Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Казулін прапанаваў Аляксандру Мілінкевічу перамовы


Радыё Свабода Ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў у кандыдаты сёньня завяршылі збор подпісаў выбарнікаў. Тэрытарыяльныя выбаркамы плянуюць працаваць да 19 гадзінаў вечара. У апошні дзень збору подпісаў Аляксандар Казулін прапанаваў Аляксандру Мілінкевічу правесьці перамовы.

Аляксандар Казулін прапануе Аляксандру Мілінкевічу распачаць перамовы пра зьняцьцё кандыдатуры на карысьць адзін аднаго — у выпадку, калі не зарэгіструюць кандыдатам аднаго зь іх. Пры такім разьвіцьці падзеяў прапануецца арганізаваць сумесную выбарчую кампанію дэмакратычных сілаў. Спадар Казулін лічыць, што трэба аб’яднаць усе дэмсілы і арганізаваць маштабнае назіраньне за выбарамі, а таксама дамовіцца пра дзеяньні падчас агітацыйнай кампаніі. Распачаць гэтыя перамовы з боку спадара Казуліна гатовая адпаведная дэлегацыя. Сябра гэтай дэлегацыі Ўладзімер Нісьцюк заявіў, што спадар Казулін не зьбіраецца здымаць сваёй кандыдатуры.

(Нісьцюк: ) “У нас будзе час. Да 21 лютага ўлада будзе вырашаць пытаньне з рэгістрацыяй. Пакуль гэта будзе нейкі антракт у актыўнай палітычнай дзейнасьці. Можна за гэты час распрацаваць нейкія сумесныя крокі, якія будуць мець плён”.

Паводле спадара Нісьцюка, пакуль ніякага адказу ад каманды Аляксандра Мілінкевіча не было. Ініцыятыўныя групы здаюць падпісныя лісты ў выбаркамы. Кіраўнік штабу Аляксандра Казуліна Мечыслаў Грыб накіраваў патрабаваньне ў Цэнтравыбаркам, каб камісіі працавалі сёньня да 24 гадзін. Аднак Цэнтравыбаркам не зьбіраецца мяняць графік. Паводле спадара Грыба, сабрана больш за 200 тысяч подпісаў, але здаць у камісіі ініцыятыўная група плянуе каля 150 тысяч.

(Грыб: ) “Мы лічым, што гэтая лічба будзе дастатковая для вырашэньня пытаньня аб нашай рэгістрацыі. Па-другое, мы ж шкадуем і людзей, якія працуюць у выбарчых камісіях. Навошта іх завальваць мільёнамі, каб яны там сядзелі, правяралі, пальцы свае церлі”.

Ня ўсюды здача подпісаў праходзіла без затрымак. Напрыклад, у Ленінскім раёне Магілёва да 12 гадзінаў не было ў каго засьведчыць подпісы пячаткай — усе чыноўнікі былі на нейкай нарадзе.

Паводле кіраўніка ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча Аляксандра Бухвостава, штаб плянуе здаць у камісіі каля 200 тысяч подпісаў. Датэрміновае прызначэньне выбараў, паводле спадара Бухвостава, перашкодзіла кампаніі.

(Бухвостаў: ) “Мы разьлічвалі кампанію правесьці больш масіравана і сабраць мільён подпісаў. Практычна тры месяцы падрыхтоўкі ў нас забралі. Былі перашкоды, канечне, органаў улады. У нас група 5135 чалавек, але працавала палова. Палова не магла прыступіць, і адна з прычынаў — адміністрацыя перасьледавала сябраў ініцыятыўных групаў”.

Штаб Сяргея Гайдукевіча плянуе здаць у камісіі больш за 150 тысяч подпісаў. Ініцыятыўныя групы Сяргея Скрабца і Зянона Пазьняка заявілі, што ня будуць перадаваць падпісных лістоў у камісіі. Паводле сакратара Цэнтравыбаркаму Мікалая Лазавіка, на 20 студзеня ініцыятыўная група Валерыя Фралова здала ў выбаркамы 592 подпісы. На 25 студзеня новых паступленьняў ад зборшчыкаў подпісаў за спадара Фралова не было. За Аляксандра Лукашэнку ў першай палове дня здалі 1 мільён 687 тысяч подпісаў, амаль што 92% ад агульнай колькасьці сабраных.
XS
SM
MD
LG