Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Амбасадар ЗША ў Беларусі Джордж Крол: “Мой радавод паходзіць з Рэчы Паспалітай, я тутэйшы”


Радыё Свабода Сёньняшні госьць на “Свабодзе” – амбасадар ЗША ў Беларусі Джордж Крол.

Спадар Крол нарадзіўся ў 1956 годзе ў штаце Пэнсільванія. Скончыў падрыхтоўчую школу Сьвятога Пятра ў Джэрзі-Сіці, атрымаў ступень бакаляўра і магістра гісторыі ў Гарвардзкім унівэрсытэце; ступень бакаляўра і магістра філязофіі, палітыкі і эканомікі ў Оксфардзкім унівэрсытэце ў Англіі. Нежанаты. Захапляецца гісторыяй, турызмам, веславаньнем на байдарках. Любіць чытаць творы Ўладзімера Караткевіча і Васіля Быкава.

Спадар Крол працуе ў дыпляматычнай службе ЗША больш за 20 гадоў, і за гэты час сам стаў сьведкам і ўдзельнікам многіх гістарычных падзей, у тым ліку распаду Варшаўскага блёку і СССР, пашырэньня НАТО і Эўразьвязу.

З Джорджам Кролам размаўляў наш карэспандэнт Валер Каліноўскі. Гэта адно зь першых інтэрвію, якое спадар Крол даў цалкам на беларускай мове.

(Карэспандэнт: ) “Сёлета ў студзені споўнілася 15 гадоў крывавым падзеям у Вільні, калі літоўцы баранілі ад савецкіх войскаў свой парлямэнт, тэлецэнтар. Ваш калега амбасадар Літвы амбасадар Пятрас Вайтэкунас 12 студзеня выказаў Вам асабістую падзяку за тое, што Вы ў той час былі зь літоўскім народам на вуліцах Вільні. Ці не маглі б Вы прыгадаць, якой была Ваша асабістая роля ў тых падзеях, і як уплывалі на іх ЗША?”

(Крол: ) “Тады я працаваў у амэрыканскім генконсульстве ў Ленінградзе ў якасьці консула. Літва, Латвія і Эстонія тады былі на тэрыторыі Савецкага Саюза, але амэрыканскія ўлады ніколі не прызнавалі далучэньне прыбалтыйскіх краін у склад Савецкага Саюза. Але як консул я меў тады паўнамоцтвы працаваць на тэрыторыі гэтых прыбалтыйскіх краін. Я там быў у Вільні ў студзені месяцы ў час гэтых крывавых падзей, калі савецкія войскі захапілі тэлевежу. Пасьля гэтага я быў у будынку Вярхоўнага Савету ў гэты трывожны час у гісторыі Літвы. Я зьяўляўся сьведкам гэтых падзей і мужнасьці літоўскага народа, як адзіны прадстаўнік амэрыканскіх уладаў у Літве. Для мяне было вялікім гонарам прадстаўляць Злучаныя Штаты Амэрыкі. Слава Богу, гэта скончылася пасьпяхова ня толькі для літоўцаў, але і для ўсіх народаў Савецкага Саюза”.

(Карэспандэнт: ) “Ці думалі Вы тады, што гэтак хутка адбудзецца распад Савецкага Саюза, што надыдуць новыя часы? Якія былі Вашы ўражаньні ў гэты пераломны час?”

(Крол: ) “Тады гэта было вельмі дзіўна. Яшчэ была магутная кампартыя, дзяржаўныя органы, канешне, былі і эканамічныя праблемы ў Савецкім Саюзе, гэта было бачна. Але была ўжо свабода гаварыць розныя погляды, і гэта было ўнікальнай рэччу. Але такой хуткасьці распаду мы не чакалі. І гэта было дзіўна, наколькі я ведаю, усім, дыпляматам і нават мясцовым людзям”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар амбасадар, у Вас багаты досьвед дыпляматычнай працы ў Савецкім Саюзе, краінах былога сацыялістычнага блёку, у прыватнасьці ў ПНР, Вы засьпелі там і пераломныя часы, але і часы моцнай камуністычнай улады. Ці карысны Вам гэты досьвед у сучаснай Беларусі?”

(Крол: ) “Канешне, гэты досьвед вельмі карысны ў цяперашняй Беларусі. Мэнталітэт Савецкага Саюза, прапаганда тых каштоўнасьцяў, якая доўга вялася, асабліва на тэрыторыі Беларусі, што ня мела досьведу незалежнасьці ў міжваенны час, як краіны Балтыі – я адчуваю гэта ўсё яшчэ тут у Беларусі. Цяпер я бачу адраджэньне гэтай сыстэмы, і гэта турбуе ня толькі мяне, але ўсіх, хто лічыць, што пасьля распаду СССР надышлі новыя часы для ўсіх супольнасьцяў, якія былі пад уплывам Савецкага Саюза. Тое, што адбываецца ў Эўропе, асабліва ў Цэнтральнай і Усходняй – у Польшчы, Літве, Вугоршчыне – для Беларусі, мне падаецца, было б вельмі карысна зь імі мець кантакты для разьвіцьця супольнасьці”.



(Карэспандэнт: ) “Спадар амбасадар, Вы, відаць, унікальны для Беларусі дыплямат, таму што Вы працавалі тут больш за 10 гадоў таму назад намесьнікам амбасадара Злучаных Штатаў, і праз 10 гадоў Вы прыехалі зноў і можаце параўнаць. У 1994 годзе Вы былі адным з арганізатараў візыту Біла Клінтана ў Менск, гэтай гістарычнай падзеі. Летась у сьнежні той знак, які паставіў Клінтан у Курапатах, быў зноў пабураны невядомымі вандаламі, якіх ніхто не можа знайсьці…”

(Крол: ) “Так, вельмі шкада …”

(Карэспандэнт: ) “Вы можаце ацаніць, наколькі зьмянілася паміж першым Вашым побытам тут і другім атмасфэра беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў ня толькі паміж урадамі, але і паміж народамі дзьвюх краін?”

(Крол: ) “Канешне, адносіны паміж уладамі ЗША і Беларусі ня вельмі добрыя цяпер, як гэта было тады. Шкада гэтага. Я памятаю, калі быў вельмі актыўны працэс умацаваньня кантактаў і сумесных праектаў паміж уладамі Злучаных Штатаў і Беларусі, перамовы наконт раззбраеньня, мы вельмі пасьпяхова працавалі з прадстаўнікамі беларускіх уладаў, былі кантакты на найвышэйшым узроўні, напрыклад, прэзыдэнт Клінтан сюды прыехаў і вёў размовы з прэм’ер-міністрам і старшынёй Вярхоўнага Савету. Ён меў кантакты і зь людзьмі на плошчы Перамогі, я памятаю добра, быў і ў гістарычным месцы – у Курапатах. Прыяжджаў у Беларусь і дзяржсакратар. Цяпер, на жаль, узровень сустрэчаў і дыялёгу значна панізіўся. Але ёсьць яшчэ супрацоўніцтва паміж нашымі ўладамі на працоўным узроўні. У нас ёсьць сумесны клопат па недапушчэньні гандлю людзьмі і тэрарызму. Але такой магутнасьці адносін няма. Асабліва пасьля скандалу ў Драздах і пасьля таго, як тут быў зьбіты паветраны шар і загінулі амэрыканскія грамадзяне... І дагэтуль не было магчымасьці падвысіць гэты ўзровень адносін.

Але я б сказаў, што за гэты час павялічыліся кантакты і адносіны паміж народамі – амэрыканскім і беларускім. Яны нават актыўнейшыя, чым тады, калі адносіны паміж уладамі былі лепшыя. Больш кантактаў, больш людзей зь Беларусі езьдзіць у Амэрыку працаваць часова, вучыцца, і кантакты паміж нашымі недзяржаўнымі арганізацыямі ёсьць. Мы падтрымліваем, як можам, гэтыя кантакты паміж нашымі народамі. За гэты час мы адкрылі 12 амэрыканскіх куткоў у бібліятэках тут, у Беларусі. Шкада, што там, на тэрыторыі ЗША, такіх беларускіх куткоў няма, але яны патрэбныя, вельмі патрэбныя”.

Джордж Крол у якасьці амбасадара ЗША прыбыў у Беларусь 3 верасьня 2003 году. За час працы Джорджа Крола ў Беларусі ў бібліятэках многіх гарадоў Беларусі зьявіліся амэрыканскія куткі, актывізавалася гуманітарнае супрацоўніцтва, напрыклад, амэрыканская фінансавая дапамога беларускім шпіталям. Аднак палітычныя адносіны паміж Беларусьсю і ЗША застаюцца напружанымі.

(Карэспандэнт: ) “Спадар амбасадар, Вы рабілі нядаўна ацэнкі дэмакратычнасьці будучых беларускіх прэзыдэнцкіх выбараў у Вашынгтоне. Гэтыя Вашы ацэнкі былі вельмі нэгатыўна трактаваныя афіцыйнымі беларускімі тэлеканаламі. Ці разьлічвалі Вы на такую рэакцыю?”

(Крол: ) “Гэтая рэакцыя не была для мяне сюрпрызам. Але тое, што сказалі на тэлебачаньні, было ілжывым. Я не казаў так, калі быў у Вашынгтоне. Напрыклад, памылка пра тэрміны прэзыдэнцтва, пра тое, што я нібыта ня ведаю Канстытуцыю – я не казаў аб гэтым у часе прэсавай канфэрэнцыі. Альбо што ўсе апазыцыйныя лідэры знаходзяцца пад арыштам – я казаў, што ёсьць людзі з апазыцыі ў турме, як Марыніч, Леванеўскі, альбо на абмежаваньні волі, як Статкевіч, Севярынец. Я не лічу дзяржаўныя СМІ Беларусі сродкамі масавай інфармацыі – гэта сродкі прапаганды, дзяржаўныя органы. Гэта нядаўна прызнаў і кіраўнік краіны. Калі я працаваў у Польшчы ў часы Ярузэльскага, там таксама была вельмі жорсткая прапаганда супраць Злучаных Штатаў, як і ў Савецкім Саюзе… Гэта вельмі дрэнна для беларусаў. Не для амэрыканцаў і эўрапейцаў. Беларусам трэба інфармацыя, ды і трэба паважаць Беларусь”.



(Карэспандэнт: ) “Дзяржаўныя тэлеканалы ўвесь час нэгатыўна паведамляюць і пра амэрыканскую амбасаду. Ці спрабуеце Вы наладзіць зь імі кантакт, зь беларускімі ўладамі, каб нівэляваць такі падыход?”

(Крол: ) “Беларускія ўлады ведаюць нашу пазыцыю, я сустракаўся з прадстаўнікамі беларускай улады, я перадаў сваю пазыцыю, у тым ліку ў МЗС. Тое, як на беларускім дзяржаўным тэлебачаньні паказалі дзеяньні амэрыканскіх дыпляматаў – гэта ня толькі нэгатыўнае, але фальшывае паведамленьне. Гэта спроба ініцыяваць вельмі нэгатыўныя эмоцыі і нянавісьць сярод беларусаў супраць ня толькі амэрыканскай улады, але і амэрыканскай культуры і амэрыканцаў. І гэта вельмі дрэнна. Можна крытыкаваць палітыку адміністрацыі Буша, можна спрачацца, гэта нармальна, і ня толькі для Беларусі. Вось, напрыклад, нашы адносіны з Расеяй – ёсьць дэбаты, дыялёгі”.

(Карэспандэнт: ) “Дазвольце, спадар амбасадар, некалькі асабістых пытаньняў. І найперш я хацеў бы са зьдзіўленьнем згадаць, што ў Вашай афіцыйнай біяграфіі, зьмешчанай на сайце амбасады, напісана, што Вы валодаеце расейскай і польскай мовамі, а пра тое, то вы валодаеце і беларускай, згадкі няма. Між тым нашае інтэрвію з Вамі, размова, паказваюць, што Вы добра ведаеце беларускую мову”.

(Крол: ) “Гэта не напісана, таму што ў інстытуце замежных моў Дзярждэпартамэнту пакуль няма экзамэну па беларускай мове. Я прыхільнік вывучэньня беларускай мовы ў гэтым інстытуце, і цяпер, наколькі я ведаю, ёсьць амэрыканскія дыпляматы, якія зараз вучаць беларускую мову, хаця гэта ня так афіцыйна, як расейскую ці якую іншую мову. Але наколькі я ведаю, яны могуць увесьці экзамэн па беларускай мове ў будучыні, і, можа быць, у маёй афіцыйнай біяграфіі, калі я пасьпяхова здам экзамэн, будзе напісана, што я валодаю беларускай мовай”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, як Вы вучылі беларускую мову, і ці ёсьць у Вас зараз магчымасьці ўдасканальваць сваё валоданьне беларускай мовай?”

(Крол: ) “Зараз ёсьць у амбасадзе выкладчыца, якая кожны тыдзень навучае, і калі ёсьць час, я займаюся зь ёю беларускай мовай. А калі я быў у Вашынгтоне, я меў магчымасьць вучыць беларускую мову. У тым інстытуце была і ёсьць выкладчыца расейскай мовы, але яна зь Беларусі. Я запытаў яе, ці можа яна вучыць беларускай мове, і яна пагадзілася з задавальненьнем. Яна была настаўніцай беларускай мовы ў школе на Магілёўшчыне.

Кожны раз, калі я выступаю публічна ў Беларусі, я прамаўляю толькі па-беларуску. Гэта для мяне ня толькі знак павагі да беларускага народу. Я магу з задавальненьнем размаўляць зь людзьмі на расейскай мове. Але беларуская мова для мяне сапраўды вельмі прыгожая, мілагучная, і калі я чую гэтую мову, напрыклад, у вёсках – гэта як музыка для мяне”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар амбасадар, зыходзячы з таго, што Вы так добра гаворыце па-беларуску, па-польску, па-расейску, можа, ёсьць у вашым радаводзе славянскія карані?”

(Крол: ) “Канешне, з Рэчы Паспалітай... Мы ня толькі сябры, я тутэйшы… Мой дзядуля з боку бацькі паходзіць зь цяперашняй Польшчы. Ён эміграваў у Злучаныя Штаты ў канцы 19-га стагодзьдзя. Ягонае месца нараджэньня – на поўдні Польшчы, у гарах недалёка ад Закапанэ. Бабуля, ягоная жонка, таксама паходзіць з Польшчы, але зь мясьцін, бліжэйшых да мяжы цяперашняй Украіны. З боку матулі мой род паходзіць з Харватыі… Але наколькі я ведаю, усе славяне паходзяць зь Беларусі, з Палесься. І калі я быў некалькі месяцаў таму на Палесьсі, я адчуваў там нутраны магнэтызм славянства. Я як чысты славянін адчуваю, што штосьці там ёсьць, у балотах, у Прыпяці, можа быць, мы ўсе славяне адтуль”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце колькі слоў пра сваю сям’ю, пра сваіх братоў, якую кар’еру яны зрабілі?”

(Крол: ) “Бацька мой цяпер на пэнсіі, ён паводле адукацыі хімік, мае 82 гады, мама таксама, але яны, слава Богу, жывыя і здаровыя, займаюцца спортам кожны дзень. Я маю двух братоў: старэйшага і сярэдняга. Я малодшы. Старэйшы брат жыве ў штаце Нью-Джэрзі, дзе й бацькі жывуць, ён займаўся музэйнай спарвай. Сярэдні брат – адвакат, жыве ў Філядэльфіі. Я нарадзіўся ў раёне Пітсбурга, Пэнсільванія, але мы жылі зь сям’ёй у штаце Нью-Джэрзі, і таму я лічу, што Нью-Джэрзі – мой родны кут”.

З афіцыйнай біяграфіі:

Амбасадар Джордж Альбэрт Крол – кар’ерны дыплямат. Ён пачаў дыпляматычную службу ў 1982 годзе і працаваў на розных пасадах у Польшчы, Індыі, Савецкім Саюзе, Расеі, Украіне і Беларусі. Апошнім часам працаваў у якасьці дарадцы-пасланьніка па палітычных пытаньнях у амбасадзе Злучаных Штатаў у Маскве (1999-2002 гг.) Ён таксама займаў пасады намесьніка амбасадара і часовага паверанага ў справах ЗША ў Беларусі (1993-1995 гг.) Сярод ягоных прызначэньняў у Вашынгтоне – пасады дырэктара аддзела расейскіх спраў (1997-1999 гг.) і спэцыяльнага памочніка амбасадара па асаблівых даручэньнях у Садружнасьці незалежных дзяржаў (1995-1997 гг.) Амбасадар Крол мае шэраг узнагарод Дзярждэпартамэнта. Валодае расейскай і польскай мовамі.
XS
SM
MD
LG