Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моцарт – 250


Сяргей Дубавец Моцарта шкада. Ні Баха з Бэтговэнам, ні Чайкоўскага з Глінкам так не шкада, як Моцарта. Моцарта шкада такім жывым і міжвольным шкадаваньнем, як шкада бывае “няправільных”, але ўсімі любімых творцаў... Што шкадаваць Баха? Ён быў і ёсьць і будзе цэлым пластом культуры, акадэмічным прарывам. А тут – ня пласт, а чалавек-геній, які дзеля гэтага зразумелы і блізкі кожнай чалавечай душы.

Кампазытар Расіні сказаў: "Бэтговэн – найвялікшы, а Моцарт – адзіны".

Будучы геніем ад Бога, ён праз жыцьцё пракручваецца як чорцік – бліскавічны і вёрткі, вясёлы і нястрымны хуліган-парушальнік усіх магчымых грамадзкіх пастулятаў пра паводзіны і прыстойнасьць. Такіх немагчыма аб’яднаць у нейкія групы паводле творчасьці, але іх вобразы надзвычай падобныя, нават тыповыя. Хто ў Беларусі падпадае пад гэты тыпаж Моцарта? Можа быць, Караткевіч, можа быць, Сыс... Трэба абавязкова жыць шумна і з выклікам, а пісаць так, каб напісанае выклікала чым большае ўзрушэньне, ідэальна, калі – шок.

Моцарта асабліва шкада ў ягоны сёньняшні юбілей – 250 гадоў з дня нараджэньня. Калі з шматкроць павялічанай сілай запрацуюць штампы пра геніяльнага хлопчыка, які пісаў сымфоніі ледзь не з калыскі, пра галоўнага кампазытара таямнічых масонаў, пра Моцарта і Сальеры – штампы альбо хлусьлівыя, альбо абсалютна незразумелыя, хоць і бясконца заежджаныя. А апатэозам юбілею стане дэманстрацыя галоўнага экспанату гэтых мерапрыемстваў – чэрап Моцарта будзе выстаўлены на ўсеагульны агляд праз усе тэлевізіі сьвету.

Шкада Моцарта.

Яго сапраўды не разумеюць, калі меркаваць з ацэнак ягонае творчасьці і зьвестак пра ягонае жыцьцё. “Моцарт – гэта поп-зорка паміж барока і рэвалюцыяй”, “Найвядомейшы музычны геній усіх часоў і народаў” – выслаўляюцца прынагодныя загалоўкі. Аднак эпоха Моцарта прымала творчасьць генія насьцярожана, з адпорам. "Наватарства ягонай музыкі перарастала сучасьнікаў кампазытара" – пішуць адныя. “Як жа загадкавая музыка Моцарта! – адказваюць іншыя. – Усе матывы, звароты, фразы – усё падаецца нам знаёмым. Усе сучасныя яму кампазытары карысталіся той самай “мовай”. Моцарт ня быў наватарам, як Вагнэр ці Мантэвэрдзі, не рабіў ніякіх рэформаў. У гукавой мове сваёй эпохі ён адшукаў сродкі, якія дазволілі яму выказаць усё, што толькі хацеў. Усё, што нам здаецца “тыпова моцартаўскім”, мы знаходзім і ў творах ягоных сучасьнікаў. Немагчыма вызначыць нейкі індывідуальны стыль Моцарта, ён нічым не адрозьніваецца ад стылю сваёй эпохі. Абыходзячыся без інавацыяў, без невядомых датуль навінаў, ужываючы тыя самыя сродкі, што і кожны кампазытар той эпохі, ён як ніхто іншы здолеў дасягнуць у сваёй музыцы глыбіні выказваньня. І гэты факт не перастае нас інтрыгаваць – мы ня можам яго ані растлумачыць, ані зразумець”. Гэта словы з уступнай лекцыі перад галоўным юбілейным канцэртам пад назваю “Happy Birthday Mr. Mozart” у родным горадзе кампазытара Зальцбургу.

Мы ня можам яго ані растлумачыць, ані зразумець – гэтыя словы маглі б стаць дэвізам юбілею. Здавалася б, вывучана кожная нота і кожны дзень жыцьця Моцарта, напісаныя тысячы кніг пра яго, і мільён разоў сыграныя ягоныя творы, а гаворка ўсё адно ідзе пра штосьці неспасьцігальнае. Быццам Моцарт – гэта такое ж вечнае пытаньне без адказу, як сама музыка ці як жыцьцё, ці як любоў... Моцарт – як напамінак беднаму чалавецтву пра тое, што яно толкам нічога пра сябе ня ведае, прынамсі, нічога галоўнага пра сябе яно так і ня здолела зразумець.

Дакладна вядома, на якой вуліцы і ў якім доме ён прыйшоў на сьвет, а пра яго месца пахаваньня і прычыну сьмерці выказваюцца толькі гіпотэзы. Хоць больш лягічна было б наадварот. У гэтым сэнсе згадваецца біяграфія Янкі Купалы, сьмерць якога таксама апісваецца гіпотэзамі. Быццам гэта лёс у самым недарэчным для гэтага месцы і ў самы недарэчны час ператварае сьмерць генія ў загадку, каб напоўніць сэнсам нашы мэтафары пра вечна жывога творцу.

Вось характэрны эпізод, які перадае цёмную сытуацыю Моцартавага сыходу. У Вене Моцарту прадставілі Бэтговэна, і Бэтговэн атрымаў ад Моцарта некалькі лекцыяў музыкі. Але неўзабаве Моцарт памёр, і – увага! – “закаханыя ў музыку венцы пачалі шукаць свайму куміру вартага наступніка”. Ну, і наступнікам стаў Бэтговэн. Так, прынамсі, падаецца ў стандартных біяграфіях Моцарта.

Жыцьцё творцы праходзіць у яркім сьвятле грамадзкае ўвагі, а канчаецца, і эпізод канца аказваецца ахутаным таямніцамі. Ці, можа, кожнае жыцьцё поўнае такіх таямніц, толькі ўвага такая не да кожнага? Як яшчэ можна растлумачыць тое, што любімец закаханых у музыку венцаў быў пахаваны ў невядомай братняй магіле, у якую пасьля яшчэ некалькі гадоў хавалі іншых нябожчыкаў? А можа, і не было ніякага Моцарта?..

* * *

Лёс генія міжволі праектуецца на лёс Хрыста. Быць такім, жыць так і рабіць тое, што ён, звычайнаму сьмяротнаму ня дадзена. Як і Хрыстос, Моцарт рабіў цуды. Ужо ў тры гады выявіў незвычайныя музычныя здольнасьці, а ў пяць пачаў пісаць музыку і выступіў зь першым публічным канцэртам. У дзевяць склаў сваю першую сымфонію, у 11 – першую опэру, а ў 14 атрымаў за свае заслугі ордэн ад рымскага папы. Пра апошнія гады жыцьця – а пражыў Моцарт 35 гадоў – вядома няшмат. Кажуць, да прыкладу, што пісаў свае творы ён без дапамогі інструмэнтаў, на якіх граў бездакорна. Складаныя партытуры Моцарт занатоўваў на паперу проста з галавы. Як, чаму і калі памёр – толкам невядома. Пахаваны ў безыменнай магіле, а пасьведчаньне пра сьмерць кудысьці згубілася, патанула ў хвалі спрэчак і скандалаў.

“Абавязковай музыкай на небе зьяўляецца Бах, але калі анёлы застаюцца адны, для сябе яны граюць Моцарта”, сказаў кампазытар Шонбэрг.

