Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік: Юля Казуліна


Юля Казуліна, Менск Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Асабістыя нататкі мінулага тыдня слухачам “Свабоды” прадстаўляе Юля Казуліна — студэнтка трэцяга курсу факультэту міжнародных дачыненьняў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, дачка аднаго з прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь былога рэктара гэтай ВНУ Аляксандра Казуліна.

21 студзеня

Я здаю сёньня апошнi іспыт: грамадзянска-працэсуальнае права. Ранiцай я прачнулася а палове на сёмую, бо даводзiцца прыяжджаць ва ўнiвэрсытэт раней за ўсiх аднакурсьнiкаў, каб заняць чаргу на iспыт — мне вельмi падабаецца адказваць першай. Не было нiводнага разу, каб бацька не пажадаў мне посьпехаў i не сказаў: “З Богам!”

Першае, што я зрабiла, калi пасьпяхова здала экзамэн на “9” – патэлефанавала сваiм бацькам, каб падзялiцца радаснай навiной. Пад’яжджаючы да дому, я ўбачыла папулю (прабачце, што не на беларускай мове, але па-iншаму я не ўяўляю, як яго можна называць), якi ня мог завесьцi свой замерзлы аўтамабiль. I тады ў мяне зьявiўся шанец дапамагчы яму (што бывае вельмi рэдка), адвезьцi яго ў штаб. Па дарозе мы шмат размаўлялi, i я старалася адагрэць вушы бацьку, якiя замерзьлi на холадзе i сталi ярка-чырвонага колеру. Але вельмi хутка мы прыехалi, пажадалi адзiн аднаму добрага дня i разьвiталiся.

Сёньня мы больш ня бачылiся, бо я клалася спаць а дванаццатай гадзiне ночы, а папулi дома яшчэ не было!

22 студзеня

Нядзеля. Гэта сямейны дзень. Ранiцай я, мая старэйшая сястра i папуля амаль кожную нядзелю гуляем у вялiкi тэнiс. Як вы думаеце, мы зь сястрой хоць раз у жыцьцi змаглi выйграць у свайго супернiка? Не, такога яшчэ не было. I гэта ня значыць, што я цi сястра дрэнна гуляем, проста наш бацька вельмi моцны, мэтанакiраваны чалавек, не прывык паддавацца.

Потым мы ўсёй сям’ёй частавалiся абедам, якi прыгатавалi мамуля i мой пляменьнiк Уладзiслаў. Хачу адзначыць, што мы стараемся не абмяркоўваць палiтычных праблемаў, бо, па-першае, папуля дома павiнен адпачываць, а, па-другое, вельмi цяжка даведацца ў бацькi нейкiя пляны цi сакрэты. Ён — як партызан...

23 студзеня

Я — член iнiцыятыўнай групы Аляксандра Казулiна. З гэтай нагоды я паехала зацьвярджаць подпiсы ў выканаўчыя камiтэты Менску. Разам я сабрала 125 подпiсаў падтрымкi. Ня вельмi шмат, аднак я таксама зрабiла свой унёсак у палiтычнае жыцьцё краiны.

У абед я вярнулася дадому з адной думкай: вельмi хочацца есьцi. Ад галоднай сьмерцi выратаваў мяне мой папуля, якi прыгатаваў вельмi сакавiтага i смачнага iндыка, якога запёк у духоўцы пад маянэзам. Увогуле, бацька мой — вялiкi кулiнар, можа прыгатаваць любую страву за маленькi прамежак часу. I нават пальчыкi аблiжаш!!!

А фiрмовая страва Аляксандра Казулiна — грыбны суп. Ён заўсёды варыцца ў пяцiлiтровым рондалі зь вялiкай колькасьцю грыбоў, смажанай цыбулi, бульбы. Аднак ёсьць у бацькi свой сакрэт, бо хто толькi ні спрабаваў зрабiць хоць што-небудзь падобнае, нi ў кога не атрымлiвалася. Таму ўсе нашыя сябры ведаюць: калi ў сям’i Казулiных варыцца грыбны суп, трэба iсьцi ў госьцi! А гасьцям мы заўсёды радыя!!!

24 студзеня

З ранiцы я завезла мамулю на працу, i яе аўтамабiль застаўся ў маiм распараджэньнi. Увогуле, я вельмi ганаруся, што мае бацькi давяраюць мне i даюць магчымасьць карыстацца нашай “пэжошкай”. З таго моманту, калi я атрымала пасьведчаньне кiроўцы i выйшла з ДАI, мамуля дала мне ключы, i мы зь ёй сталi раўнапраўнымi аўтапартнэрамi. Праўда, мамуля больш раўнапраўная, чым я.

Я зьезьдзiла ў басэйн, вельмi напружана пазаймалася аквааэробiкай i накiравалася дадому, пачала прыбiраць кватэру i гатаваць ежу. А ўвечары мы разам з папачкай i мамачкай глядзелi тэлевiзар. Але гэта ўмоўна, бо ўвесь час нам тэлефануюць людзi, зь якiмi папуля вядзе доўгiя размовы.

25 студзеня

Добрай ранiцы! Вось толькi я расплюшчыла вочкi, як пачула, што папуля ізноў гаворыць па тэлефоне! Празь некалькi хвiлiнаў я зразумела, што ён дае iнтэрвію Радыё Свабода. Аднак часу слухаць, як ён адказвае на пытаньнi, не было. Я павiнна ехаць у Дзяржынск завяраць подпiсы. На працягу ўсяго месяца, як зьяўлялася некалькi вольных гадзiнаў, мы з мамуляй адпраўлялiся да яе бацькоў у Дзяржынск i зьбiралi там подпiсы ў падтрымку Аляксандра Казулiна.

На той момант я нават не ўяўляла, якiя прыгоды мяне чакаюць. Вельмi доўга я шукала старшыню райвыканкаму, а калi я зайшла да яго, першым ягоным пытаньнем было: “За каво?” I мой адказ разьюшыў яго. Мне прачыталi лекцыю хвiлiнаў на дваццаць аб тым, што я выступаю супраць сваёй дзяржавы, што я амаль злачынца i што мяне пакарае Бог. Мне было вельмi крыўдна, бо НIХТО і НIКОЛI так са мной не размаўляў. Аднак сваёй мэты я не дамаглася: подпiсы кiраўнiк райвыканкаму мне не заверыў. I я вымушаная была пайсьцi да намесьнiка “злоснага лектара”. Гэты мужчына папрасiў мяне пачакаць яшчэ хвiлiнаў з трыццаць. Справа закончылаcя тым, што прыехаў карэспандэнт, якi дапамагаў мне выкрыць несправядлiвасьць у гэтым сьвеце. Урэшце празь дзьве гадзiны 149 подпiсаў правяралiся ў нашым штабе.

Увечары, калi мы сабралiся дома i падзялiлiся ўражаньнямі дня, мой папуля мужна пацiснуў мне руку!!!

26 студзеня

Вось ужо дзесяць хвiлiнаў на дванаццатую. Сёньня я буду спаць са сваiм маленькiм пляменьнiкам, бо ён крыху захварэў, а яго матулi трэба працаваць. Таму заўтра я буду нянькай. Мне гэтая роля падабаецца, бо Ўладзiслаў вельмi цiкавiцца ўсiм, што знаходзiцца вакол яго i ўвогуле на ўсёй Зямлi, а мне ў радасьць яму ўсё распавядаць i растлумачваць.

Сёньня быў вельмi напружаны дзень: усю ранiцу я правяла разам з мамуляй. Ужо ў абед я прыехала ў штаб, каб прасьвятлiць надзённыя для мяне пытаньнi. Там панавала баявая абстаноўка, было вельмi шмат людзей, i кожны зь iх быў заняты сваёй справай. Калi я сыходзіла, мне патэлефанавалi хлопцы са штабу. Яны з трэцяга паверху ўбачылi, што непадалёк ад маёй “пэжошкi” стаяць iнспэктары ДАI. А з той прычыны, што я парушыла правiлы i заехала пад знак забароны, мне б выпiсалi вялiкi штраф. Тады я вярнулася назад, i мне пашчасьцiла пачуць, як бацька адказвае на пытаньнi гарачай лiнii з “Народнай Воляй”. Пэнсiянэрка Ванда Пятроўна спрабавала даказаць, што ў Беларусi жывецца лепей, чым у iншых краiнах. Размова iх працягвалася каля дваццаці хвiлiнаў, а калi бацька зь ёй разьвiтаўся, усе прысутныя запляскалi ў далонi. Гэта мне падняло настрой, i безь перашкод супрацоўнiкаў ДАI я выправiлася здабываць даведку пра свае прыбыткі, каб да 10 лютага падаць дэклярацыю.

Увечары ўсе даволi рана, у восем гадзiнаў, сабралiся дома. Я прапанавала зрабiць малочны трунак, i ўсе падтрымалi маю iдэю, асаблiва мая бабуля, якая прыехала пагасьцяваць да нас. Удзел у прыгатаваньнi прысмакаў бралi ўсе сямейнiкi: я ўзьбiвала, мамуля дадавала марозiва, папуля — сочыва, Уладзiслаў — малако.

Хачу дадаць, што мы ўсе вельмi любiм адзiн аднаго, паважаем выбар любога з нас i заўсёды падтрымлiваем. Мы ня ведаем i не разумеем, як можна павышаць голас i сварыцца адзiн з адным. Бацька заўсёды гаварыў, што няма нiчога больш каштоўнага, чым унутраннае разьвiцьцё кожнага чалавека. Я лiчу, што галоўная рыса Казулiных — нязломнасьць духу i вера ў тое, што ўсе лёсавыя выпрабаваньнi, якiя даюцца нам, спрыяюць усебаковаму ўдасканаленьню!
XS
SM
MD
LG