Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кіраваць новым эўрапейскім вяшчаньнем для Беларусі будзе нямецкая “Media Consulta”


Радыё Свабода Нямецкі мэдыйны холдынг “Media Consulta Іnternational” стане кіраўніком новага праекту эўрапейскага вяшчаньня для Беларусі, паведамілі ў сакратарыяце спадарыні Бэніты Фэрэра-Вальднэр.

Там назвалі асноўных партнэраў нямецкай кампаніі, “гэтак званы тэхнічны і творчы рэсурс” новага праекту Эўракамісіі. Гэта эўрапейскае вяшчаньне з Польшчы, радыё “Балтыйская хваля” зь Літвы, расейскае кабэльнае тэлебачаньне (RTVi) і беларускае супольніцтва — незалежныя журналісты, няўрадавыя арганізацыі. Паводле супрацоўніцы прэсавай службы Эўракамісіі, праект стартуе ў наступным месяцы.

(Супрацоўніца: ) “Гэта будзе ў лютым, аднак канкрэтнай даты я вам пакуль не назаву. Дадам, што гэта будзе двухгадовы вельмі вялікі праект, на які выдаткавана 2 мільёны эўра, які ахопіць радыё– і тэлевяшчаньне, Інтэрнэт, а таксама навучаньне незалежных беларускіх журналістаў, падтрымку друкаваных беларускіх мэдыяў. У гэтым сэнсе кансорцыюм на чале з “Media Consulta Іnternational”, які абрала Эўракамісія, цалкам адпавядае мэтам — ён мае досьвед і разнастайныя прапановы”.

Пра нямецкі холдынг “Media Consulta Іnternational”, які ачольвае праект, вядома наступнае: галоўнае бюро “Consulta” знаходзіцца ў Бэрліне, спэктар дзейнасьці кампаніі надзвычай шырокі — тэлевізійная і кінавытворчасьць, грамадзкія сувязі, спартовы і моладзевы мэнэджмэнт, арганізацыя конкурсаў для журналістаў ды іншае.

У самой “Media Consulta Іnternational” “Свабодзе” паведамілі, што канцэпцыя праекту ўхваленая, палова вяшчаньня будзе беларускамоўным, палова — расейскамоўным. Гэта будуць праграмы ў жывым эфіры. Іншых жа падрабязнасьцяў супрацоўніца холдынгу Мірона Пакорніц называць не захацела.

(Пакорніц: ) “Мы пакуль ня можам паведаміць вам нейкіх дэталяў без дазволу Эўракамісіі. Зьвяртайцеся ў Брусэль. У любым выпадку, мы загадзя паведамім пра старт праекту”.

Як заявіла сёньня ў Брусэлі прэсавы сакратар Эўракамісіі Эма Адвін, Брусэль выклаў кансорцыюму галоўныя патрабаваньні адносна кантракту: якія праграмы мусяць быць, як часта яны павінны выходзіць. Што да творчай рэалізацыі праекту, то ў гэтую справу Эўракамісія не зьбіраецца ўмешвацца.
XS
SM
MD
LG