Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гарадзеншчыне аказваюць ціск на сяброў ініцыятыўнай групы Мілінкевіча


Радыё Свабода Раніцай 27 студзеня ў Смаргоні жонку сябра ініцыятыўнай групы Мілінкевіча Юрыя Кутузава Ларысу выклікаў начальнік і схіляў яе, каб яна прымусіла мужа забраць сабраныя ім подпісы. Ім сабрана 273 подпісы за Мілінкевіча. Як зазначыў кіраўнік мясцовай ініцыятыўнай групы Алесь Дзергачоў, гэта амаль трэцяя частка ад усіх подпісаў за Мілінкевіча: усяго ў Смаргонскім раёне сабрана 854 подпісы. Ларыса Кутузава працуе ў раённай інспэкцыі, якая займаецца насеньнем для сельскай гаспадаркі. Сам Юры Кутузаў – беспрацоўны.

Раніцай таго ж дня ў Мастах дахаты сябру ініцыятыўнай групы Мілінкевіча Алесю Зарэмбюку паштарка прынесла ліст з раённага суду, аднак адрасата не было дома. Як паведаміў “Свабодзе” ягоны бацька Віктар Зарэмбюк, учора ў 21.45 два міліцыянты даставілі позву для Алеся на адміністрацыйную камісію, якая мае адбыцца сёньня. Бацька мяркуе, што гэта можа быць зьвязана з канфіскацыяй пяці тысяч каляндарыкаў са здымкам Аляксандра Мілінкевіча, якая адбылася некалькі дзён таму. Тады на чыгуначнай станцыі ў Мастах міліцыянты часова затрымалі Алеся Зарэмбюка і яшчэ аднаго ўдзельніка ініцыятыўнай групы Мілінкевіча з Горадні — Яўгена Скрабутана. Дарэчы, Яўгена па тэлефоне выклікалі ў мастоўскі суд, але ён чакае афіцыйнай позвы.

Як паведаміў кіраўнік ініцыятыўнай групы Мілінкевіча на Гарадзеншчыне Анатоль Хацько, у Горадні здадзена больш за 13 тысяч подпісаў, па вобласьці — 27931.

Паводле зьвестак, атрыманых ад намесьніка кіраўніка абласной ініцыятыўнай групы Казуліна Ўладзіміра Кісялевіча, у Горадні здадзены 10503 подпісы, па вобласьці — больш за 16 тысяч.
XS
SM
MD
LG