Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацоўнікі ЖЭСаў будуць высьвятляць, ці пойдуць людзі на выбары


Радыё Свабода, Віцебск Супрацоўніца домакіраўніцтва №12 патлумачыла, што сабраць пэрсанальныя зьвесткі пра тое, хто мясцовых жыхароў зьбіраецца, а хто не зьбіраецца ісьці на выбары, загадала кіраўніцтва жыльлёва-камунальнай службы Кастрычніцкага райвыканкаму.

Мясцовая жыхарка, якая ня стала называць свайго імя, паведаміла, што сёньня яна мела незвычайную тэлефонную размову.

(Спадарыня: ) “Я жыву на вуліцы Смаленскай. Сёньня мне патэлефанавала жынчына з домакіраўніцтва і спытала, ці буду я браць удзел у выбарах. Я пацікавілася, чаму гэта яна займаецца выбарамі, бо ЖЭУ мусяць займацца добраўпарадкаваньнем дамоў. На што жанчына адказала, што ёй далі такое ўказаньне. Цікава, на якіх падставах?”

Як удалося высьветліць, тэлефанаванавала жыхарам вуліцы Смаленскай супрацоўніца жыльлёва-эксплуатацыйнага ўчастка №12 спадарыня Масквіна.

(Масквіна: ) “Масквіна Тацяна Ўладзіміраўна, кантралёр ўліку цяпла. ЖРЭТ Кастрычніцкага раёну, што па вуліцы Смаленскай, 9, даў нам сьпісы, каб спраўдзіць, хто ідзе на выбары. Калі ідзеце – “плюсік”, або адзначаю, што вы ня пойдзеце. Калі ня ведаеце, то так і напішу: “ня ведае”. Нам загадалі да 1-га лютага высьветліць, хто ідзе на выбары, хто не”.

Дзяжурны сябар Кастрычніцкай раённай выбарчай камісіі Ўладзімер Даніч сказаў, што нічога ня ведае пра тэлефанаваньні з ЖЭУ.

(Даніч: ) “ЖЭУ? Усё можа быць, але мы такіх указаньняў не давалі. Наша справа арганізаваць выбары, а ўжо як – ня наша. Вы можаце адказваць ім, а можаце не адказваць”.

Намесьнік кіраўніка раённай жыльлёва-эксплюатацыйнай службы Міхаіл Жыгуноў таксам не пацьвердзіў таго, пра што распавяла ягоная падначаленая з домакіраўніцтва №12.

(Жыгуноў: ) “Што гэта за пытаньне цікавае: ці пойдзеце вы галасаваць? Ну, камэдыя дык камэдыя! Гэта ж трэба! Гэта ж ужо самадурства, ніхто нікога так ужо не настройвае. Гэта ж увогуле ідыёцтва—такія пытаньні задаваць!”

Міхаіл Жыгуноў мяркуе, што супрацоўнікі ЖЭУ, якім загадалі толькі ўдакладніць сьпісы насельнікаў раёну, маглі праявіць уласную ініцыятыву і пачалі пытацца пра тое, пра што іх не прасілі. Ці гэткую ініцыятыву праявіў іхны кіраўнік, а падначаленыя або не заўважылі парушэньня, або забаяліся пярэчыць начальніку, бо ўсе працуюць на кантрактнай аснове.
XS
SM
MD
LG