Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пасьпелі гарадзенцы падпісацца за прэтэндэнтаў?


Радыё Свабода Ці зьвярталіся да Вас з просьбай падпісацца за каго-небудзь з прэтэндэнтаў, якія жадаюць удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах? Што Вы думаеце пра гэтых прэтэндэнтаў? На гэтыя пытаньні адказвалі жыхары Горадні.

(Спадар: ) “Да мяне не зьвярталіся, і подпісу я свайго ня ставіў. Але я цікаўлюся кампаніяй, таму ведаю прэтэндэнтаў: ёсьць Казулін, з другога боку ёсьць Мілінкевіч, які ў нас у Горадні віцэ-мэрам быў. Ёсьць з каго выбіраць”.

(Маладзён: ) “Да нас прыходзілі, прапаноўвалі за Лукашэнку падпісацца, я за яго прынцыпова не паставіў подпісу, ён майго бацьку пасадзіў. Я думаю, ёсьць дзьве вартыя кандыдатуры: Мілінкевіч і Казулін. Але Лукашэнка яўна выйграе, ён усё можа падладзіць”.

(Спадарыня: ) “Вы ведаеце, калі шчыра, мяне ніхто не цікавіць. Я ня бачу па гэтых прэтэндэнтах, што будзе нешта спраўнае”.

(Сталы спадар: ) “Да мяне са зборшчыкаў подпісаў ніхто не зьвяртаўся, але мне імпануюць два прэтэндэнты: натуральна, Мілінкевіч, і Казулін таксама”.

(Спадар: ) “Я ставіў подпіс за Казуліна і за Мілінкевіча. Але калі яны пойдуць на выбары, дык зь іхнага боку гэта будзе вельмі неразумна і шкодна для беларускага руху. Трэба заклікаць да байкоту, а калі насамрэч удзельнічаць у выбарах — значыцца, асьвяціць ягоную дыктатуру, легалізаваць яе”.

(Маладзён: ) “Да мяне не зьвярталіся, каб паставіў подпіс, але ведаю, што сярод прэтэндэнтаў цяперашні прэзыдэнт, а таксама Мілінкевіч”.

(Малады спадар: ) “Я свой подпіс паставіў за Мілінкевіча. Ён чалавек разумны, сам прасунуўся ў жыцьці. Сам на сябе зарабіў, як я зразумеў”.

(Сталы спадар: ) “Я бачыў, што зьбіралі подпісы, але сам не падпісваўся. Усіх, хто вылучае свае кандыдатуры, чакае няўдача. Па-мойму, гэта зразумела нават школьніку. Канечне, хочацца, каб апазыцыя была моцнай, яна патрэбная, каб турбаваць тых, хто мае ўладу. Але ў нас у Беларусі гэта ўспрымаецца зусім інакш: калі ты апазыцыянэр — значыць, вораг, хочаш парушыць увесь лад. Крытыка вельмі патрэбная. Можна толькі пажадаць посьпеху прадстаўнікам апазыцыі, але гэта ня мае сэнсу, у нас тут туркмэнскі варыянт”.

(Сталы спадар: ) “Да мяне зьвярталіся, але я адмовіўся, праўда, не катэгарычна, у мяне папросту не было часу. Прапаноўвалі падпісацца за Лукашэнку, але я ня супраць яго”.

(Спадар: ) “Да мяне зьвярталіся, я падпісаўся за Мілінкевіча і буду за яго галасаваць, бо даўно яго ведаю”.

(Спадар: ) “Да мяне не зьвярталіся. Мне здаецца, што апазыцыя крыху падзялілася ў сувязі з тым, што Пазьняк вылучыў сваю кандыдатуру. Навошта гэта — дзяліць галасы?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG