Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Завяршылася вылучэньне прадстаўнікоў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі


Радыё Свабода 29 студзеня завяршылася вылучэньне прадстаўнікоў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі. Вылучаць сваіх прадстаўнікоў мелі права палітычныя партыі і грамадзкія арганізацыі, а таксама працоўныя калектывы і грамадзяне шляхам збору подпісаў. Усе яны мелі магчымасьць вылучыць толькі па адным прадстаўніку ў камісію. Усяго ж участковых выбаркамаў больш за 6 з паловай тысячаў.

Аб’яднаная апазыцыя, якая падтрымлівае прэтэндэнта ў кандыдаты Аляксандра Мілінкевіча, каардынавана вылучала сваіх прадстаўнікоў ў камісіі па ўсёй краіне. Аб’яднаная грамадзянская партыя вылучыла ў Менску больш за 500 сваіх сябраў, і прыкладна столькі ж па ўсіх абласьцях.

Вылучэньне праводзілі абласныя партыйныя структуры, часткова шляхам збору подпісаў. Паводле актывіста АГП Сяргея Альфера, праблема была толькі ў тым, каб пераканаць сябраў вылучацца ў выбаркамы. Зважаючы на вопыт папярэдніх кампаній і вынікі фармаваньня сёлетніх тэрытарыяльных камісій, у іх склад ад апазыцыі трапляюць толькі адзінкі. Прычым ад АГП у склад камісій ня ўключана ніводнага сябра. Гэтым разам у склад участковага выбаркаму вылучаны старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

(Альфер: ) “Ён па месцы жыхарства вылучаўся, шляхам збору подпісаў. Дарэчы, ягоны вопыт адпавядае ўсім тым патрабаваньням, пра якія гаварыла спадарыня Ярмошына – двойчы дэпутат Вярхоўнага Савету, дэпутат мясцовага Савету. Я думаю, чалавек вельмі дакладны для таго, каб быць сябрам участковай камісіі. Пабачым, ці ўключаць яго ва ўчастковую камісію”.

Партыя БНФ агулам вылучыла ад мясцовых структураў і шляхам збору подпісаў каля 300 прадстаўнікоў ва ўчастковыя выбаркамы. Гэта, паводле актывіста партыі БНФ Віктара Івашкевіча, партыйцы з вышэйшай адукацыяй. Зь імі праведзены інструктаж па выбарчым заканадаўстве. Хаця тут ужо не абыйшлося без перашкодаў з боку ўладаў. Міліцыя затрымала каля тысячы мэтадычных матэрыялаў і перадала іх на экспэртызу ў міністэрства юстыцыі.

(Івашкевіч: ) “Я перакананы, што нашы людзі, якія маюць інжынэрную, настаўніцкую ці іншыя вышэйшыя адукацыі нічым ня горш за тых настаўнікаў ці супрацоўнікаў кантор, якіх накіроўваюць у камісіі. Адзінае, што яны ня маюць вопыту фальшаваньняў і любога падпарадкаваньня прадстаўнікам адміністрацый. Але гэта, я лічу, што плюс, а спадарыня Ярмошына лічыць, што гэта мінус”.

Сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя выбаркамы масава вылучыла таксама Партыя камуністаў Беларуская, а шляхам збору подпісаў вылучаліся сябры няўрадавых арганізацый.

БСДП(Грамада) вылучыла каля тысячы прадстаўнікоў у выбаркамы. Лібэральна-дэмакратычная партыя па ўсёй краіне падала 378 пратаколаў. Паводле Сяргея Гайдукевіча, чакаецца, што пройдуць у камісіі каля 76 сяброў партыі. Прычым іх вылучэньне адбывалася выключна шляхам збору подпісаў і партыйнасьць не ўказвалася. Спадар Гайдукевіч называе гэта “сапраўдным манэўрам”, таму што партыйнасьць ва ўладаў выклікае нэгатыўныя асацыяцыі.

(Гайдукевіч: ) "Партыйнымі шляхамі мы ўжо пайшлі ў тэрытарыяльныя камісіі і што мы атрымалі: 8 – 9 чалавек… І цяпер спадзяемся, можа, нейкі вынік будзе".

Участковыя выбарчыя камсіі ўтвараюцца раённымі, гарадзкімі ўладамі, а ў гарадах з раённым дзяленьнем раённымі адміністрацыямі. У складзе ўчастковай камісіі можа быць да 19 сябраў.
XS
SM
MD
LG