Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці была ў менчукоў магчымасьць падпісацца за кандыдатаў на прэзыдэнта?


Радыё Свабода Ці мелі Вы магчымасьць паставіць свой подпіс за кандыдатаў на прэзыдэнта й ці не баяліся падпісвацца? Гэтым пытаньнем у мінакоў на вуліцах Менску цікавілася наша карэспандэнтка.

(Спадар: ) “Была магчымасьць – за прэзыдэнта магчымасьць была. Людзі прыйшлі, подпіс папрасілі. Папрасілі – й далі. А чаго баяцца? Нам баяцца няма чаго”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці мелі Вы магчымасьць паставіць свой подпіс за кандыдатаў на прэзыдэнта й ці не баяліся падпісвацца?”

(Спадарыня: ) “Была магчымасьць двойчы падпісацца. Я й мой муж падпісаліся за Мілінкевіча й за Лукашэнку, бо мы лічым, што кожны мае права ўдзельнічаць у выбарах. А баяцца – а каго баяцца? Не было такога, каб перасьледавалі нас, ці пагражаў хто – такога ніколі не было”.

(Спадар: ) “Я толькі зволіўся з узброеных сілаў і пакуль яшчэ не падпісваўся”.

(Спадарыня: ) “Была магчымасьць, але не падпісвалася. Баялася – дзяржаўная служачая, служачая дзяржапарату”.

(Спадар: ) “Была – хадзілі, прасілі – магу сказаць адно: за Лукашэнку я не падпісаўся. Я не ўваходжу ні ў якія прэзыдэнцкія структуры, я дробны прадпрымальнік, зарабляю сабе сам і з рукі прэзыдэнта не кармлюся”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці мелі Вы магчымасьць паставіць свой подпіс за кандыдатаў на прэзыдэнта й ці не баяліся падпісвацца?”

(Спадар: ) “Магчымасьць такая, пэўна, у мяне была. У кожным разе я бачыў людзей, якія зьбіралі подпісы. Я ня ведаю праграмы ніводнага чалавека, за якога зьбіраюць подпісы. Я ні за каго не падпісаўся, мне не было страшна й за Лукашэнку я галасаваць ня буду”.

(Спадарыня: ) “Не. Я не баялася падпісвацца, паколькі Беларусь лічыцца свабоднай краінай. Я падпісвалася за Казуліна, бо лічу, што гэта лепшы з кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта”.

(Спадар: ) “Калі чэсна, то калі хадзілі па кватэрах, то я не падпісваўся. Бо я лічу, што мяне ставяць у нейкія жорсткія ўмовы: калі да цябе з афіцыйным прыветам прыходзяць на кватэру, то гэта не зусім сумленна”.

(Карэспандэнтка: ) “Калі не сакрэт, за каго прасілі падпісацца?”

(Спадар: ) “Канечне, не сакрэт, таму я й не пагадзіўся”.

(Карэспандэнтка: ) “А не баяліся адмаўляцца?”

(Спадар: ) “Канечне, нешта такое ёсьць. Бо гэта кватэра, гэта месца, дзе дакладна вядома, што цябе знойдуць, дакладна ведаюць, што з табой можа нешта здарыцца, што на цябе можна неяк паўплываць – вось гэта мне й не падабаецца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG