Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джордж Крол: “Кандаліза Райс і Джордж Буш вельмі цікавяцца сытуацыяй у Беларусі”


Радыё Свабода Амбасадар Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі Джордж Крол у інтэрвію Радыё Свабода заявіў, што ЗША разам з Эўразьвязам пільна назіраюць за беларускай выбарчай кампаніяй і ўжо цяпер выказваюць занепакоенасьць тым, як вядзецца гэтая кампанія — асабліва аднабаковай інфармацыяй у дзяржаўных СМІ. Гэта адно зь першых інтэрвію, якое спадар Крол даў цалкам на беларускай мове.

(Карэспандэнт: ) “Нядаўна намесьнік дзяржсакратара ЗША Дэніэл Фрыд заклікаў Беларусь правесьці прэзыдэнцкія выбары 19 сакавіка сумленна і справядліва. Наколькі гэтае пытаньне выбараў у Беларусі (і Беларусі як такой) актуальнае для амэрыканскай адміністрацыі?”

(Джордж Крол: ) “Гэтае пытаньне вельмі актуальнае для амэрыканскай адміністрацыі. Я нядаўна быў у Вашынгтоне, удзельнічаў у сходах амэрыканскіх амбасадараў з Эўропы і Азіі. Там была размова наконт замежнай палітыкі Злучаных Штатаў. І, як вы ведаеце, пытаньне пра дэмакратыю зьяўляецца прыярытэтам нумар адзін для амэрыканскай адміністрацыі. Калі наш дзяржсакратар Кандаліза Райс была ў Вільні пасьля сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасьці, яна выступіла на прэсавай канфэрэнцыі і сказала, што гэтыя выбары ў Беларусі і ўвогуле дэмакратызацыя Беларусі вельмі важныя ня толькі амэрыканскай адміністрацыі, а таксама і Эўразьвязу.

Як вы ведаеце, у гэтай сустрэчы прыняў удзел Хаўер Саляна, кіраўнік зьнешняй палітыкі Эўразьвязу. І ён таксама заявіў, што за дэмакратычнымі працэсамі – і асабліва выбарамі – мы ўсе будзем зь неабходнай увагай сачыць за імі, за падзеямі і сытуацыяй у Беларусі. Я асабіста ведаю, што дзяржсакратар Кандаліза Райс і мой прэзыдэнт Джордж Буш вельмі зацікаўленыя гэтымі справамі, асабліва сытуацыяй у Беларусі. Ім дзіўна, як краіна, якая знаходзіцца ў цэнтры Эўропы, не ідзе шляхам суседніх краінаў. Так, самім беларусам належыць шукаць і абіраць свой шлях. Куды: да дэмакратыі, эканамічнага росквіту і гэтак далей. Ёсьць розныя шляхі, патрэбная інфармацыя з розных пунктаў погляду, і ня толькі з боку ўлады. Вельмі карысна для народу ведаць усе погляды і выбіраць. Для гэтага вельмі патрэбныя незалежныя сродкі масавай інфармацыі”.



(Карэспандэнт: ) “На сёньня доступ беларусаў да незалежнай інфармацыі, праз ускладненьне распаўсюду недзяржаўных газэтаў, істотна зьменшыўся. Гэта адбылося якраз перад выбарамі”.

(Крол: ) “Так, і гэта вельмі турбуе ня толькі амэрыканцаў і эўрапейцаў, але і ўсіх людзей, якія хочуць не дыктаваць нешта беларускаму народу, а чакаюць, каб былі справядлівыя магчымасьці для беларусаў зрабіць свой выбар”.

(Карэспандэнт: ) “Прадстаўнік ЗША ў АБСЭ вітаў запрашэньне ў Беларусь на прэзыдэнцкія выбары назіральнікаў ад АБСЭ — а ці будуць накіраваныя ў Беларусь амэрыканскія назіральнікі?”

(Крол: ) “Гэта залежыць ад краінаў-удзельніцаў АБСЭ. Як гэта было раней, у 2004 годзе, тады былі амэрыканцы, якія бралі ўдзел у назіраньні АБСЭ на тэрыторыі Беларусі. Гэта былі амэрыканцы з розных арганізацыяў. Як цяпер АБСЭ арганізуе гэтае назіраньне, мы пабачым”.



(Карэспандэнт: ) “Спадар амбасадар, учора ў Страсбуры адбылася дыскусія наконт перадвыбарчай сытуацыі ў Беларусі ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Магчыма, вы сачылі за яе вынікамі, за рэзалюцыяй, у якой былі выказаны жорсткія падыходы да беларускіх уладаў. Як вы паставіліся да гэтай пазыцыі эўрапейскай арганізацыі?”

(Крол: ) “Пазыцыя ўлады ЗША бліжэйшая да Эўразьвязу. Мы пабачым, што будзе ў сакавіку. Але ўжо цяпер ёсьць занепакоенасьць з боку Злучаных Штатаў і Эўразьвязу тым, як прэзыдэнцкая кампанія тут, у Беларусі, вядзецца — асабліва тым, як аднабакова асьвятляюць яе дзяржаўныя СМІ. Што да вынікаў гэтых выбараў, то мы пабачым, якая рэакцыя будзе. Зразумела, што гэта актуальнае пытаньне для амэрыканскіх і эўрапейскіх уладаў. У гэтым часе пазыцыі ЗША і Эўрапейскага Зьвязу супадаюць, гэта адзіная пазыцыя наконт дэмакратычных працэсаў у Беларусі. Цяпер мы на ўсіх узроўнях кантактаў зь беларускімі ўладнымі фігурамі размаўляем наконт таго, што ім трэба выконваць усе нормы і стандарты АБСЭ для правядзеньня выбараў справядліва і сумленна”.
XS
SM
MD
LG