Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія габрэі адзначылі Дзень памяці ахвяраў Галакосту


Радыё Свабода Прадстаўнікі габрэйскіх арганізацыяў правялі сход у Габрэйскім грамадзкім доме, прысьвечаны Дню памяці ахвяраў Галакосту. Яны згадвалі вайну і размаўлялі пра сучасныя праблемы. Прадстаўнікоў дзяржаўных структураў на паседжаньні не было.

У Габрэйскім доме сабралася некалькі дзясяткаў чалавек. Сярод іх былі людзі, якія ведалі пра злачынствы фашызму з уласнага досьведу.

Віхну Розенберг арыштавалі ў дзень забойства гаўляйтэра Кубэ, калі яна ішла з партызанскага атраду. Крыху раней, у часе пагрому, забілі яе сястру з маленькай дачкой. 12-гадовая Віхна спачатку трапіла на Валадарку, яна на ўсё жыцьцё запомніла калідор на другім паверсе, заліты крывёй людзей, якіх вялі з допытаў. Потым былі канцлягеры Асьвенцім, Майданэк, Равэнсбрук. На ўсё жыцьцё застаўся нумар, які пазьней жанчына спрабавала зьнішчыць.

(Розенберг: ) “69 788 — гэта я. Я вас адвяду на тую яму, дзе былі забітыя яны ўсе. У маёй сястры было трохмесячнае немаўлятка. Я ў часе пагрому была ў расейскім раёне, а муж маёй сястры служыў у міліцыі і адразу, як пачалася вайна, пайшоў у армію. А мае ўсе загінулі… Я памятаю ўсё. Калі трапіла ў лягер, то мне адрэзалі валасы, распранулі і далі робу ў палоскі, калодкі… Выкалалі нумар… Гэты нумар… Потым пасьля вайны іншы раз казалі: “Вунь, прастытутка пайшла з нумарам”. Усё вазілі і вазілі, як быдла ў вагонах. Нашы наступалі, ну і нас перавозілі. Потым, калі нашы перамаглі на Эльбе, то мы ўсё ішлі і ішлі пехам”.



Леў Рубінштэйн распавёў пра сваё жыцьцё ў Менскім гета. Ён казаў, што перажыў толькі малую кроплю таго, што перажыў увесь габрэйскі народ.

(Рубінштэйн: ) “Чаму ў Беларусі няма ніводнага музэю Галакосту? Чаму мы дагэтуль ня можам ніяк аформіць помнік на Яме, бо ў нас няма грошай? Частку помнікаў праведнікам мы паставілі — а астатнія? Прыходзяць людзі і пытаюцца: “Чаму вы маёй маме помніка не паставіце? Яна столькі людзей уратавала”. Чаму ў Нямеччыне ў Бэрліне ў цэнтры гораду ёсьць музэй Галакосту, а ў дэмакратычнай Беларусі, дзе ўсе вольныя, гэтага няма? Вы можаце мне адказаць? Вось калі мы гэтага ня зробім, то будуць Курапаты апаганьваць, габрэйскія помнікі… Сьвяткаваньне Перамогі з фэервэркамі — вельмі добра, але гэта добра, калі ўсё зроблена”.

Леў Рубінштэйн лічыць, што ўлады мусяць перагледзець стаўленьне да габрэйскага пытаньня.

(Рубінштэйн: ) “Я быў старшынёй фонду рэканструкцыі помнікаў і мусіў пачынаць мітынг на Яме. Да мяне падыходзяць і кажуць: “Толькі пяць хвілінаў”. Я кажу: “Дык я, можа, пяць хвілінаў толькі плакаць буду…” А мне кажуць: “Не, будзе выступаць прэзыдэнт, так што — усё адмяняецца”. Мы на Яме самі зьбіралі грошы на помнік. Гэта адзіны ў былым СССР помнік на грошы грамадзянаў. Калі ў нас гэта ня зьменіцца, то будуць у Курапатах, будуць на нашых могілках, будуць ня толькі ў сынагогах рэзаць, а і ў касьцёлах, а потым ў цэрквах. Гэта сыстэма! Калі яе ня зломіш, яна возьме сваё”.



Мая Крапіна згадала, як на Юбілейнай плошчы павесілі яе маму. Тры дні вісела яе цела з шыльдай: “За сувязь з партызанамі”, і фашысты не дазвалялі дзецям забраць і пахаваць маці.

Фрыда Лосік згадала, як яны зьбягалі з гета, як іх хавалі жыхары ў Парэччы, як адзін селянін уратаваў больш за сотню габрэяў, а сам загінуў у часе пагрому на Чэрвеньскім рынку — яны так і ня ведаюць ягонага імя.

Фрыда Лосік разам з Маяй Крапінай напісалі кнігу пра жыцьцё ў гета. Фрыда Лосік памятае ўсе кватэры, дзе яна жыла ў гета. Спадарыня Лосік з жалем казала, што дзяржава ніколі не дапамагала ў выдавецтве такіх кніг. Яна паскардзілася, што калі кіраўнік дзяржавы ехаў у Ізраіль, то вёз з сабой іх кнігі, але і потым яны не адчулі дапамогі.

(Лосік: ) “Прыедуць у любы дом, пазьдзекуюцца і заб’юць… А да якога дома, дзе спыняцца — невядома. Я па гэтай вуліцы доўгі-доўгі час не магла прайсьці. Нават той дом, дзе я была ў першым пагроме… Я да сёньняшняга дня не заходзіла ў тую кватэру…”
XS
SM
MD
LG