Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валера Леванеўскага зьмясьцілі ў карцэр


Радыё Свабода Валер Леванеўскі патрапіў у карцэр, аднак за што пакралі лідэра гарадзенскіх прадпрымальнікаў, якога трымаюць ў Івацэвіцкай калёніі, ў адміністрацыі гэтай установы не паведамляюць.

З панядзелка 23 студзеня Валер Леванеўскі знаходзіцца ў карцэры. Пра гэта сыну вязьня Ўладзіміру сказаў сёньня дзяжурны Івацэвіцкай калёніі. За што пакаралі Валера Леванеўскага, ягонаму сыну не сказалі. Пазьней, некалькі гадзінаў таму, Уладзімір атрымаў аб бацькі ліст, у якім зьвесткі пра карцэр пацьвердзіліся. Аднак аб прычынах пакараньня Валер Леванеўскі таксама не паведамляе. Ляканічнасьць бацькі сын тлумачыць наступным чынам.

(Уладзімір Леванеўкі: ) “Ліст датаваны 23 студзеня, ён піша, што ўжо знаходзіцца ў карцэры. Чаму, ня піша пра гэта? Магчыма, было мала часу і, відаць, з-за асьцярогаў, што цэнзар затрымае ліст”.

“Звычайна ў нас караюць за парушэньне рэжыму ці дысцыпліны”, - адказаў мне дзяжурны Івацэвіцкай калёніі на пытаньне пра прычыны пакараньня Леванесўкага . Падрабязнасьці дзяжурны паведаміць адмовіўся.

Гэта ня першае пакараньне Леванеўскага ў калёніі. Два месяцы таму яго пазбавілі спатканьня са сваякамі за дрэнна запраўлены ложак, год таму пасадзілі на некалькі дзён у карцэр за парушэньне ўнутранага рэжыму. Гэтае пакараньне вязень спрабаваў аспрэчыць праз суд. Але спачатку Івацэвіцкі раённы суд, а потым Берасьцейскі абласны разглядаць скаргу вязьня адмовіўся. Пракурорскія праверкі парушэньняў у дзеяньнях адміністрацыі калёніі не знайшлі.

Вядома, што з 7 студзеня Валер Леванеўскі трымаў галадоўку, пратэстуючы супраць парушэньня ягоных правоў. Ці працягвае ён галадоўку зараз? Паводле Уладзіміра Леванеўскага, яму ў калёніі са спасылкай на дактароў заявілі, што з 23 студзеня бацька галадоўку спыніў, адчувае сябе нібыта нармальна. Аднак Леванеўскі-малодшы не да канца верыць гэтым зьвесткам. Ён кажа, што пачакае наступнага ліста ад бацькі, каб канчаткова адказаць на гэтае пытаньне.

Нагадаем, лідэра гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валера Леванеўскага пакаралі на 2 гады зьняволеньня за паклёп на прэзыдэнта. Шмат хто ў Беларусі і сьвеце лічыць, што гэта палітычны перасьлед. У калёніі Леванеўскі некалькі разоў трымаў галадоўкі, самая працяглая з якіх цягнулася амаль тры тыдні.
XS
SM
MD
LG