Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Тэлеграмы можна пісаць пабеларуску толькі лацінкай. У тэлефонных гутарках можна карыстацца таксама беларускай мовай”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Цытаты мінулага - 27 студзеня.

“Беларуская ніва”, 1926 год:

“Паводле распараджэньня аб мове ў паштовых, тэлеграфных і тэлефонных зносін у ўнутраным абароце на абшарах ваяводзтваў: Палескага, Віленскага, Наваградзкага і паветаў Горадзенскага і Ваўкавыскага Беластоцкага ваяводзтва, адрэсы на звычайных пісьмах можна пісаць пабеларуску кірыліцай, папольску-ж павінна быць напісана толькі пошта… Тэлеграмы можна пісаць пабеларуску толькі лацінкай. У тэлефонных гутарках можна карыстацца таксама беларускай мовай”.

“Бацькаўшчына”, 1956 год:

“Горшага гатунку “паэзыю” супраць ЗША знаходзім у кніжках Пятруся Броўкі… Паўлюка Пранузы… Анатоля Вялюгіна. Гэтага апошняга верш маем у “Зьвязьдзе” з дня 6 красавіка 1952 году пад назовам: “Слова гневу”. Тут чытаем: “Белы Дом — гэта ён, зачумелы мікроб, Сее сьмерць на зямлі і пажары”. Сяньняшні кірунак у літаратуры ў Савецкім Саюзе называецца сацыялістычным рэалізмам. Гэты рэалізм зводзіцца да выкананьня загадаў партыі ўсюды, навет у літаратурных творах”.

“Рэспубліка”, 1996 год:

“Сьвята са сьлязьмі на вачах” — гэтак ахарактарызаваў Дзень навукі акадэмік Станіслаў Астапчык, маючы на ўвазе бядотны стан, як ён выказаўся, “інтэлектуальных калгасьнікаў”… Галоўным падчас сьвяткаваньня Дня навукі зрабілася ўручэньне прэміяў Міністэрства прамысловасьці Рэспублікі Беларусь, якія прысуджаны за распрацоўку і прымяненьне навукаёмістых тэхналёгіяў. Некаторыя навукоўцы былі ўзнагароджаны Міністэрствам адукацыі і навукі РБ Ганаровымі граматамі і грашовымі прызамі на некалькі мінімальных заробкаў… з фонду заработнай платы арганізацыяў, дзе яны працуюць”.
XS
SM
MD
LG