Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Сіліцкі: “Лукашэнка кіруецца не ідэямі, а жаданьнем узмацніць сваю ўладу”


Радыё Свабода Сёньня на пытаньні слухачоў Радыё Свабода адказваюць Павал Мажэйка — прэсавы сакратар прэтэндэнта ад дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча, кіраўнік ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка Сяргей Папкоў, а таксама палітоляг Віталь Сіліцкі.

Пытаньне з SMS-паведамленьня: “Ці будзе беларускі кандыдат у прэзыдэнты змагацца з “тлустымі катамі” на так званым трэцім Усебеларускім сходзе? Ці гэта наагул не плянуецца?”

На пытаньне адказвае Павал Мажэйка — прэсавы сакратар Аляксандра Мілінкевіча, кандыдата на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах ад дэмсілаў.

(Мажэйка: ) “Змагацца — гэта слова не зусім адпаведнае ў гэтым выпадку. Мы ведаем і разумеем, што гэты так званы Ўсебеларускі зьезд праводзіцца з мэтай прадэманстраваць падставы для чарговай “элегантнай” перамогі ўлады. Да прыкладу, вось сабралі два мільёны подпісаў, а тут яшчэ велізарнае прадстаўніцтва на Ўсебеларускім зьезьдзе. Нам здаецца, што ўлада гэтым перайграе сама сябе: таксама, як і подпісы яна зьбірала ў большасьці выпадкаў гвалтам, так і на гэты зьезд у большасьці выпадкаў удзельнікі будуць зьяжджацца прымусова. На наш погляд, улада сама сябе перайграе — гэтыя ж людзі ўсё разумеюць і пасьля будуць галасаваць супраць”.

Пытаньне з SMS-паведамленьня ад спадара Саскевіча з Варшавы: “Прашу спадара Пазьняка адказаць нам, што адбылося і што нам рабіць: ці галасаваць нам за Аляксандра Мілінкевіча, ці не? Мы заўсёды былі за Вас!”

Спадару Саскевічу адказвае Сяргей Папкоў — кіраўнік ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка:

(Папкоў: ) “Яшчэ да выбарчай кампаніі мы сказалі, што гэта ня выбары. Таму мы абвясьцілі працэдуру “народнага галасаваньня”. Трэба ісьці на выбарчы ўчастак, забіраць бюлетэнь і аддаваць яго сябрам грамадзкай камісіі, якая цяпер утвараецца, ствараюцца ейныя структуры, і ствараецца мэханізм яе працы 19 сакавіка і ў наступныя дні. Укідваць бюлетэнь у скрыню Лукашэнкі — гэта значыць працаваць на Лукашэнку. Мы не выходзім з выбарчага працэсу, мы рыхтуем “народнае галасаваньне”. І ўсім актыўным беларусам, якія хочуць пераменаў, трэба ўключацца ў гэтую працу. Вось такі падыход”.

Слухач Радыё Свабода ў SMS-паведамленьні просіць адказаць на пытаньне: “Лукашэнка камуніст ці не?”

На пытаньне адказвае палітоляг Віталь Сіліцкі:

(Сіліцкі: ) “Любая ідэалёгія накладае пэўныя абмежаваньні на ўласныя дзеяньні, на ўласную ўладу і гэтак далей. Таму, нягледзячы на тое, што ягоная палітыка антыдэмакратычная, антырынкавая і гэтак далей, я б яго так не характарызаваў. Я б тут увогуле не ўжываў нейкіх ідэалягічных вызначэньняў, якія самі як такія мала што значаць. Лукашэнка — гэта Лукашэнка, гэта чалавек, які кіруецца не ідэямі, а жаданьнем узмацніць сваю ўладу і працягнуць яе як мага далей — вось і ўсё. Вось ягоная ідэалёгія”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG