Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першыя назіральнікі АБСЭ могуць прыехаць ужо на наступным тыдні


Радыё Свабода Пра гэта сёньня паведаміў кіраўнік ацэначнай місіі Бюро правоў чалавека АБСЭ Джэралд Мітчэл на сустрэчы з кіраўніцтвам Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі.

27 студзеня завяршыўся трохдзённы візыт у Менск ацэначнай місіі Бюро правоў чалавека АБСЭ. Свае ўражаньні ад сустрэчаў у штабах усіх патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта і ў штабе назіральнікаў ад СНД міжнародныя экспэрты выклалі падчас размовы з кіраўніцтвам Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі.

Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік гаворыць, што найперш абмяркоўвалі магчымы прыезд на выбары міжнародных назіральнікаў:

(Лазавік: ) “Спадара Мітчэла цікавіла, як будзе праводзіцца праверка подпісаў выбарцаў, рэгістрацыя кандыдатаў, агітацыйная кампанія. Ён сказаў, што ўжо на наступным тыдні чакаецца прыезд доўгатэрміновых назіральнікаў ад АБСЭ, і ужо бліжэй да даты выбараў прыедзе асноўная маса міжнародных назіральнікаў”.

За прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі будуць, паводле сакратара Цэнтральнай выбарчай камісіі, назіраць каля трыццаці доўгатэрміновых і пад трыста кароткатэрміновых назіральнікаў ад АБСЭ. Дарэчы, столькі ж прадстаўнікоў ад гэтай арганізацыі былі ў Беларусі падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў у 2004 годзе.

У штабах патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта стаўленьне да прыезду міжнародных назіральнікаў рознае. Прыкладам, Аляксандар Бухвостаў, кіраўнік ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча, лічыць, што Бюро правоў чалавека мусіць наладзіць шырокамаштабнае назіраньне, паколькі гэта ўсясьветна прызнаная структура, якая здольная даць аб’ектыўную ацэнку выбарчаму працэсу.

А вось Мечыслаў Грыб, кіраўнік ініцыятыўнай групы Аляксандра Казуліна, дагэтуль ня ўпэўнены, што ва ўмовах дыскрымінацыі шэрагу патэнцыйных кандыдатаў з боку розных дзяржаўных структураў міжнародным назіральнікам трэба ехаць у Беларусь:

(Грыб: ) “Яны прыяжджаюць, яны запрашаюць, яны выслухоўваюць. Нічога ня кажуць, ніякіх прапановаў ня робяць. Адно што яны пацікавіліся ў мяне, ці трэба ехаць назіральнікам ад Бюро правоў чалавека ў Беларусь і назіраць. Я ім шчыра адказаў: “Я ня ведаю, трэба вам ехаць ці ня трэба”. Вось так і сказаў”.
XS
SM
MD
LG