Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК не атрымала зь Віцебшчыны ніводнага подпісу за З.Пазьняка


Радыё Свабода Паводле афіцыйных дадзеных Цэнтарвыбаркаму, Віцебская вобласьць сталася адзінай, адкуль подпісы за вылучэньне лідара Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ не паступілі ўвогуле. Віцебскі кіраўнік ініцыятыўнае групы Зянона Пазьняка спадар Плешчанка заяўляе, што сабраных на Віцебшчыне подпісаў было б цалкам дастаткова, каб ЦВК атрымаў неабходныя 100 тысячаў і нават болей.

Паводле Уладзімера Плешчанкі, подпісаў за вылучэньне Зянона Пазьняка сёлета было сабрана нашмат болей, чымсьці ў 2001-м годзе, бо ягоная асоба найбольш была вядомая патэнцыйным выбарцам у параўнаньні зь іншымі прэтэндэнтамі.

(Плешчанка: ) “Сапраўды, людзі з кандыдатаў ведаюць Аляксандра Лукашэнку і Зянона Пазьняка. Гэтых людзей яны ведаюць, бо іх ведаюць усе. Хто астатні, якую праграму яны панясуць людзям, чаго яны хочуць: дэмакратыі або яшчэ чаго – гэтага людзі ня ведаюць. А ў Пазьняка ёсьць пазыцыя: нацыянальная ідэя, адраджэньне нацыі.”

На думку спадара Плешчанкі, тыя людзі, што падпісаліся за вылучэньне Зянона Пазьняка, ёсьць найбольш адданымі прыхільнікамі нацыянальнага адраджэньня, менавіта яны могуць найперш падпасьці пад рэпрэсіі ўладных структур. Таму сабраныя подпісы цягам перадвыбарчай кампаніі прынцыпова не рэгістраваліся, і сябры ініцыятыўнае групы чакалі ад свайго лідара канчатковага рашэньня наконт удзелу ў выбарах. Паколькі спадар Пазьняк абвясьціў, што браць удзелу ў выбарах ня будзе, усе падпісныя аркушы былі апячатаныя і захаваныя.

Цяпер віцебская ініцыятыўная група будзе займацца падрыхтоўкай да Народнага галасаваньня.

Што да подпісаў за іншых прэтэндэнтаў, то, паводле дадзеных ЦВК, за Аляксандра Мілінкевіча на Віцебшчыне сабрана 26 з паловаю тысяч подпісаў. Па Беларусі гэта другі вынік пасьля Гарадзенскай вобласьці. Паводле дадзеных віцебскага штабу Аляксандра Мілінкевіча, сярод райцэнтраў вобласьці найбольшая колькасьць подпісаў сабраная ў Глыбокім (1 200 подпісаў на 19 000 насельніцтва).

У Воршы найбольшую колькасьць подпісаў – 5 тысяч – сабрала ініцыятыўная група Аляксандра Казуліна, а усяго па Віцебшчыне за ягонае вылучэньне падпісаліся 20 тысяч 358 чалавек.

За вылучэньне Сяргея Гайдукевіча падпісаліся крыху больш за 16 тысяч жыхароў вобласьці, гэта трэці па колькасьці вынік сярод іншых рэгіёнаў.

Па колькасьці подпісаў, сабраных за вылучэньне Аляксандра Лукашэнкі, сярод іншых абласьцей Віцебшчына займае пятае месца: 243 тысячы 139 подпісаў, паводле дадзеных ЦВК.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG