Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму так цяжка судзіць былых прэзыдэнтаў?


Радыё Свабода Судовыя справа былога прэзыдэнта Югаславіі Слабадана Мілошавіча ў Гааскім трыбунале цягнецца ўжо амаль чатыры гады. Суд над зрынутым ірацкім дыктарам Садамам Хусэйнам так няхутка распачынаецца, што ёсьць засьцярогі наконт гэткай жа павольнай хады працэсу і надалей. Сапраўды, суды над экс-прэзыдэнтамі – гэта няпростая рэч. Чаму так цяжка судзіць былых дыктатараў?

Прыцягнуць да судовай адказнасьці былых тыранаў за іх злачынствы ніколі не было лёгкай справай. Яшчэ дзесяць гадоў таму было нават складана ўявіць, што былых кіраўнікоў дзяржаваў можна судзіць за ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасьці. Цяпер ж такія судовыя працэсы адбываюцца ў Афрыцы, на Блізкім Усходзе, у Эўропе і Лацінскай Амэрыцы.

Джон Джоўнз – брытанскі міжнародны адвакат, які актыўна працаваў у Гаазе на судовых працэсах аб ваенных злачынствах.

(Джоўнз: ) “Канечне, адбыліся зрухі за апошняе дзесяцігодзьдзе, у выніку мы мелі спачатку два адмысловыя трыбуналы для былой Югаславіі і Руанды, цяпер ёсьць сталы Міжнародны трыбунал у Гаазе, ёсьць камбінаваныя нацыянальныя і міжнародныя судовыя калегіі, такія як адмысловы суд у Сьера-Леонэ, суды ва Ўсходнім Тыморы, і цяпер у Камбоджы. Натуральна, такіх судоў паболела, яны былі створаныя, каб гарантаваць, што вінаватыя ў сур’ёзных міжнародных злачынствах будуць пакараныя".

Магчыма, найбольш выніковым і хуткім быў судовы працэс над былым прэм’ер-міністрам Руанды Жанам Камбандам, якога Міжнародны трыбунал ААН па Руандзе ў 2000 годзе прысудзіў да пажыцьцёвага зьняволеньня за масавыя забойствы ў Руандзе ў 1994 годзе.

Аднак значна складаней адбываюцца судовыя працэсы над іншымі былымі прэзыдэнтамі. Амаль чатыры гады справу былога прэзыдэнта Югаславіі Слабадана Мілошавіча разглядае Міжнародны трыбунал у Гаазе. Судовы працэс над Садамам Хусэйнам гэтаксама ўскладняецца шэрагам праблемаў, і выглядае, што гэтак можа цягнуцца яшчэ доўга, нягледзячы на вялікую колькасьць сьведчаньняў супраць былога дыктатара.

29 студзеня судовы працэс над Хусэйнам адновіцца. На ім будуць разглядацца дакумэнтальныя сьведчаньні, якія даказваюць ягоную датычнасьць да забойства ў 1982 годзе 140 шыітаў. Аднак тут ёсьць складанасьці, тыповыя для судовых працэсаў такога кшталту. Напрыклад, адвакаты Садама сьцьвярджаюць, што суд на ім нелегітымны, паколькі ён ініцыяваны амэрыканскімі акупацыйнымі сіламі, а не сувэрэнным ірацкім урадам.

Ёсьць і кадравыя праблемы. На мінулым тыдні адбылася замена старшыні суду, якога крытыкавалі за празьмерную прыхільнасьць да Садама. Раней два прадстаўнікі абароны Хусэйна былі забітыя. Паводле праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch, неабходна гарантаваць бясьпеку адвакатам Садама Хусэйна і іх сем’ям.

Што да працэсаў над іншымі былымі дыктатарамі, то судовыя разгляды злачынстваў чылійскага прэзыдэнта Аўгуста Піначэта і былога прэзыдэнта Пэру Альбэрта Фухіморы далёкія да завяршэньня. Праваабаронцы ўсё яшчэ спрабуюць прыцягнуць да судовай адказнасьці былых дыктатараў Чарльза Тэйлара зь Лібэрыі і Хісэна Хабрэ з Чаду. Аднак урады суседніх з гэтымі краінамі дзяржаваў, Нігерыі і Сэнэгалу, далі прытулак гэтым экс-дыктатарам.
XS
SM
MD
LG