Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выстава малюнкаў салдата-беларуса ў Асьвенціме


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёлетнія мерапрыемствы, зьвязаныя з чарговай, 61-й гадавінай вызваленьня канцлягеру Аўшвіц-Біркенаў (Асьвенцім), пачаліся ў Польшчы з адкрыцьця выставы малюнкаў салдата-беларуса, аднаго з вызваліцеляў лягера.

Зіновій Таўкачоў нарадзіўся на Меншчыне ў 1903 годзе. Праз 42 гады ў складзе Львоўскай пяхотнай дывізіі 60-й арміі Першага ўкраінскага фронту ён вызваляў Асьвенцім.

Таўкачоў быў прафэсійным мастаком – перад вайной ён скончыў Кіеўскі інстытут мастацтваў. Адразу пасьля ўваходу на тэрыторыю лягера сьмерці спадар Таўкачоў пачаў маляваць усё, што бачыў – не было паперы, і мастак выкарыстаў блянкі канцылярыі лягера. Паводле мастацтвазнаўцаў, вялікае значэньне мае менавіта тое, што працы былі зробленыя пад уплывам першых уражаньняў.

Выстава, на якой прадстаўленыя каля 30 малюнкаў памерлага ўжо Зіновія Таўкачова, адкрылася ў Дзяржаўным музэі Аўшвіц-Біркенаў напярэдадні 61-й гадавіны вызваленьня лягера.

(Былы вязень: ) “Я быў у лягеры ад самага пачатку існаваньня гэтай страшнай установы і да канца. Гэтыя малюнкі праўдзівыя, так было. Той плач і гора нельга забыць, калі прыяжджалі чарговыя цягнікі зь вязьнямі”.

27 студзеня ў Польшчы разам з гадавінай вызваленьня Асьвенціма ўпершыню адзначаецца Міжнародны дзень ахвяраў Галакосту, які летась быў усталяваны ААН.
XS
SM
MD
LG