Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Івана Крука абвінавачваюць у супраціве міліцыянтам


Радыё Свабода Івана Крука выклікаў пракурор Астравецкага раёна і азнаёміў яго з рапартамі двух супрацоўнікаў міліцыі, якія днямі рабілі ў ягонай кватэры ператрус. У рапартах міліцыянты пішуць, што Іван Крук чыніў ім перашкоды ў іх дзеяньнях і пазрываў ім пагоны.

Іван Крук напісаў тлумачэньне пракурору, у якім абверг паказаньні міліцыянтаў і падкрэсьліў, што падчас ператрусу ў ягонай кватэры прысутнічалі сьведкі – ягоныя родныя і суседзі, а таксама панятыя, якіх прывялі міліцыянты.

Нагадаю, што ператрус у мінулы чацьвер у кватэры Івана Крука, зборшчыка подпісаў за А.Мілінкевіча, адбыўся ў сувязі з тым, што міліцыя падазрае ягонага сына, які вучыцца ў 10 клясе, у крадзяжы грошай у пэнсіянэркі. Супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу.

Падчас вобшуку, як паведаміў Іван Крук, міліцыянты не знайшлі нічога, што магло б сьведчыць аб злачынстве сына. Але яны канфіскавалі ў яго 15 бюлетэняў Кангрэса дэмакратычных сілаў, некалькі экзэмпляраў мясцовага бюлетэня “Інфарматар”. Потым іх зацікавіў кампутар. Іван Крук пачаў абурацца, маўляў, якое дачыненьне кампутар мае да крадзяжу. Міліцыянты хацелі яго таксама канфіскаваць, але Іван Крук скінуў яго са стала на падлогу і разьбіў.

Усяго гэтага не вытрымала жонка Івана Крука. Зь яго слоў, у яе адбыўся сардэчны прыступ, і зараз яна знаходзіцца ў шпіталі.
XS
SM
MD
LG