пяцьдзясят-шэсьцьдзесят асабістых справаў. Ён глядзіць: ага, характарыстыка зь месца вучобы — хуліганіў, дзяўчат за косы цягаў. Такі нам не падыходзіць, таму што ён патэнцыйны парушальнік. Таму можна казаць пра сыстэму адсеву непажаданых элемэнтаў для войска”.

У менскай пэнсіянэркі Ірыны Жыхар сын загінуў у войску, як ёй паведамілі, “з-за неасьцярожнасьці”. Даказаць — ці так гэта, яна ня можа. Жыве адна, сур’ёзная хвароба не дае хадзіць па інстанцыях. Сілаў хапае толькі на тое, каб глядзець магілу сына. Дапамогі няма ніякай.

(Жыхар: ) “Атрымала ад дзяржавы толькі помнік зь белага мармуру — іншых Міністэрства абароны не давала. А на белы залатую фарбу паклала, дык два разы гэтае золата ўжо мяняла. Трэці раз зноў пасыпалася, то ўжо з Польшчы нейкай лепшай фарбы прывезьлі. Сто тысяч рублёў аддала за пакрыцьцё, і яшчэ кветніца развалілася, бэтон адваліўся. Сорак тысяч каштаваў рамонт. Якраз пэнсію атрымала, дык вось вам і сорак тысяч”.

Першы намесьнік беларускага вайсковага пракурора Ігар Лапека кажа, што, адрозна ад расейскіх Узброеных сілаў, у беларускім войску практычна няма выпадкаў, каб салдаты пакідалі частку з-за фактаў нестатутных дачыненьняў.

(Лапека: ) “У асноўным прычыны зьвязаны з асабістымі якасьцямі саміх прызыўнікоў. Самы часты прыклад — жаданьне адпачыць. Але за апошні год выпадкаў уцёкаў з-за нестатутных дачыненьняў у нас у войску не было”.

Летась Беларуская вайсковая пракуратура праверыла 80 воінскіх частак. Камандаваньню Міністэрства абароны пададзены 71 акт пракурорскага рэагаваньня. 52 чалавекі прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасьці. Колькі зь іх пакараныя за факты нестатутных дачыненьняў, не ўдакладняюць.

Паводле інфармацыі Беларускай вайсковай пракуратуры, у 70% выпадкаў прычынай траўматызму ў войску ёсьць асабістая неасьцярожнасьць салдатаў, у 13% — парушэньне правілаў тэхнікі бясьпекі, у 9% — нестатутныя дачыненьні, у 2,5% — ужываньне алькаголю.
XS
SM
MD
LG