Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будуць у Беларусі ўрачыстасьці з нагоды юбілею Моцарта


Радыё Свабода Сёньня сьвет адзначае 250-годзьдзе зь дня нараджэньня Вольфганга Амадэя Моцарта. 2006 год абвешчаны ЮНЭСКО годам Моцарта, практычна кожная эўрапейская краіна адзначае юбілей аўстрыйскага кампазытара. Ці будуць у Беларусі нейкія ўрачыстасьці ды імпрэзы з гэтай нагоды?

Беларускі тэатар опэры мае ў сваім рэпэртуары тры моцартаўскія опэры: “Вясельле Фігара”, “Чарадзейная флейта” й “Дон Джавані”. Апошнюю, аднак, ужо сэзоны тры зусім ня граюць. Як растлумачыла мастацкі кіраўнік тэатру Маргарыта Ізворска, у трупе цяпер няма добрага баса-прафунда для партыі Камандора, а таксама годных донны Анны і донны Эльвіры – драматычных каляратур. Новыя моцартаўскія пастаноўкі сёлета таксама не плянуюцца, кажа спадарыня Ізворска.

(Ізворска: ) “Ёсьць ідэі ў канцэртным выкананьні адну з опэраў Моцарта – альбо “Cosi fan tutte”, альбо “Выкраданьне з сэралю” – зрабіць. Але мы цяпер шмат у чым залежым ад прапановаў, якія мы атрымліваем для вандровак. Бо самі разумееце: тэатар на рамонце й мы павінны выжываць эканамічна.”

Цяпер у тэатры вучаць “Самсона й Далілу” Сэн-Санса – трупу павязуць у Эўропу на фэстываль, таму Моцартам пакуль не займаюцца. Да таго ж, у беларускай публікі болей запатрабаваныя італьянскія опэры, цьвердзіць Маргарыта Ізворска. Зрэшты, 14 лютага ў Доме афіцэраў граюць “Чарадзейную флейту” – сталы рэпэртуарны спэктакаль.

Беларускае дзяржаўнае радыё запускае гэтымі днямі новы праект “Моцарт назаўсёды”. У межах гэтага праекту 29 студзеня ў эфіры радыё прагучыць канцэрт №14 для фартэпіяна з аркестрам у выкананьні Ігара Алоўнікава.

Са словаў мастацкага кіраўніка Беларускай дзяржаўнай філярмоніі Юрыя Гільдзюка, ніякія адмысловыя канцэрты ў Менску бліжэйшым часам не плянуюцца.

(Гільдзюк: ) “Моцарта мы выконваем цягам усяго году, бо Моцарт – гэта як сьвятло, як пачуцьцё дабрыні, у музыцы і нават ў мастацтве й культуры наагул. Моцарту мы прысьвячаем і фэстываль “Менская вясна”, разам зь вялікай экалагічнай праблемай – дваццацігодзьдзем Чарнобылю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG