Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вобраз Аляксандра Лукашэнкі ў творчасьці


Радыё Свабода Зьяўленьне ў Беларусі інстытуту прэзыдэнцтва прычынілася да стварэньня шэрагу мастацкіх і хранікальна-дакумэнтальных, публіцыстычных твораў. У палотнішчах і кнігах, песьнях і кінастужках, мультфільмах і прыпеўках аўтары з рознай ступеньню таленту, фантазіі і праўдзівасьці спрабуюць аналізаваць, крытыкаваць, ухваляць новую для краіны сацыяльна-палітычную зьяву. Якім бачыцца беларускі прэзыдэнт аўтарам?

Дзякуючы абвостранай увазе да сваёй пэрсоны Аляксандар Лукашэнка нават патрапіў у “Кнігу рэкордаў Гінэса”. Дзесяць гадоў таму народны мастак Беларусі Аляксандар Кішчанка стварыў гіганцкі “Габэлен стагодзьдзя”, які стаў рэкардсмэнам, перадусім, сваімі памерамі. На палотнішчы, апроч усясьветна вядомых асобаў, ёсьць выява і кіраўніка Беларусі, якога мастак пасьпеў “інтэграваць” у апошні момант. Праўда, каньюнктурная пасьпешлівасьць не дапамагла мастаку “выбіць” месца для пастаяннай экспазыцыі – з-за вялізных памераў да агляду габэлен выстаўляецца рэдка, апошнім разам гэта было на Дзень незалежнасьці ў 2004 годзе. Рэшту часу ён ляжыць па музэйных складах. Тым часам старшыня Саюзу мастакоў Уладзімер Басалыга кажа, што мастацкія вартасьці габэлену – пытаньне другаснае. Галоўнае – унікальны аб’ём працы.

(Басалыга: ) “Такога габэлену, як саткаў Кішчанка – “Габэлен стагодзьдзя” (ня буду казаць па мастацкіх якасьцях – можа камусьці гэта і не падабаецца), такога габэлену мы іншага ня ведаем. Што да памераў і якасьцяў тэхнічных – вышыня 18 мэтраў, шырыня 12, то гэта мастацкі твор. Ня проста тканіна, як звычайна кажуць пра габэлен. Гэта тэматычны габэлен – з партрэтнымі, кампазыцыйнымі, структурнымі знаходкамі з боку Кішчанкі”.

У той жа час, як Аляксандар Кішчанка ствараў свой гіганцкі габэлен, менскі гурт “Ляпіс-Трубецкой” прапагандаваў толькі што абранага кіраўніка краіны са сцэны. Праўда, іх твор “Лу-Ка-Шэн-Ка” на матыў вядомай песенькі зь дзіцячай стужкі “Прыгоды Бураціна” ў рэпэртуары каманды доўга не пратрымаўся. Нядаўна лідэр “Ляпісаў” Сяргей Міхалок на форуме парталу Tut.by расказаў, што “інтэрпрэтатараў” выклікалі ў адпаведныя органы, дзе папулярна патлумачылі – чаму гэтую песьню больш сьпяваць ня трэба. Аднак на закрытых вечарынах “Лу-Ка-Шэн-Ка” рэгулярна гучыць дагэтуль.

Ня доўга праіснаваў і яшчэ адзін праект з удзелам Міхалка – “Саша і Сірожа” – у дуэце з мастаком Аляксеем Хацкевічам. “Трасянка” герояў, а таксама іхныя імправізацыі на палітычныя тэмы сталі падставай да хуткага разьвітаньня з “клоўнамі” спачатку на Першым музычным канале, а потым і на Першым нацыянальным. Затое “Саша і Сірожа” стала прапісаліся на ўкраінскім тэлебачаньні. Аляксей Хацкевіч кажа, што на іхным прыкладзе яскрава прасочваецца вяртаньне ў Беларусь “тэлефоннага права”.

(Хацкевіч: ) “Каб даведацца – каму не падабаецца, што не падабаецца. Нам тады было б прасьцей, можна было б падумаць – варта штосьці зьмяняць. Мы б зразумелі – варта тут увогуле спрабаваць выходзіць; часова гэта ці ўвогуле нас тут ня будуць выпускаць. Ніхто не гаворыць – маўляў, хлопцы, спыніце гэтым займацца. Пастаянна камусьці хтосьці тэлефануе. Хто – не гавораць. Але хтосьці аднекуль “зьверху”.

Прэзыдэнцкая тэма актыўна ўсплыла і на экранах. Праўда, калі каналы дзяржаўнага тэлебачаньня імкнуцца засьведчыць сваю павагу да найвышэйшага кіраўніцтва, то іх апанэнты зь ліку недзяржаўных летапісцаў "рэжуць праўду-матку" на розных кінафэстывалях і ў рэжыме напаўпадпольных праглядаў. Жанр антыпрэзыдэнцкай дакумэнталістыкі распачаў рэжысэр Юры Хашчавацкі.

(Хашчавацкі: ) “Я неяк сумна весяліўся з адной нагоды. У нас была спрэчка ў “Белорусской газете”. Я выказаўся: на жаль, сёньня ў кіно, асабліва ў кіно дакумэнтальным, без палітыкі цяжка абысьціся; палітыка сама прыходзіць да цябе. Мне на старонках выданьня пярэчыў рэжысэр Андрэй Кудзіненка – маўляў, гэта ня так. Я тады яшчэ падсьвядома ўсьміхнуўся: ну-ну, паглядзім, малады чалавек, што далей будзе. А далей аказалася, што ягоны фільм у Беларусі практычна забаронены з палітычных матываў. Гісторыя з Кудзіненкам – рэальнае пацьверджаньне вось гэтай цудоўнай думкі: калі ты не ідзеш у палітыку, то палітыка сама прыйдзе да цябе”.

У лідэрах сярод вытворцаў прэзыдэнцкіх панэгірыкаў апошнім часам замацаваўся канал ОНТ. Цэлы шэраг дакумэнтальна-публіцыстычных стужак, прысьвечаных Аляксандру Лукашэнку, вянчае сэрыял кіраўніка каналу Рыгора Кісяля і нядаўна камандзіраванага на “Сталічнае тэлебачаньне” Юр’я Казіяткі, “Найнавейшая гісторыя” – ляўрэат конкурсу “Тэлевяршыня” 2004 году. Фільм лічыцца “эталёнам дакумэнтальна-публіцыстычнай праўды” пра кіраўніка краіны. Адзін з герояў стужкі Мечыслаў Грыб расказвае, як яна стваралася:

(Грыб: ) “Я пагадзіўся, яны прыехалі, запісалі. Сказалі, што ўсё запішуць, а потым мне пакажуць, каб узгадніць. А потым, маўляў, ужо будуць уключаць ці не ўключаць гэтыя фрагмэнты ў фільм, паказваць ці не паказваць. Але здарылася, як заўсёды: пабылі, мы зь імі разьвіталіся, і яны як паехалі... І больш я ад іх ня чуў ні заўваг, ні прапаноў. Звычайнае, як кажуць, “кідалава” – паабяцаць, а не зрабіць. Што да маіх выступаў, яны былі больш зьмястоўныя, больш грунтоўныя. Але аўтары ўзялі толькі тое, што іх задавальняла паводле раскрыцьця тэмы. Ну, што тут зробіш – гэта ж мантаж. Іншымі словамі, стваралася яна так, як і ўсе падобныя гісторыі: не аб’ектыўна, а суб’ектыўна, з інтарэсамі пад аднаго чалавека”.

Ёсьць свае першапраходцы і ў іншых жанрах. Мастак Мікалай Апяок – аўтар палатна, на якім галоўным героем галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Лукашэнка. Летась палотнішча было цэнтральным у часе прэзэнтацыі суполкі мастакоў-баталістаў, якую, зноў жа, узначальвае спадар Апяок. Гэта першая “легальная праца” з кіраўніком краіны ў якасьці цэнтральнага пэрсанажа. Ранейшая спроба менскага партрэтыста Аляксандра Пуцейкі трапіць на выставу да 60-годзьдзя вызваленьня Беларусі з Лукашэнкам у форме галоўнакамандуючага была марнай: экспэртная камісія забракавала партрэт за нізкую мастацкую якасьць. Мікалай Апяок кажа: і ў ягонай творчасьці, і ў працах калегаў-баталістаў няма праяваў “замоўнага” мастацтва.

(Апяок: ) “Тут нармальныя, так сказаць, людзі. Яны займаюць пасады, якія там і адлюстраваныя. Няма ні падхалімства, ні карыкатуры, няма нейкага падлізьніцтва ці чагосьці іншага. Наагул паказана жыцьцё. Тут і “Блакітныя берэты”, і іншыя. Я ўвогуле лічу: мастакі, вось гэтыя пяць чалавек, што адгукнуліся на сёньняшні дзень нашых маладых хлопцаў, якія ідуць у войска, – гэта ж жыцьцё. А ня так проста, каб сёньня бясплатна хтосьці намаляваў нейкую карціну, вы ж ведаеце. Тым больш шматфігурную. Я ўвогуле скажу: гэта подзьвіг нашыя мастакі зрабілі!”

Сёлета ўпершыню Аляксандар Лукашэнка стаў героем мультфільмаў. Група менскіх студэнтаў мела неасьцярожнасьць досыць вольна трактаваць у інтэрнэце вобраз кіраўніка краіны і ягонага атачэньня, за што трапіла на прыцэл да адпаведных структураў. Самы папулярны расейскі мультыплікатар Алег Куваеў, аўтар вядомага далёка за межамі Расеі інтэрнэт-сэрыялу пра Масяню, абураецца спробай увядзеньня ў Беларусі цэнзуры на мультфільмы. Пры ўсёй складанасьці сытуацыі ў Расеі такога прэсу там ён уявіць ня можа. Хоць працы беларускіх студэнтаў, на думку Куваева, досыць “сырыя”.

(Куваеў: ) “Увогуле, гэтыя мультфільмы дурнаватыя. Я іх паглядзеў: зробленыя абы як. Нейкія рэчы ёсьць, у якіх я, магчыма, не разьбіраюся, і яны мне падаліся дзіўнымі. Але ж папраўдзе ня ў гэтым рэч! Сам па сабе факт проста абуральны: супраць людзей, якія займаюцца вэб-анімацыяй, ужываюць рэпрэсіўныя дзеяньні. А ваяваць з мультфільмамі – гэта самая апошняя справа. Гэта ўсё роўна, што ваяваць зь дзецьмі”.

(Карэспандэнт: ) “Нягледзячы на тое, што мультфільмы пэўнага зьместу?..”

(Куваеў: ) “Якая розьніца якога зьместу? Непрыстойнага зьместу ў іх няма, гэта дакладна. Гэта адзінае, што я яшчэ зразумеў бы, каб захады рабіліся супраць аўтараў мультфільмаў непрыстойнага зьместу, якія выкладвалі б іх на дзіцячым сайце. Гэта я зразумеў бы. Але паколькі нічога там і блізка непрыстойнага не ляжала, то гэта палітыка, гэта цалкам зразумела. І менавіта за гэта яны, няшчасныя, і паплаціліся”.

Аляксандар Лукашэнка ўвекавечаны і ў песенным жанры. Своеасаблівым гімнам інстытуту прэзыдэнцтва, у дадатак да зацьверджанага самім Лукашэнкам на дзяржаўным узроўні, можна лічыць сумесны твор кампазытара Эдуарда Ханка і намесьніка старшыні Саюзу журналістаў Рыгора Сакалоўскага, няхітра названы “Таварыш прэзыдэнт”. Роля першапраходца дазваляе спадару Ханку разважаць наконт палітыкі Лукашэнкі:

(Ханок: ) “Аляксандар Рыгоравіч цяпер правільную палітыку праводзіць, не ідучы ў саюз. Таму што саюз для Беларусі – гэта фактычна страта самастойнасьці, стопрацэнтна. Расея ніколі ня пойдзе на тое, каб з кімсьці дзяліцца сувэрэнітэтам і тым больш разьменьвацца пасадамі ды іншым. Расея – гэта вялізная імпэрыя, і гэтым усё сказана. Таму Аляксандар Рыгоравіч цяпер мудра робіць, што ён паступова ад усяго гэтага адыходзіць. Я такую палітыку падтрымліваю. Ён цяпер акцыі найбольшых прадпрыемстваў не прадае расейцам – і правільна робіць. Бо інакш самі ведаеце, чым гэта скончыцца для Беларусі. Я падтрымліваю палітыку Лукашэнкі, і пра гэта можаце напісаць. Ён цяпер ідзе ў тым кірунку, які я вельмі моцна падзяляю”.

Зрэшты, творчы тандэм Ханка-Сакалоўскага ня першы пратаптаў “прэзыдэнцкую сьцяжынку”. Ансамбаль лацінаамэрыканскай патрыятычнай песьні “Грэнада” ў 1970-х гадох у песьні з аналягічнай назвай – “Таварыш прэзыдэнт” (Сompanero Presidente) – увекавечыў вышэйшага кіраўніка Чылі Сальвадора Альендэ.

Колькі яшчэ наканавана існаваць творчасьці, заснаванай на любові ці антыпатыі да прэзыдэнта Лукашэнкі? Фармальна на гэтае пытаньне маюць даць адказ вынікі прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году, калі найвышэйшую пасаду на 12-м годзе існаваньня інстытуту прэзыдэнцтва ў Беларусі можа заняць хтосьці іншы. Аднак аб’ектыўна назіральнікі прагназуюць: прэзыдэнцкі (і адпаведна – антыпрэзыдэнцкі) жанр будзе актуальны нават у выпадку кадравай ракіроўкі...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG