Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Жырыноўскі выкрыкнуў Мілінкевічу: "Размаўляй па-расейску, а не па-французку"


Уладзімер Глод, Менск Тыя, хто сёньня назіралі за абмеркаваньнем беларускага пытаньня на пленарным паседжаньні Парляменцкай асамблеі Рады Эўропы (а наўпроставая трансляцыя вялася праз Інтэрнэт) зьвярнулі ўвагу на тое, што сьпікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў прамаўляў па-расейску, а патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Мілінкевіч – па француску.

Намесьнік старшыні расейскай Дзярждумы Ўладзімер Жырыноўскі падчас выступу спадара Мілінкевіча гучна выгукнуў: размаўляй па-расейску, а не па-француску.

Падчас дэбатаў вакол сытуацыі ў Беларусі расейскі дэпутат зноў закрануў гэтую тэму:

(Жырыноўскі: ) "Тут таварыш Мілінкевіч можа сядзець, нават не паважаючы ўласную краіну і Расею. Ён прамаўляў тут на францускай мове. Цяжка яму было. Ён жа чытаў чужы тэкст, які яму напісалі і пераклалі. Бачыце!"

Аляксандар Мілінкевіч гаворыць, што ён палічыў непатрэбным для сябе ўступаць у дыскусію з Уладзімерам Жырыноўскім. А сваё рашэньне выступаць менавіта на францускай мове ён тлумачыць так:

(Мілінкевіч: ) "Таму што так робяць і чэхі, і літоўцы, і іншыя. І я ня думаю, што, ведаючы мову, павінен ад гэтага адмаўляцца. Усе разумеюць, што і беларуская, і расейская мовы для мяне лёгкія".

Своеасаблівым арбітрам у гэтай спрэчцы нечакана выступіў намесьнік кіраўніка дэлегацыі Літвы ў ПАРЭ Эмануэль Зінгэрас. Паколькі ў галоўнай залі Парлямэнцкай асамблеі дэпутаты сядзяць не па краінах, а ў альфабэтным парадку, дык ягонае месца знаходзіцца як раз паміж Уладзімерам Жырыноўскім і Генадзем Зюганавым:

(Зінгерас: ) "Мілінкевіч прамаўляў свабодна па-французку. Ён гаварыў не павышаючы голасу. Грубы салдацкі выгук спадара Жырыноўскага: "Размаўляй па-расейску, а не па-французку" – гэта, канечна, канчаткова прадэманстравала ягоны мэнталітэт. Гэта, я б сказаў, хуліганскі, непаважлівы жэст да грамадзяніна іншай краіны. Не забывайцеся, што Францыя – адна з заснавльніцаў нашай міжнароднай арганізацыі. Ды і ў рэшце-рэшт мы знаходзімся ў Францыі".
XS
SM
MD
LG