Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць іншыя прэтэндэнты пра рашэньне Пазьняка?


Радыё Свабода Прэтэндэнты на пасаду прэзыдэнта і кіраўнікі іх штабоў сёньня камэнтуюць рашэньне Зянона Пазьняка не перадаваць сабраных подпісаў у ЦВК. Некаторыя ўдзельнікі выбарчай кампаніі лічаць рашэньне Зянона Пазьняка непасьлядоўным; іншыя мяркуюць, што ініцыятыўная група спадара Пазьняка не сабрала неабходных 100 тысяч подпісаў; а трэція называюць гэта мужным учынкам.

Учора падчас онлайн-канфэрэнцыі на вэбсайце “Свабоды” прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Зянон Пазьняк заявіў, што ягоная група ня будзе здаваць сабраных подпісаў у Цэнтравыбаркам. Сваё рашэньне прэтэндэнт перадусім тлумачыў ціскам уладаў на сябраў ягонай ініцыятыўнай групы. Кіраўнік выбарчага штабу Зянона Пазьняка Сяргей Папкоў сёньня афіцыйна пацьвердзіў гэтае рашэньне:

(Папкоў: ) “Так, мы ня будзем здаваць. Мы ж ведаем, яны падрыхтавалі нашае зьняцьцё, і таму вырашылі не здаваць. Аналізавалі гэтую сытуацыю. Яны ж нам ультыматум 18 студзеня паставілі: альбо вы спыняеце інфармаваньне пра “народнае галасаваньне”, альбо мы вас здымаем”.

Сяргей Папкоў таксама дадаў, што цяпер сябры ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка будуць займацца выключна агітацыйнай кампаніяй за “народнае галасаваньне”.

А вось як пракамэнтаваў рашэньне Зянона Пазьняка кіраўнік штабу прэтэндэнта ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча Сяргей Калякін:

(Калякін: ) “Гэта не зусім пасьлядоўныя дзеяньні. Калі прымалі рашэньне аб стварэньні ініцыятыўнай групы і збору подпісаў, то трэба ісьці далей. Трэба рэгістравацца і ўдзельнічаць у агітацыйнай кампаніі. Гэта давала магчымасьць як мінімум яшчэ 60 дзён праводзіць вялікую мабілізацыйную кампанію сярод насельніцтва. І дасягаць сваіх мэтаў, якія ставіў Пазьняк, калі прымаў рашэньне вылучацца”.

А прэтэндэнт Сяргей Гайдукевіч упэўнены, што за Зянона Пазьняка проста не сабралі неабходнай колькасьці подпісаў:

(Гайдукевіч: ) “А што тут камэнтаваць? Ну, няма ў Пазьняка подпісаў, няма — няўжо незразумела? Ну, які чалавек, які сабраў, ня здасьць? Я нават камэнтаваць нічога не хачу. Няма подпісаў у Пазьняка, і быць ня можа”.

У штабе ж Зянона Пазьняка гавораць, што за яго сабралі больш за 130 тысяч подпісаў.

А адзін з кіраўнікоў ініцыятыўнай групы Аляксандра Казуліна Ўладзімер Нісьцюк называе рашэньне Зянона Пазьняка мужным крокам:

(Нісьцюк: ) “Тое, што ён зрабіў, ён зрабіў як моцны палітык. Як чалавек, які бачыць і сытуацыю, і нашу рэчаіснасьць, і пэрспэктыву. Таму да гэтага можна ставіцца як да мужнага кроку. Мы не падтрымліваем такога падыходу, але ў той жа час з павагай ставімся да рашэньня кожнага”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG