Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Язэп Мамонька


Уладзімер Арлоў, Менск Вы памятаеце, як у Купалавых “Тутэйшых” Мікіта Зносак, дэманструючы сваё, так бы мовіць, знаёмства зь беларускаю літаратураю, цытуе: Беларусь, мая старонка, Куток цемнаты. Жыве Шыла, Грыб, Мамонька – Будзеш жыць і ты...

На жаль, абсалютнай большасьці гледачоў сёньняшняга Купалаўскага тэатру (як, відаць, і большасьці чытачоў п’есы) іранічна пералічаныя ў вершыку імёны анічога ня кажуць. Між тым, яны ўвайшлі ў энцыкляпэдыі, бо за гэтымі імёнамі стаяць асобы – кіраўнікі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў – якія ў змаганьні за незалежнасьць Бацькаўшчыны адыгралі ролю далёка не маргінальную. Пра гэта сьведчыць і лёс Язэпа Мамонькі, што нарадзіўся 28 студзеня 1889 году на Случчыне.

Вайсковы тэлеграфіст у гады Першай сусьветнай вайны, Язэп за сваю рэвалюцыйную дзейнасьць пасьпеў адседзець тры гады яшчэ ў царскіх турмах. Неўзабаве яго, аднаго з арганізатараў і дэлегатаў Першага Ўсебеларускага зьезду, што ўзяў курс на самастойнасьць краіны, арыштуюць ужо бальшавікі. Мамонька ўцячэ з-пад варты, стане сябрам прэзыдыюму Рады Беларускай Народнай Рэспублікі і будзе арыштаваны ўжо палякамі...

Лёс падараваў гэтаму неўтаймоўнаму случчаку талент дзівосным чынам вырывацца з-за кратаў.У 1921-м па даручэньні кіраўніцтва БНР Мамонька едзе ў Менск для каардынацыі вызвольнага змаганьня ў Заходняй Беларусі. Новы арышт саветамі і высылка ў Казань. Але ворагі і апанэнты рана радаваліся: у верасьні таго самага 1921 году палітуцякач, пераадолеўшы некалькі эўрапейскіх межаў, зь лёгкай усьмешкай на сваім адкрытым сялянскім твары ўвойдзе ў залю паседжаньняў Першай Усебеларускай палітычнай канфэрэнцыі ў Празе.

На Другой, Бэрлінскай канфэрэнцыі 1925 году ён рэзка выступіць супраць роспуску ўраду БНР і на знак пратэсту ляпне дзьвярыма. Тым ня менш, усьлед за шмат якімі паплечнікамі Мамонька празь некалькі гадоў прыме фатальнае рашэньне вярнуцца ў Беларусь і атрымае савецкую візу. Роднае неба ён будзе бачыць бяз кратаў усяго некалькі хвілінаў. На памежнай з Латвіяй беларускай станцыі Бігосава да Мамонькі адразу падыдуць супрацоўнікі ОГПУ.

Гэтым разам уцячы з-пад арышту ня ўдасца. У 1937-м, калі 10-гадовы лягерны тэрмін наблізіцца да заканчэньня, “тройка” НКВД асудзіць Язэпа Мамоньку да сьмяротнага пакараньня.

Пастановаю Вярхоўнага суду Беларусі ён будзе двойчы – у 1989 і 1993 гадах – рэабілітаваны.
XS
SM
MD
LG