Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якімі мовамі валодаюць прэтэндэнты на прэзыдэнта


Міхал Стэльмак, Менск У сваіх тэлефанаваньнях на “Свабоду” слухачы цікавяцца, якія замежныя мовы ведаюць цяперашнія супернікі Аляксандра Лукашэнкі.

Слухач зь Менску спадар Андрэй патлумачыў сваю цікавасьць да таго, як валодаюць мовамі удзельнікі прэзыдэнцкай гонкі, наступным: дзейны лідэр краіны ня можа гаварыць з замежнікамі без перакладчыкаў, вельмі рэдка карыстаецца і родным беларускім словам...

На гэтым тле Аляксандар Мілінкевіч выглядае паліглётам, лічыць палітык Аляксандар Дабравольскі.

(Дабравольскі: ) “Акрамя беларускай і расейскай моваў, якімі ён добра валодае, свабодна гаворыць па-француску, па-польску і даволі добра па- ангельску. Калі ён сустракаўся зь міністрам замежных спраў Францыі і выступаў перад францускім парлямэнтам, то казаў па-француску, і ад гэтага было вялікае ўражаньне”.

Сябры каманды Зянона Пазьняка таксама лічаць свайго лідэра чалавекам з высокім узроўнем моўнай падрыхтоўкі. Меркаваньне намесьніка старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юрася Беленькага.

(Беленькі: ) “Зянон Станіслававіч дасканала валодае беларускай, расейскай, польскай мовамі. Можа не ў такой ступені, але валодае яшчэ ён нямецкай, і ў пэўнай ступені ангельскай мовамі”.

Паводле спадара Беленькага, Зянон Пазьняк яшчэ добра ведае старабеларускую.

Аляксандр Казулін, дасканала ведае расейскую мову. Што тычыцца беларускай, то вось тлумачэньне аднаго зь яго паплечнікаў, палітыка Ўладзімера Нісьцюка.

(Нісьцюк: ) “Пакуль што не зусім добра валодае, таму што яму не давялося яе вывучаць увогуле. Але зараз яе ён актыўна вывучае, тым больш што ў яго добрыя настаўнікі на чале са спадаром Алегам Трусавым, які зьяўляецца яго намесьнікам у партыі. Аляксандр Казулін вучыўся ў спэцыялізаванай ангельскай школе, таму, наколькі я ведаю, ён нядрэнна ведае ангельскую мову”.

Прэтэндэнт Сяргей Гайдукевіч таксама, як вынікае зь яго тлумачэньня, валодае ў пэўнай ступені ангельскай мовай і нармалёва, як ён лічыць, расейскай і беларускай.

Што тычыцца Валерыя Фралова і Сяргея Скрабца, які да нядаўняга часу ўдзельнічаў у выбарчай барацьбе, то, паводле водгукаў сяброў, іх лінгвістычных ведаў дастаткова, каб у выпадку абраньня на пасаду прэзыдэнта годна выконваць дзяржаўныя абавязкі.

Як сьведчыць статыстыка, прэзыдэнты многіх краінаў, апроч роднай мовы, ведаюць замежныя. З кіраўнікоў былых савецкіх рэспублік, напрыклад, бліскуча валодае ангельскай грузінскі лідэр Міхаіл Саакашкілі. Расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін выдатна ведае нямецкую мову, а таксама здольны няблага кантактаваць з англамоўнымі суразмоўцамі. Зрэшты, як і украінскі лідэр Віктар Юшчанка. Паліглётам можна лічыць прэзыдэнта Латвіі Вайру Віке-Фрэйбергу, якая, акрамя латыскай, дасканала валодае ангельскай, нямецкай, францускай і гішпанскай. Гішпанскай, як замежнай мовай, валодае і прэзыдэнт Злучаных Штатаў Амэрыкі Джордж Буш.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG