Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Мілінкевіч - у Брусэлі


Радыё Свабода Патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта Беларусі Аляксандар Мілінкевіч сёньня знаходзіцца ў Брусэлі, куды ён прыляцеў у нядзелю ўвечары. Брусэль, як вядома, зьяўляецца неафіцыйнай сталіцай Эўразьвязу, паколькі менавіта тут месьцяцца важнейшыя структуры гэтай уплывовай міжнароднай арганізацыі.

Эўразьвяз - гэта сапраўды адзін з самых моцных у сьвеце палітычных і эканамічных цэнтраў. Ён мае сваю выканаўчую ўладу, так бы мовіць эўрапейскі ўрад, які афіцыйна завецца - Эўракамісія. Узначальвае яе партугалец Мануэль Бароза. Ці будзе сустрэча Мілінкевіча з ім, яшчэ невядома, гэтае пытаньне дагэтуль вырашаецца. Але ўжо дакладна можна сказаць, што заплянаваныя перамовы зь Вярхоўным прадстаўніком Эўразьвязу ў пытаньнях замежнай палітыкі і бясьпекі Хавіерам Салянам і Эўракамісарам Бэнітай Фэрэра-Вальднэр. А гэта азначае, што Аляксандра Мілінкевіча прымуць дзьве найважнейшыя асобы ў галіне зьнешняй палітыкі Эўразьвязу.

Разам зь Мілінкевічам у Брусэль накіраваліся ягоныя бліжэйшыя паплечнікі: Вінцук Вячорка, Сяргей Калякін і Анатоль Лябедзька. І вось як ацэньвае перамовы кіраўнік Нацыянальнага камітэту Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "Вельмі шкада, што за 12 гадоў паміж афіцыйным Менскам і Брусэлем няма камунікацыяў. Па нашых падліках, за гэты час з гэтай прычыны Беларусь згубіла дзесьці 30-35 мільярдаў даляраў. І менавіта палітыка самаізаляцыі прывяла да гэтага. Таму сёньня патрэбна мець камунікацыі, мець мажлівасьць размаўляць пра пэрспэктывы супрацоўніцтва Беларусі і Эўразьвязу. І калі гэта ня можа рабіць палітычны рэжым, дык гэта павінны рабіць іншыя людзі, якія таксама займаюцца палітычнай дзейнасьцю. І гэта робяць Мілінкевіч і яго каманда".

На мінулым тыдні Аляксандра Мілінкевіча прымаў прэзыдэнт Польшчы. Да гэтага былі сустрэчы з прэзыдэнтам Літвы, міністрамі замежных справаў Украіны, Францыі... Выканаўца абавязкаў кіраўніка ўправы інфармацыі міністэрства Андрэй Папоў цьвердзіць, што МЗС разглядае патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнты выключна як прыватную асобу:

(Папоў: ) "Вольная асоба. Хай сабе сустракаецца, зь кім хоча. Мы наагул не камэнтуем учынкі нейкіх прыватных асобаў. Навошта?"

На старонках "Нашай нівы" было паведамленьне пра тое, што быццам афіцыйны Мінск праз міністра замежных справаў Сяргея Мартынава шукае кантактаў з Хавіерам Салянам. Менскі журналіст Раман Якаўлеўскі летась рабіў вялікае інтэрвію з Вярхоўным прадстаўніком Эўразьвязу ў пытаньнях зьнешняй палітыкі і бясьпекі, якое друкавалася ў шэрагу выданьняў. І вось, што ён думае наконт магчымых кантактаў спадара Саляны зь кіраўніцтвам Беларусі:

(Якаўлеўскі: ) "Маё асабістае ўражаньне такое: гэтая інфармацыя зьявілася з падачы афіцыйнага беларускага боку. Такая сустрэча наагул немагчыма ў сьвятле цяперашніх адносін афіцыйнага Менску з заходняй супольнасьцю. У Брусэлі ня проста не зьмянілася стаўленьне да афіцыйнага Менску. Яно набыло яшчэ больш жорсткую форму".
XS
SM
MD
LG