Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Калі мы жывем у Беларусі, нам трэба слухаць рэкляму па-беларуску"


Радыё Свабода Падведзеныя вынікі конкурсу “Брэнд году”. Сярод таварных знакаў, якія сёлета атрымалі найвышэйшую адзнаку прафэсійнага журы і спажыўцоў, трапляюцца й беларускамоўныя брэнды. Ці робіцца беларуская мова зручным інструмэнтам рэклямнай раскруткі для тавараў?

У конкурсу “Брэнд году”, які штогод арганізуе цэнтар SATIO, ёсьць дзьве асноўныя часткі: спажывецкі конкурс і прафэсійны конкурс. Вынікі спажывецкага конкурсу падводзяцца паводле вынікаў сацыялягічнага апытаньня, якое высьвятляе найбольш пазнавальныя сярод беларусаў брэнды.

На прафэсійны конкурс сваю заяўку можа падаць любая кампанія, якая пасьпяхова прасоўвае на рынак свае таварныя знакі. Сёлета ўсяго набралася 65 заяўнікаў, большасьць трапілі і ў сацыялягічныя апытаньні. Сярод пераможцаў у розных намінацыях – брэнды “Белвест”, “Элема”, “Сьвітанак”, “Мілавіца”, “Лідзкая мука”, “Спартак”, “Слодыч”.

Павлжде дырэктара цэнтра SATIO і старшыні аргкамітэту конкурсу “Брэнд году” Жанны Грынюк, на беларускім рынку стварылася ніша для беларускамоўных брэндаў, якая пачынае паступова запаўняцца. Для некаторых кампаніяў гэта магчымасьць выявіцца з агульнай масы, прыбавіць пакупніка да сябе. Прычым беларускамоўныя брэнды, кажа спадарыня Грынюк, найбольш яскрава адлюстроўваюць нацыянальны беларускі мэнталітэт: ніякай напорыстасьці ў засваеньні рынку, сьціпласьць, клопат пра спажыўца.

(Грынюк: ) "Нават узяць “Клецкую крыначку”, яны дастаткова сьціпла пра сябе заяўляюць і нават настойваюць на тым, што яны стараюцца працаваць у нізкім коштавым сэгмэнце й галоўнай сваёй стратэгіяй бачаць зьніжэньне сабекошту прадукцыі, каб канцавы пакупнік мог набываць яе па больш нізкай цане.

За апошні год у краіне ўвогуле паболела беларускомоўнай рэклямы – шмат якія фірмы будуюць на гэтым усю сваю рэклямную кампанію. Звычайныя спажыўцы збольшага прыязна ставяцца да беларускай мовы ў рэкляме. Вось як разважаюць на гэтую тэму мінакі на вуліцах Менску.

(Спадарыня: ) "Рэч у тым, што я расейка і ў Беларусі жыву ўвогуле нядаўна, таму я зусім ня ведаю гэтай мовы. Але калі б я была беларускай, безумоўна, я б размаўляла толькі па-беларуску".

(Спадар: ) "На беларускай мове? А што, добра, няхай будзе на беларускай мове".

(Спадарыня: ) "Вельмі мала рэклямы на беларускай мове, і калі мы жывем у Беларусі, дык нам трэба слухаць рэкляму па-беларуску".

(Спадар: ) "Расейская таксама неблагая, але ў Беларусі павінна быць беларуская найперш, а потым расейская".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG