Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебская пэнсіянэрка прынесла зьбіральнікам подпісаў вершы


Радыё Свабода, Віцебск Вершы былі прысьвечаныя Аляксандру Лукашэнку. А на пікет ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча спадарыня прыйшла, каб пераконваць мінакоў у неабходнасьці зрабіць выбар на карысьць дзейнага прэзыдэнта.

Зьбіральнік подпісаў Уладзімер Рамановіч распавёў, што ўжо некалькі дзён таму заўважыў гэтую дужа актыўную жанчыну.

(Рамановіч: ) “Бабулька – “божы адуванчык”, гадоў 65-70. Яна прыходзіць з намі лаяцца. Як толькі бачыць, што да пікета падышоў чалавек, нешта пачаў чытаць – тут жа распачынае зь ім спрэчку. А сёньня зранку вось прынесла ды расклеіла вершы”.

Аркушы зь вершамі ўласнага складаньня спадарыня расклеіла на слупах і сьценах дамоў па вуліцы Леніна – якраз там, дзе да апошняга дня працавалі ініцыятыўныя групы Аляксандра Казуліна, Аляксандра Мілінкевіча і Зянона Пазьняка.

Твор ананімнай аўтаркі пачынаецца са знаёмых словаў гімну “Мы – беларусы з братняю Русьсю”, а працягваецца праклёнамі на адрас апазыцыі (“Цяпер зьявілася апазыцыя, та самая, што ў вайну паліцыя”) і абяцаньнем падтрымаць Аляксандра Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах ( “Прэзыдэнту Лукашэнку мы давяраем, і зараз яго мы выбіраем”). Пад вершамі меўся подпіс: “Дзеці вайны”.

Свой верш аўтарка раздавала і віцебскім мінакам. У міліцыянтаў, якія сядзелі ў службовай машыне і назіралі за зьбіральнікамі подпісаў, паводзіны жанчыны, што распаўсюджвала відавочна незарэгістраваную друкаваную прадукцыю, прафэсійнага інтарэсу ня выклікалі – у той час як да сяброў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, якія раздавалі ўлёткі пра народнае галасаваньне, ахоўнікі парадку падыходзілі двойчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG