Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны з жыцьця беларусаў Санкт-Пецярбургу


Ганна Сурмач, Прага Найстарэйшай беларусцы ў Санкт-Пецярбурзе, спадарыні Марыі Чапялёвай 16 студзеня споўнілася 95 гадоў. Адметнасьць падзеі не толькі ў высокім веку юбіляркі, але і ў тым, што яна належыць да роду вядомых беларускіх дзеячаў Івана і Антона Луцкевічаў. У чарговым выпуску перадачы “Беларусы за мяжою” вы пачуеце развагі спадарыні Марыі пра ейны жыцьцёвы лёс, а таксама даведаецеся пра іншыя навіны з жыцьця беларусаў Санкт-Пецярбургу. Удзельнікі: Валянцін Грыцкевіч, Марыя Чапялёва, Аўгіньня Кавалюк, Мікола Нікалаеў.

(Сурмач: ) "Спадарыня Марыя Чапялёва, чый 95-гадовы юбілей у мінулую суботу ўрачыста адзначалі беларусы Санкт-Пецярбургу, ў дзявоцтве насіла прозьвішча Шабуня. Яна – дачка Эміліі, роднай сястры Івана і Антона Луцкевічаў.

Адзінае, што азмрочвала сьвяточны настрой спадарыні Марыі, было тое, што не магла падзяліць радасьць са сваёй роднай сястрою спадарыняй Янінаю Каханоўскаю, якая адышла ў лепшы сьвет паўгода таму на 96-м годзе жыцьця. Але затое на вечарыну ў гонар юбіляркі, якую ладзіла Беларускае грамадзка-культурнае таварыства, прыехаў унук спадарыні Яніны, вядомы сьпявак Данчык.

Юбілей стаўся адметнай падзеяю для усіх сяброў Беларускага таварыства, яны выказвалі спадарыні Марыі сваю асаблівую павагу. Гаворыць старшыня таварыства спадар Валянцін Грыцкевіч:"

(Грыцкевіч: ) “Марыя Аляксандраўна – гэта знакавая асоба ў жыцьці нашага беларускага таварыства, яна зьяўляецца як бы зьвяном таго ланцуга, які яднае пецярбурскіх беларусаў з тымі, хто распачынаў новае беларускае Адраджэньне менавіта тут у Пецярбурзе – братамі Луцкевічамі, Ластоўскім і іншымі. Ланцуг гэты вельмі трывалы, і мы трымаемся за розныя ягоныя зьвеньні, менавіта гэта яднае нас тут.

Яна заўсёды была нашай зоркаю. Сьціплы працаўнік, вельмі добры чалавек. Спадарыня Марыя мае дзяржаўныя ўзнагароды за сваю працу падчас вайны, мае мэдаль "За абарону Запаляр''я". Яна ж была выслана ў Запаляр''е і працавала там лекарам. Туды, дарэчы, пасьля вайны прыехаў і Стэфан Луцкевіч, адзін з братоў Луцкевічаў, ён быў вайсковым лекарам”.

(Сурмач: ) "Спадарыня Марыя нарадзілася ў Латвіі, дзе працаваў бацька, а потым сям''я пераехала ў Менск. У Запаляр’е яна трапіла не па ўласнай волі. У 1936 годзе яе з маці асудзілі і выслалі на Поўнач, фармальнай прычынаю прысуду было абвінавачваньне ў антысавецкай агітацыі, а фактычна за прыналежнасьць да роду Луцкевічаў.

У ссылцы маці з дачкою разлучылі. Спадарыня Эміля перад вайною вярнулася ў Менск, перажыла там акупацыю і ўлетку 1944 году разам са старэйшай дачкою Янінаю і двума унучкамі выехала ў эміграцыю, пазьней яны апынуліся ў Амэрыцы.

Спадарыня Марыя пасьля заканчэньня тэрміну высылкі не магла вярнуцца ў Менск, ёй не было дазволена жыць у Беларусі і яна засталася працаваць лекарам-рэнтгенолягам ў Манчагорску, дзе будаваўся гігант савецкай індустрыі – нікелевы камбінат.

З маці і сястрою спадарыня Марыя сустрэлася толькі праз 30 гадоў. Калі пасьля доўгіх пошукаў яна даведалася, што родныя жывуць у Амэрыцы, стала дабівацца візы, але ёй тройчы адмаўлялі. У 1970 годзе нарэшце яна атрымала дазвол і наведала родных у Нью-Ёрку.

У Манчагорску спадарыня Марыя адпрацавала 34 гады, а потым зь сям''ёю пераехала ў Ленінград і далучылася там да беларускага жыцьця. Цяпер актыўным сябрам беларускага таварыства зьяўляецца і ейная дачка Маргарыта".

(Грыцкевіч: ) “Маргарыта Пярова вельмі цікава выступае, яна шмат працуе у архівах, зьбірае спадчыну Луцкевічаў. Нядаўна яна знайшла месца сьмерці Антона Луцкевіча ў ссылцы ў Саратаўскай вобласьці. Сям''я гэтая як бы апраменьвае нас усіх”.

(Сурмач: ) “А зараз паслухаем і саму юбілярку, спадарыня Марыю Чапялёву”.

(Чапялёва: ) "Не хачу гаварыць пра тое дрэннае, што было ў маім жыцьці. Быў і голад, і рэпрэсіі, і войны, страта блізкіх, лягеры, і немагчымасьць жыць і працаваць у Беларусі.

Але, было і шмат добрага. Хачу паўтарыць словы беларускай паэткі Натальлі Арсеньневай, якая пісала: "Я шчасьлівая тым, што ўсё ўмею перажыць, не наракаю на долю, як здарыцца, так здарыцца, згаджаюся зь лёсам, я прымаю ўсё так, як ёсьць, Думаю, што гэта якраз самае галоўнае ў жыцьці. Я бунтуюся, калі нехта робіць блага другім. Мне куды горш, калі я бачу, як некаму нешта баліць, чым баліць мне самой". І я згодная зь ёю, бо за сваё доўгае жыцьцё я таксама навучылася ўсё перажываць, лепш зразумела людзей, больш выбачаю ім і не наракаю на свой лёс, а лічу, што я шчасьлівая, бо заўсёды мела працу, якую я любіла, знайшла маці і сястру праз 30 гадоў, маю дачку і ўнукаў.

Вось і цяпер, у дзень майго нараджэньня 16 студзеня, я была шчасьліваю, бо пабачыла, як добра ставяцца да мяне людзі. Я атрымала шмат кветак, падарункаў, лістоў, тэлефонных віншаваньняў з усіх куткоў краіны. Наш дэпутат таксама пажадаў мне добрага здароўя і новай сустрэчы праз пяць гадоў. Што будзе, тое будзе! А зараз я вельмі шчасьлівая".

Важная падзея адбылася ў жыцьці яшчэ адной беларускай жанчыны ў Санкт-Пецярбургу. Пра гэта таксама паведаміў нам спадар Валянцін Грыцкевіч.

(Грыцкевіч: ) “У нас была прэзэнтацыя трох кніжак нашай выбітной паэткі Аўгіньні Кавалюк, якая адбылася 24 сьнежня. Першая кніжка "Адклікаюцца рэхам гады" – гэта збор вершаў, яе выдаў "Беларускі кнігазбор " у Менску, дзякуючы ЗБС "Бацькаўшчына". Кніжка вельмі цікавая, бо яна як бы падводзіць вынікі творчасьці гэтай адметнай паэткі.

Другая кніжка, "Акварэлі памяці", выйшла у Санкт-Пецярбургу за кошт самой аўтаркі. Гэта празаічныя абразкі, але паэтычныя, як і ўся творчасьць спадарыні Аўгіньні. І трэцяя – кніжка вершаў для дзяцей, выдаць якую аўтарцы дапамаглі тут ў адной з сярэдніх школаў, называецца "Палічы старонкі" на беларускай і расейскай мовах. Справа ў тым, што Аўгіньня Кавалюк працавала увесь час выкладчыцаю расейскай мовы і літаратуры ў школах і ўвесь час вяла літаратурныя гурткі і таму яе тут вельмі паважаюць”.

(Сурмач: ) "Я запрасіла да ўдзелу ў нашай перадачы і саму аўтарку. Спадарыня Аўгіньня, такі вялікі творчы набытак у Вас атрымаўся?"

(Кавалюк: ) “Так, я вельмі задаволеная гэтым. У гэтых кніжках жыцьцё і стан маёй душы, дзе адзначаецца і сум, і радасьць, і замілаваньне, пяшчота, трывога, надзея”.

(Сурмач: ) “Вы сябра Саюзу пісьменьнікаў Беларусі?”

(Кавалюк: ) “Так, я сябра трох творчых аб''яднаньняў. Тут яшчэ ў нас ёсьць такі саюз пісьменьнікаў "Многонациональный Петербург", дзе таксама прадстаўлены беларускія пісьменьнікі – Валянцін Грыцкевіч, Анатоль Кірвель і я. Існуе яшчэ такі ўсерасейскі саюз "Лілея", мяне таксама туды прынялі”.

(Сурмач: ) "Ведаеце, што цяпер у Беларусі ўлады патрабуюць выключыць з Саюзу пісьменьнікаў творцаў з замежжа? Больш таго, створаны новы праўладны саюз".

(Кавалюк: ) "Думаю, што можа ўжо і выключылі. Раней віншавалі са сьвятамі, цікавіліся, але апошнім часам я нічога не атрымліваю, ніякіх вестак адтуль".

(Сурмач: ) "Як Вы ставіцеся да ўсяго гэтага?"

(Кавалюк: ) "Як можна ставіцца? Нам жа вельмі хочацца дыхаць гэтай творчаю атмасфэраю сярод сваіх. Я вось якраз напісала "Слова жанчыны да Айчыны" – вянок санэтаў. Там вось гэты мой клопат і выказаны, боль маёй душы.

Моцна трымае нас родны парог Уладна вяртае з розных дарог, А калі часам вярнуцца не можам, Ён нашы думкі і мары трывожыць, Болем глухім нагадае дзяцінства, Пэўна, што гэта з краем адзінства.

Я прачытаю дванаццаты санэт:

Душа пяе на роднай мове, Народжаная сьвет любіць. Калі не будзе моцы ў слове, Яна ніколі не ўзьляціць. І не заўважанаю будзе, І не ўстрывожыць нашы сны, І не пачуюць песень людзі І не заўважаць крок вясны.

Вясной душа сама сьпявае, І сьвет замшэлы аднаўляе, Мы цешымся такой абнове.

Хто слова роднага не цэніць, Душы сваёй ён не ацэліць. Моц Бацькаўшчыны ў родным слове!

(Сурмач: ) “Пра новыя творчыя набыткі я запыталася і ў самога спадара Валянціна Грыцкевіча, які зьяўляецца вядомым культуролягам, гісторыкам, музэязнаўцам”.

(Грыцкевіч: ) “Я выпусьціў у сьвет другое выданьне кніжкі "История музейного дела" за пэрыяд да канца 18 стагодзьдзя і цяпер рыхтую працяг за 19-20 стагодзьдзі. І таксама чытаю лекцыі для студэнтаў, я працую на катэдры музэязнаўства і экскурсазнаўства ў Пецярбурскім унівэрсытэце культуры і мастацтваў. А другая кніжку, якую я зараз рыхтую, гэта першая частка маёй новай працы "Гісторыя турызму ў старажытнасьці". Аналягаў у сусьветнай літаратуры я не знайшоў”.

(Сурмач: ) “Сапраўды, турызм быў ужо ў старажытнасьці?”

(Грыцкевіч: ) “Яшчэ які! Пра гэта пісалі старажытныя аўтары, толькі гэта не называлася турызмам. Антычнасьць дала нам столькі ўсяго, я мы па сутнасьці толькі разьвіваем зробленае імі”.

(Сурмач: ) “У старажытных Грэцыі і Рыме таксама любілі падарожжы?”

(Грыцкевіч: ) “Ня проста падарожжы, а падарожжы з мэтаю адпачынку, вось што самае галоўнае, падарожжы не гандлёвыя, не разбойныя, не вайсковыя паходы, а сапраўдны турызм. На вялікі жаль, у сьвеце пра гэта яшчэ амаль не пішуць. Зараз троху спахапіліся, бо цяпер турызм і зьвязанае з ім наведваньне музэяў сталі важнай часткаю камфорту сучаснага чалавека”.

(Сурмач: ) “Спадар Валянцін закрануў і тэму сёньняшніх узаемаадносінаў дыяспары зь беларускай дзяржаваю”.

(Грыцкевіч: ) “Хапае прыкрасьцяў. У мінулым годзе быў зьезд "Бацькаўшчыны", я там прысутнічаў і сказаў пра такі выпадак. Калі быў чарговы Кангрэс беларусістаў у Менску, дык з боку ўладных структураў паставілі ўмову, каб я там не прысутнічаў. Я не саромеюся пра гэта казаць, гэта, можна сказаць, нават прызнаньне маёй дзейнасьці на полі беларушчыны. Калі мяне не хацелі бачыць беларускія ўлады і патрабавалі, альбо Кангрэс, альбо – мая адсутнасьць, гэта значыць, што яны нават перабольшваюць маю ролю.

Пераносяць такія адносіны нават на маю дачку. Мая дачка працуе дацэнтам у Варшаўскім унівэрсытэце, яна павінна была ладзіць кантакты і канфэрэнцыю разам з БДУ. Аднак ёй адмовіліся даць дазвол на прыезд у Беларусь дзеля ўстанаўленьня гэтых кантактаў. Калі з БДУ запыталіся, чаму яе не пусьцілі, то ім адкрыта сказалі: "Яна належыць да сям''і апазыцыянэраў". Патрабавалі таксама, каб мяне, Аляксея Каўку з Масквы і Іну Снарскую з Украіны выключылі з Саюзу беларускіх пісьменьнікаў”.

(Сурмач: ) “На сёньняшнюю сустрэчу зь беларусамі Санкт-Пецярбургу немагчыма было не запрасіць вядомага навукоўца Міколу Нікалаева. Спадар Мікола таксама адгукнуўся на сьвяткаваньне юбілею спадарыні Марыі Чапялёвай, і з гэтай нагоды выказаў свае адчуваньні і асацыяцыі”.

(Нікалаеў: ) “Найбольш я радуюся таму, што жывуць яшчэ нашыя вэтэраны. Вось яшчэ Гарэцкая Галіна Максімаўна, жывая і здаровая, ёй зараз пад 90 гадоў. Яна жыве на Праспэкце бальшавікоў, тых самых, якія рэпрэсавалі ейнага бацьку. Яна наша такая маральная апора, у яе інтэлігентная мова, высокая культура. Вось што самае важнае”.

(Сурмач: ) “А што новага ў Вашай навуковай працы?”

(Нікалаеў: ) “Самая вялікая і радасная навіна – што выйшаў трэці нумар "Беларускага зборніка". Мы рэгулярна кожны год праводзім навуковую канфэрэнцыю "Санкт-Пецярбург і беларуская культура", кожны чэрвень, недзе ў сярэдзіне, праводзім гэтыя канфэрэнцыі, запрашаем беларусістаў з розных краінаў сьвету, зь Беларусі, і расейскія беларусісты. Я думаю, што гэты зборнік знойдзе сваіх чытачоў, ён будзе разьмешчаны ў інтэрнэце, а таксама будзе прадавацца”.

(Сурмач: ) “Асабіста Вы над чым зараз працуеце?”

(Нікалаеў: ) “Рыхтую кнігу "Беларускі Пецярбург" пра лёсы беларусаў тут. Работа ў стадыі заканчэньня, праблема з выданьнем, я зараз шукаю спонсараў. Кніга будзе тоўстая, на 30 друкаваных аркушаў. Там будзе апавядацца пра беларусаў ад пятроўскіх часоў, калі беларусаў Смаленшчыны па загаду Пятра 1 прымусова мабілізоўвалі на пабудову Пецярбурга і Кранштата, а потым у 19 стагодзьдзі самі ехалі на заробкі і служыць, і кар''еры рабілі часам пасьпяховыя. І зараз шмат людзей ёсьць. Вось, напрыклад, тры беларусы, якіх я ведаю, напісалі ўспаміны. Адзін працаваў у гарвыканкаме, займаў высокую пасаду, другі – прафэсар мэдыцыны, трэці – генэрал, намесьнік начальніка вайсковай вучэльні сувязі, яму за 80 гадоў, некалі ён пісаў, як карэспандэнт, у газэту "Чырвоная зьмена" з Воршы. На "Неўскім пятачку" з бацькам Пуціна ваяваў. Напісаў пра сваё дзяцінства, пра бацьку рэпрэсаванага.

Мікалай Гурын – прафэсар мэдыцыны, выдаў цікавыя мэмуары. Ён быў у Аўганістане, як доктар. Ён якраз быў у палацы Аміна, калі яго штурмаваў савецкі спэцназ. Амін паклікаў яго да сябе, як лекара. З Наваградка родам гэты чалавек.

Я па-ранейшаму займаюся гісторыяй беларускай кнігі, сярэднявечнай, дакладней – кніжнай культуры Вялікага Княства Літоўскага. У мяне раней выдадзена кніга пра кніжную рукапісную культуру "Палата рукапісная". А потым я дапоўніў пра рукапісную і плюс старадрукі, падрыхтаваў манаграфію, яна называецца "Кніжная культура Вялікага Княства Літоўскага".

(Сурмач: ) “Яна выйшла ў сьвет?”

(Нікалаеў: ) “Не, яна шэсьць гадоў ляжыць у Менску, падрыхтаваная цалкам, нават макет ёсьць У савецкія часы яна ўжо выйшла б. Гэтая кніга на беларускай мове, і тут, у Расеі, я не хачу друкаваць, хачу, каб першае выданьне было па-беларуску”.
XS
SM
MD
LG