Масонства Моцарта, натуральна, не раскрывае ягонай галоўнай таямніцы, але, прынамсі, хоць крыху гэтую таямніцу “ўзаконьвае”. Удзел у закрытым ордэне вольных муляраў, пра які шырокая публіка нічога толкам ня ведае, легітымізуе загадкі геніяў. Хоць тут чарговы біяграфічны парадокс – якраз пра масонства Моцарта вядома нашмат больш, чым, напрыклад, пра абставіны ягонае “сьвецкае” сьмерці. Вядома нават, што першы раз ён пераступіў парог венскай лёжы ў аўторак 14 сьнежня 1784 году, што напісаў мноства твораў для вольных муляраў, а ягоная опэра “Чарадзейная флейта” – дарэчы, адзіная зь ягоных опэр, якую і сёньня ставяць у Менску – зьяўляецца песьняй песьняў сусьветнага масонства. Далей цытата. “Няма ніякага сумневу, што ўдзел гэтага вялікага творцы ў масонскім руху меў значны ўплыў на ягоную музычную творчасьць, прычым ня толькі на ўласна масонскія творы, як напрыклад Масонскі пахавальны марш ці Малая масонская кантата, але таксама і на творы сьвецкія, якія цалкам можна зразумець толькі чалавеку дасьведчанаму ў каралеўскім мастацтве”, – сьцьвярджаецца ў кнізе культуроляга Гі Вагнэра пад назваю “Брат Моцарт”. Калі гэта і сапраўды так, дык якія шанцы зразумець Моцарта ў паспалітага беларускага слухача, які пра масонаў ведае толькі як пра змоўнікаў, што ўсялякімі падступнымі мэтадамі кіруюць сьветам? Шанцаў ніякіх. Зь іншага боку, калі масоны і сапраўды кіруюць сьветам, ня можа не суцяшаць той факт, што яны такія як Моцарт, а не такія, скажам, як Гітлер.

* * *

Моцарт і Гітлер – гэта асобная тэма.

На аўстрыйскіх інтэрнэтных старонках, разьлічаных на турыстаў, часта сустракаецца фраза “Найбольш вядомым аўстрыякам усіх часоў без сумневу зьяўляецца Вольфганг Амадэй Моцарт”. За гэтымі бяскрыўднымі і быццам малазначнымі словамі хаваецца яшчэ адна бяздонная праблема, зь якой ня можа даць сабе рады беднае чалавецтва. Акцэнт на найбольш вядомым аўстрыяку Моцарце робіцца таму, што за ім маячыць ня менш вядомы аўстрыяк Гітлер. У тым самым інтэрнэце Гітлер згадваецца 37 мільёнаў разоў, а Моцарт – 43 мільёны. Гэта ў арыгінальным напісаньні. А па-расейску, да прыкладу, Гітлер мае перавагу над Моцартам – адпаведна два і паўтара мільёны. “Найбольш вядомым аўстрыякам” Моцарт стаў пасьля другой сусьветнай вайны, калі Аўстрыя правяла бліскучую кампанію міжнароднага піяру, забыўшы пра тое, адкуль выйшаў Гітлер, дзе пачаў сваю злачынную дзейнасьць, і дзе карыстаўся масавай і нават больш інтэнсіўнай, чым у Нямеччыне, падтрымкай насельніцтва. Такім чынам Аўстрыі ўдалося пераканаць сьвет у тым, што гэта Моцарт быў аўстрыякам, а Гітлер – немец.

Піяр піярам, але ў падобных вопытах зь незразумелымі велічынямі адбываюцца і незразумелыя рэакцыі-супадзеньні. Гітлер і Моцарт – яшчэ і два найбольш вядомыя ў сьвеце чарапы.

Акурат у гэтыя дні 250-х угодкаў найвялікшага музыкі павінны паказваць чэрап Моцарта. Удзячныя нашчадкі вырашылі такім чынам ушанаваць вялікага продка. Наогул, гісторыя з Моцартавым чэрапам даволі заблытаная. І жыва нагадвае гісторыю з чэрапам Гітлера, які ў Маскве выставілі да 55-х угодкаў перамогі. Выстава называлася “Агонія Трэцяга райху: адплата”.

Калі экспанаваньне чэрапа злачынцы і можа ў нейкім сэнсе разглядацца як адплата, дык што тады – экспанаваньне чэрапа вялікага кампазытара?..

Апошні вэрдыкт прыналежнасьці гэтага чэрапа Моцарту вынесьлі навукоўцы вайсковай лябараторыі Інстытуту судовай мэдыцыны ў Інсбруку. Прыналежнасьць даказаная на 100 адсоткаў. Пра гэта і павінны сказаць у адмыслова падрыхтаваным да юбілею дакумэнтальным тэлевізійным фільме. А гісторыя такая.

Як я ўжо казаў, цела Моцарта было пахаванае ў безыменнай агульнай магіле на венскім могільніку. Гэтую самую магілу выкарыстоўвалі пасьля яшчэ сем гадоў. Кажуць, што праз 10 гадоў пасьля пахаваньня чэрап кампазытара выцягнуў з агульнае кучы далакоп Ёзэф Ротмаер. Пасьля чэрап доўга хадзіў па руках, яго вывучалі і апісвалі, урэшце сто гадоў таму яго купіў фонд "Моцартэўм". Чэрап ідэнтыфікавалі па зубах, вывучаючы зубныя хваробы кампазытара ў запісах дантыста, спрабавалі рэканструяваць твар Моцарта. Цяпер вось – аналіз ДНК. Дзеля яго эксгумавалі бабку кампазытара. Сьцьвердзіўшы прыналежнасьць чэрапа Моцарту, навукоўцы спадзяюцца высьветліць і прычыну ягонае сьмерці, якую большасьць людзей ведае пад імем Сальеры. Ужо сёньня сьпіс хваробаў Моцарта і прычынаў ягонае сьмерці вельмі доўгі – ад гарачкі да таго, што зьеў недасмажаную катлету. Аднак ніякае атруты ў гэтым сьпісе няма. Навукоўцы просяць канчаткова рэабілітаваць кампазытара Антоніё Сальеры, які, ня гледзячы на ўласны талент, застаўся ў гісторыі як забойца генія.

Застаецца пытаньне – наколькі дарэчна ў дзень юбілею перабіраць усе гэтыя хваробы й косткі? Мабыць, дарэчна ў выпадку з Моцартам – найвялікшым кампазытарам усяго чалавецтва, пэўным абсалютам. Хоць гісторыя з чэрапам міжволі нагадвае размову Гамлета з чэрапам Ёрыка.

Бедны Ёрык...

Аднак, для чаго ўсе гэтыя гісторыі пра чарапы? Беднае чалавецтва, якое ня мае ўцямнага адказу на пытаньне: што такое геній (добры ён ці злы, – для чалавецтва ня так важна), нагадвае дзіця, якое не разумее прынцыпу дзеяньня завадной цацкі і імкнецца разабраць дзівосны мэханізм на дэталі. Размова ідзе пра клянаваньне – няхай сёньня пра гэта толькі пагаворваюць – прычым пра клянаваньне як Моцарта, так і Гітлера. Другога, праўда, зьбіраюцца клянаваць нейкія нядобрыя арганізацыі. І тут зноў жа зьвярніце ўвагу на піяраўскую інфармацыйную падсьветку. Не дамо клянаваць Гітлера! – скажа абураная сусьветная грамадзкасьць. А пры гэтым клянаваньне Моцарта ў яе вачох аўтаматычна будзе выглядаць справай сьветлай і добрай, цалкам станоўчай. Маральны аспэкт самога клянаваньня будзе затулены.

Натуральна, сёньня Моцарта ніхто не клянуе. Гэтая працэдура можа стаць падарункам кампазытару пазьней, калі будуць адладжаныя ўсе тэхналёгіі, напрыклад, да 300-гадовага юбілею. Тады мы і даведаемся, ці магчымая канчатковая разгадка таямніцы ягонай сьмерці, а можа і ягонага жыцьця і ягонага генія.

Але тое, што новы Моцарт зьявіцца, сумневаў не выклікае. Хоць бы таму, што Моцарта – шкада. Ні Баха з Бэтговэнам, ні Чайкоўскага з Глінкам так не шкада, як Моцарта. Моцарта шкада такім жывым і міжвольным шкадаваньнем, як шкада бывае парушальнікаў канону, “няправільных”, але ўсімі любімых творцаў, што зразумелыя і блізкія кожнай чалавечай душы.
XS
SM
MD
LG