Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новае вяшчаньне на Беларусь забясьпечаць "Балтыйскія хвалі"


Тацяна Поклад, Вільня Літоўскае “Радыё Балтыйскія Хвалі”, якое увайшло ў кансорцыюм, названы пераможцам тэндэру Эўракамісіі на незалежнае вяшчаньне на Беларусь, будзе забясьпечваць тэхнічны бок праекту радыёвяшчаньня.

Каардынатар праектаў незалежнай грамадзкай установы “Радыё Балтыйскія Хвалі”, былы літоўскі парлямантар Рымантас Пляйкіс кажа, што заяўка на ўдзел у конкурсе падавалася яшчэ ў жніўні 2004 году. Цяпер Эўрапейская камісія вылучыла 2 мільёны эўра дзеля вяшчаньня на Беларусь кансорцыюму на чале зь нямецкай кампаніяй “Media Consultа”, у які таксама ўвайшлі расейскае RTV I, польскае аб''яднаньне “Эўрапейскае радыё для Беларусі” (“European Radio for Belarus”), незалежныя беларускія арганізацыі і літоўскае “Радыё Балтыйскія Хвалі”. Р.Пляйкіс сказаў нашаму радыё пра ўдзел літоўскага боку ў кансорцыюме:

(Пляйкіс:) “Удзельнікі кансорцыюму вызначыліся паводле некалькіх элемэнтаў ці кампанэнтаў, зь якіх складаецца ўся дзейнасьць праекту па радыёвяшчаньні на Беларусь. Першы кампанэнт – лягістыка, гэта будзе забясьпечваць нямецкая кампанія “Media Consultа”, другі – падрыхтоўка праграмаў , гэта будзе рабіць польскі партнэр, “Эўрапейскае радыё для Беларусі”, трэці кампанэнт – журналісцкая падтрымка, гэта будуць рабіць недзяржаўныя арганізацыі зь Беларусі. А за чацьвёрты кампанэнт праекту, радыётрансьляцыю, за ўвесь тэхнічны бок справы будзе адказнае “Радыё Балтыйскія Хвалі”.

Р. Пляйкіс адзначыў, што Радыё Балтыйскія Хвалі мае належную інфраструктуру і шасьцігадовы досьвед трансьляцыі на Беларусь незалежных беларускамоўных праграмаў, у тым ліку цягам апошніх шасьці гадоў, і праграмаў беларускай службы Радыё Свабода.

Р.Пляйкіс таксама падкрэсьліў, што дзейнасьць такога кансорцыюму ніякім чынам не зьяўляецца спробай умяшаньня ва ўнутраныя справы Беларусі.

(Пляйкіс: ) “Наша праца – гэта дапамога ў справе распаўсюду інфармацыі жыхарам Беларусі. Гэта цалкам спалучаецца з палітыкай добрасуседзкіх дачыненьняў зь Беларусьсю і яе жыхарамі, за якую выступае і Літва, і ўсе балтыйскія краіны”.

"Радыё Балтыйскія Хвалі" пачало сваю працу ў студзені 2000 году ў Вільні на сярэдніх хвалях (частата 612 кілягэрцаў). У 2000 – 2001 гадох Балтыйскія Хвалі трансьлявалі беларускамоўныя праграмы Радыё Свабода, Радыё Палёнія, Радыё Рацыя, Літоўскага Радыё і ўласныя праграмы віленскай рэдакцыі. Цяпер на гэтым радыёканале трансьлююцца беларускія праграмы Радыё Свабода і Радыё Палёнія.
XS
SM
MD
LG