Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз зьбіраецца рэальна пашырыць санкцыі супраць Менску


Радыё Свабода Міністры замежных справаў Эўрапейскага Зьвязу падрыхтавалі праект рэзалюцыі па Беларусі наконт рэальнага пашырэньня дыпляматычных санкцыяў супраць афіцыйнага Менску ў тым выпадку, калі маючыя адбыцца 19 сакавіка прэзыдэнцкія выбары ня будуць адпавядаць стандартам АБСЭ, паведамілі Радыё Свабода ў Радзе Эўразьвязу.

Гэты дакумэнт будзе абмеркаваны ў Брусэлі ў часе сустрэчы кіраўнікоў эўрапейскіх зьнешнепалітычных ведамстваў.

Мяркуецца, што сёньня ўвечары ў бельгійскай сталіцы адбудзецца нефармальная сустрэча некаторых міністраў, у прыватнасьці, з краінаў Скандынавіі, Балтыі і Ўсходняй Эўропы зь лідэрам беларускай апазыцыі Аляксандрам Мілінкевічам. Мясцовае выданьне, EU Observer паведамляе, што памяшканьне для гэтае сустрэчы прапанавалі літоўскія дыпляматы.

Паводле выданьня, афіцыйны Менск бачыць ў візыце Мілінкевіча ў Брусэль “відавочны палітычны манэўр”. “Гэта чарговым разам даказвае прадузятае стаўленьне Эўразьвязу да Беларусі. Аб’ектыўнасьць аналізу вынікаў сакавіцкіх выбараў з боку Брусэлю пад вялікім сумневам”, – сказаў брусэльскай газэце на ўмовах ананімнасьці беларускі дыплямат.

Як паведамілі Свабодзе ў прэсавай службе Эўракамісіі, у аўторак і сераду Аляксандр Мілінкевіч сустрэнецца з адказным прадстаўніком ЭЗ у пытаньнях міжнароднай палітыкі і бясьпекі Хав’ерам Салянам, старшынём Эўрапарлямэнту, лідэрамі буйнейшых эўрапейскіх партыяў.

Прэсавы сакратар Эўракамісіі Эма Адвін падкрэсьліла, што нягледзячы на ўсю важнасьць беларускага пытаньня для ЭЗ, візыт Мілінкевіча трэба разглядаць як нефармальны: “Гэта будзе абмеркаваньне перадвыбарчай сытуацыі ў Беларусі, і гэта ніяк не прадугледжвае ўмяшальніцтва ў выбарчую кампанію”, – сказала спадарыня Адвін.
XS
SM
MD
LG