Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штабы прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта рыхтуюцца да агітацыйнай кампаніі


Радыё Свабода Адзіны кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч накіраваўся ў міжнароднае турнэ, выбарчы штаб Алякандра Казуліна патрабуе прыцягнуць да адказнасьці чыноўнікаў, што перасьледвалі сябраў яго ініцыятыўнай групы, а Сяргей Гайдукевіч рыхтуе да прэзэнтацыі сваю эканамічную праграму.

Аляксандар Мілінкевіч разам з прадстаўнікамі ягонага штабу сёньня накіраваўся ў Брусэль, дзе мае адбыцца іх сустрэча з кіраўніцтвам Эўрапейскага зьвязу. Пасьля яны наведаюць Бэрлін. А пра тое, што адбываецца ў выбарчым штабе Мілінкевіча, распавёў кіраўнік ягонай прэсавай службы Сяргей Вазьняк:

(Вазьняк: ) “Мы сёньня заканчваем вылучэньне людзей ва ўчастковыя выбарчыя камісіі. Ідзе чарнавая праца. Ужо відавочна, што мы будзем зарэгістраваныя. Бо здадзена 200 тысячаў подпісаў, і плюнуць гэтым людзям у твар і ў душу ўлада наўрад ці асьмеліцца. Рыхтуемся да актыўнай фазы агітацыйнай кампаніі”.

Тым часам на некаторых сябраў ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча аказваецца ціск з боку ўладаў. Ад жонкі актывіста каманды Мілінкевіча Юрыя Кутузава са Смаргоні адміністрацыя ўстановы, дзе яна працуе, пад пагрозай звальненьня патрабуе пераканаць мужа адмовіцца ад удзелу ў выбарчай кампаніі.

Падобным чынам дзейнічаюць і ў адным з аршанскіх дзіцячых садкоў, дзе працуе сябра ініцыятыўнай групы Аляксандра Казуліна Вольга Францішкевіч. Гаворыць прэсавая сакратарка штабу Аляксандра Казуліна Ніна Шыдлоўская:

(Шыдлоўская: ) “Загадчыца дзіцячага садка сабрала сход. Перад гэтым яна вымушала сябру ініцыятыўнай групы выйсьці з выбарчай кампаніі. А калі тая працягвала працаваць у непрацоўны час, загадчыца сабрала сход, на якім паставіла жорсткія ўмовы і парвала падпісныя лісты, на якіх ужо былі сабраныя подпісы”.

Кіраўніцтва штабу Алякандра Казуліна падала заяву ў пракуратуру з патрабаваньнем прыцягнуць загадчыцу дзіцячага садка Тацяну Качагараву да крымінальнай адказнасьці за злоўжываньне службовым становішчам і супрацьдзеяньне ажыцьцяўленьню выбарчага права.

Тым часам актывісты штабу Зянона Пазьняка, які ўжо сыйшоў з выбарчай дыстанцыі, рыхтуюцца да агітацыйнай кампаніі за “народнае галасаваньне”. Як паведаміў намесьнік старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Сяргей Папкоў, ягоныя калегі будуць удзельнічаць у агітацыйнай кампаніі і цяпер рыхтуюць заяўкі на правядзеньне ў Менску у лютым і сакавіку шэрагу пікетаў.

А прэтэндэнт Сяргей Гайдукевіч гаворыць, што цяпер для ягонага штабу пачынаецца самы гарачы час. Актывісты ягонай каманды рыхтуюцца да агітацыйнай кампаніі. А сам ён у хуткім часе прэзэнтуе сваю эканамічную праграму.
XS
SM
MD
LG