Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Лазавік: “Ініцыятыўная група Пазьняка, напэўна, працавала найбольш добрасумленна...”


Радыё Свабода У часе прэсавай канфэрэнцыі сакратар ЦВК Мікалай Лазавік выказаўся адносна заявы Зянона Пазьняка пра ціск на ініцыятыўную групу падчас збору подпісаў і бяссэнсавасьць здачы сабраных подпісаў у камісію.

(Лазавік: ) “Хутчэй за ўсё, гэта апраўданьне некаторага недахопу арганізацыйнага рэсурсу і няўдачы ў працы ініцыятыўнай групы. Хаця я павінен сказаць, што сябры ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка, напэўна, працавалі найбольш добрасумленна і менавіта працавалі за ідэю. Мы цудоўна разумеем, што сёньня многія грамадзяне Беларусі ўжо нават і забыліся, хто такі Зянон Пазьняк, моладзь яго ня ведае, старэйшыя яшчэ памятаюць, але падзабылі як дзейнага палітыка. І зьбіраць подпісы за яго, сапраўды, было вельмі складана. Мы нават ведаем выпадкі, калі сябраў ініцыятыўнай групы ўспрымалі, мякка кажучы, у штыкі самі грамадзяне, і даходзіла часам да зьнявагі сябраў ініцыятыўнай групы.

Тым ня менш, гэтыя людзі добрасумленна выконвалі свае абавязацельствы, і па нашых зьвестках, яны сабралі крыху больш за 3 тысячы подпісаў. Гэтага яўна не хапае, хаця сам Зянон Пазьняк заявіў, што сабралі больш за 101 тысячу подпісаў. Рэальна гэтая лічба, напэўна, значна ніжэй. І таму ён проста вымушаны быў шукаць нейкія прычыны, чаму подпісы не сабраны. І, натуральна, самая простая прычына – маўляў, ствараліся нейкія цяжкасьці і перашкоды ініцыятыўнай групе. Хаця я нават меў падзяку ад аднаго з сябраў групы, калі падчас маразоў на вуліцы подпісы зьбіраць было практычна немагчыма, і я патэлефанаваў у буйныя гандлёвыя цэнтры Менску, каб там дазволілі ўстанавіць пікеты па зборы подпісаў. Гэта таксама не дапамагло. Перашкода была ў тым, што не хапіла арганізацыйнага рэсурсу ў Зянона Пазьняка”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG